Дырэктар сярэдняй школы № 1 Дзятлава Марына Міхайлаўна Нечай стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют — 2023” у намінацыі “Малады дырэктар установы, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Мне пашчасціла вучыцца ў цудоўных настаўнікаў, якія былі сапраўдным эталонам педагога па дзелавых, маральных якасцях і нават па знешнім выглядзе, — расказвае Марына Міхайлаўна. — Таму не было варыянтаў, куды ісці вучыцца, — адразу выбрала Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і паступіла на філалагічны факультэт. У 2015 годзе скончыла яго, а затым год вучылася ў магістратуры і прыйшла працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Раклевіцкую базавую школу Дзятлаўскага раёна. Праз 2 з паловай гады стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў гэтай жа школе. Працаваць мне падабалася, у гэтым дапамагалі мае дзелавыя якасці і лідарскія здольнасці, грамадзянска-патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне. Я з’яўлялася актыўным членам БРСМ і прымала ўдзел ва ўсіх сацыяльна значных акцыях, праектах. У 2021 годзе стала дырэктарам Хвінявіцкай сярэдняй школы, дзе рабіла свае першыя нясмелыя крокі ў якасці кіраўніка. Адпрацаваўшы год у вясковай школе, 1 верасня 2022 года ўзначаліла сярэднюю школу № 1 Дзятлава. Тут ужо я была падкаваная, мае крокі і дзеянні сталі больш упэўненымі, тым больш што я разумела: гэтая школа намнога большая і могуць быць цяжкасці, але я іх не баялася. Падставілі сваё плячо вопытныя намеснікі дырэктара. Да таго ж я наведваю раённую школу маладога кіраўніка, работу якой курыруе дырэктар Вензавецкай сярэдняй школы Г.І.Пранюк, з’яўляюся ўдзельнікам абласнога клуба маладых педагогаў “Перспектыва” на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Узаемадзеянне з калегамі дапамагае набірацца вопыту, каб потым забяспечваць поспех сваёй установы адукацыі. І, безумоўна, падтрымлівае мая каманда, таму што ў адзіночку немагчыма дасягнуць поспеху. Мяне як кіраўніка радуе, калі калектыў упэўнена ідзе за табой і ты не прымушаеш, а заахвочваеш людзей, натхняеш, падтрымліваеш іх ініцыятывы і даеш магчымасць рэалізаваць іх.
— Наколькі школы маладога кіраўніка дапамагаюць у рабоце?
— Істотна дапамагаюць. Калі няма ў каго спытаць штосьці, не адчуваеш падтрымкі, то можна праз нейкі час расчаравацца ў прафесіі. А калі ёсць падтрымка іншых кіраўнікоў, якія перадаюць свой вопыт, задумы маладым, то гэта дарагога варта. Тады нават крылы за плячыма вырастаюць. Мне пашчасціла трапіць у рэзерв кадраў, і спецыялісты аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, вопытныя кіраўнікі праводзілі са мной пэўную работу: майстар-класы, напісанне загадаў, планаванне дзейнасці ўстановы адукацыі і інш. Пытанняў было шмат, але я ведала, да каго звярнуцца па адказы. Важна, каб такія школы былі і аказвалі метадычную дапамогу ў кіраўніцкай дзейнасці. А калі гаварыць пра абласны клуб “Перспектыва”, то там метадысты Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, лепшыя кіраўнікі Гродзеншчыны дзеляцца сваім вопытам, расказваюць пра папаўненне матэрыяльна-тэхнічнай базы, развіццё новых кірункаў ва ўстанове адукацыі, рэалізацыю інавацыйных праектаў. Ва ўдзельнікаў клуба ёсць магчымасць пераняць гэты вопыт і выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці, на падставе гэтага вопыту адкрыць ці ўкараніць нешта новае ў сваёй установе адукацыі.
— Раскажыце пра вашу школу. Якія падзеі бягучага навучальнага года здаюцца вам найбольш яркімі?
— У сярэдняй школе № 1 Дзятлава вучыцца 398 дзетак. У нас рэалізуюцца анлайн-праекты “Землякі”, “Час вымяраецца памяццю”, “Не хлебам адзіным жывы чалавек”. На базе школы працуе раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні вучняў. Яго кіраўнік — настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Міхайлаўна Старыкава — узнагароджана памятным медалём Беларускай Праваслаўнай Царквы да 1030-годдзя праваслаўя на беларускіх землях. Таксама рэалізуюцца 2 інавацыйныя праекты па духоўна-маральным выхаванні, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай падтрымцы вучняў. Ёсць поспехі ў алімпіядным руху.
З 1 студзеня 2023 года ва ўзаемадзеянні з Дзятлаўскім лясгасам працуе навуковае аб’яднанне “Экамысленне”. На базе Вензавецкага лясніцтва праводзім разнастайныя мерапрыемствы. Адкрылі школьнае лясніцтва ў рамках акцыі “Тыдзень лесу”. На абласным фестывалі “Саракі” нашы вучні атрымалі дыплом II ступені. Шмат зроблена па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Пацвярджэнне гэтага — дыплом II ступені на абласным этапе фестывалю-конкурсу “Агеньчык збірае сяброў!”. Школа адзначана граматай Дзятлаўскага райвыканкама як адна з лепшых устаноў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні па выніках 2022 года, працуе ваенна-патрыятычны клуб “Патрыёт”. У цеснай узаемасувязі з раённым аддзелам МНС вядзецца навучанне ў класе МНС. Актыўна працуе школьная бізнес-кампанія “АртБіз”.
— З чаго, на вашу думку, складаецца аўтарытэт настаўніка?
— З яго маральна-дзелавых якасцей, з таго, як ён умее працаваць з класам, даносіць інфармацыю і, канечне, як часта павышае свой прафесійны ўзровень, займаецца самаадукацыяй. Каб настаўнік меў аўтарытэт у дзяцей, яму трэба быць метадычна падкаваным, ведаць свой прадмет, умець захапіць ім вучняў, любіць і паважаць дзяцей.
— А кіраўнік павінен удасканальваць сваё прафесійнае майстэрства? Ці ўдаецца гэта вам?
— Пераканана, што кіраўнік павінен развівацца, удасканальваць свае веды, авалодваць сучаснымі тэхналогіямі і ісці ў нагу з часам, для таго каб потым ён мог патрабаваць гэтага ад калектыву. Я маю актыўную грамадзянскую пазіцыю і дапамагаю маладым спецыялістам адчуць “смак” працы. Нездарма паўдзельнічала ў фестывалі “Педагагічны дэбют”: гэта каштоўны вопыт. Дарэчы, ГрАІРА зацікаўлены і дапамагае ў станаўленні маладых дырэктараў, у тым, каб мы развіваліся і былі запатрабаванымі ў сваіх установах адукацыі і таго ж патрабавалі ад сваіх работнікаў.
— Чым для вас стаў удзел у фестывалі?
— Гэта дало мне магчымасць паспрабаваць свае сілы, выступіўшы перад новай аўдыторыяй, па-новаму ацаніць сваю работу. Я давала майстар-клас для рэзерву кадраў вобласці. Было даволі складана данесці інфармацыю так, каб калег яна зацікавіла, усхвалявала і ім захацелася стаць кіраўнікамі. Адчула, наколькі няпроста працаваць з рознымі людзьмі, і атрымала для сябе пэўны вопыт, які цяпер магу прымяняць у сваёй дзейнасці.
— Якія пытанні асабліва хвалююць вас як кіраўніка?
— Мяне хвалюе кадравы патэнцыял установы адукацыі, вельмі важна замацаваць маладых спецыялістаў. У цяперашні час адкрытай застаецца толькі вакансія педагога-псіхолага. Надзённае пытанне — папаўненне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, каб школа была не толькі прыгожай, але і аснашчанай сучаснай тэхнікай, каб было створана бяспечнае асяроддзе для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Неабходна развіваць алімпіядны рух, праектную дзейнасць, рэалізоўваць інавацыйныя праекты. Неабходна, каб педагогі прымалі ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства і творчых фестывалях.
— У чым сакрэт вашага поспеху і прафесійных перамог?
— Я з дзяцінства была актыўнай. Заканчвала звычайную Лявонавіцкую сярэднюю школу Дзятлаўскага раёна, нас было ўсяго 86 чалавек, і мы ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах. Затым ва ўніверсітэце я была старастай групы, намеснікам старшыні студэнцкага савета. Вярнуўшыся на радзіму ўжо ў якасці настаўніка, працягвала займацца грамадскай дзейнасцю, мне гэта падабаецца. Дасягаць поспеху таксама дапамагаюць дзелавыя якасці, жаданне самаўдасканальвацца і не стаяць на месцы, работа ў камандзе аднадумцаў.
— Менавіта настаўнік у адказе за тое, якімі вырастуць дзеці?
— Так, сапраўднага патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт. Я лічу, што мае педагогі былі сапраўднымі патрыётамі і прывілі такія якасці мне. Я не з настаўніцкай сям’і, але выбрала лёс педагога, аб чым не шкадую.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота з архіва М.М.Нечай