Настасся Кісялевіч расказала, як Мінадукацыі падтрымлівае маладых вучоных

- 14:24Интервью, Образование

Сёння навуку рухаюць маладыя. Яны не баяцца выходзіць за рамкі звыклых уяўленняў, рызыкаваць, праяўляць ініцыятыву і спрабаваць рэалізаваць нават самыя неверагодныя ідэі, бо іх шчырае жаданне — даследаваць, ствараць і адкрываць новае.

Каб яно не знікла, навукоўцаў-пачаткоўцаў пастаянна падтрымліваюць на розных узроў­нях. Як гэта робіць Міністэрства аду­кацыі, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася ў старшыні савета маладых вучоных ведамства Настассі Кісялевіч.

— Настасся, перш чым пагаво­рым пра дзейнасць маладых вучоных, прапаную прыгадаць вашы першыя крокі як даследчыка.

— Займацца навукай я пачала яшчэ ў школьныя гады, калі вучылася ў гімназіі № 6 Маладзечна імя С.Т.Дзямешкі. Першую навуковую работу напісала ў 7 класе пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі. Потым вектар навуковых інтарэсаў змясціўся: паколькі я ўдзельнічала ў алімпіядзе па англійскай мове, то і навуковую работу вырашыла пісаць таксама па гэтым напрамку. Маім навуковым кіраўніком стала дырэктар нашай гімназіі Ірына Расціславаўна Байтаз. Над работай, прысвечанай раману Ш.Бронтэ “Джэйн Эйр”, мы працавалі каля двух гадоў. І ў выніку ў 2011-м я стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару па англійскай мове. З упэўненасцю магу сказаць: цікавасць да навукі ўзнікла менавіта ў школьныя гады, а ва ўніверсітэце — умацавалася.

— Якімі дасягненнямі вы асабліва ганарыцеся?

— Калі адказваць на гэтае пытанне з пункту гледжання вучонага, то, канечне, гэта магчымасць узначаліць савет маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі. Бо гэта новыя магчымасці, хоць адначасова і вялікая адказнасць.

Адно з дасягненняў студэнцкіх гадоў — дыплом з адзнакай, а таксама заканчэнне аспірантуры і паспяховая абарона кандыдацкай дысертацыі па тэме “Рэгіянальныя мадэлі камерцыя­лізацыі інавацый у сусветнай эканоміцы”. У цэлым жа за час навучання ва ўніверсітэце на ўсіх ступенях мной было напісана больш за 60 навуковых работ: артыкулы, тэзісы і матэрыялы канферэнцый, а таксама адна манаграфія.

Наша дзяржава арганізоўвае і праводзіць вялікую колькасць праектаў і конкурсаў па падтрымцы маладых вучоных. Напрыклад, я прымала ўдзел у конкурсе па прызначэнні стыпендыі Прэзідэнта таленавітым аспірантам і атрымала яе ў 2020 годзе, Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў, конкурсе грантаў БДУ і многіх іншых. У рамках Саюзнай дзяржавы ўдзельнічала ў конкурсе маладых міжнароднікаў СНД імя А.А.Грамыкі.

А яшчэ за час навучання я вывела спецыяльную формулу, якая дазваляе зрабіць прагноз эканамічнага росту краіны дзякуючы інавацыям. У адрозненне ад аналагаў, я прапаную комплексны падыход для ацэнкі камерцыялізацыі інавацый розных краін у дынаміцы за некалькі гадоў як па сукупным індэксе, так і асобна па чатырох субіндэксах: патэнцыяле стварэння інавацыі, якасці эканамічнага асяроддзя ў краіне, патэнцыя­ле камерцыялізацыі інавацыі і яе выніковасці. Я канкрэтызавала кожны з іх, прапанаваўшы раскрыць іх значэнне праз 26 паказчыкаў, што дазволіла зрабіць зрэз больш поўным.

Гэтая сістэма ацэнкі ўжо апрабавана вучонымі. Яна дазволіла класіфікаваць і параўнаць краіны па ўзроўні камерцыялізацыі інавацый за 2018 і 2020 гады на падставе Сусветнага атласа даных, Глабальнага інавацыйнага індэкса, Рэйтынга лёгкасці вядзення бізнесу, Індэкса глабальнай канкурэнта­здольнасці і іншых крыніц. Я змагла вылучыць высокаразвітыя, прагрэсіруючыя, умерана і найменш развітыя краіны.

— Як Мінадукацыі падтрымлівае маладых вучоных?

— Дзейнасць савета маладых вучоных вельмі шматгранная і накіравана на выпрацоўку прапаноў і рэкамендацый ведамству па падтрымцы маладых вучоных. Савет ініцыіруе правядзенне канферэнцый, вучэбных інтэнсіваў, форумаў, стварае і развівае навуковыя школы. Пры гэтым узаемадзейнічае як са студэнтамі, так і са школьнікамі, з навучэнцамі ўстаноў ПТА і ССА.

Настасся Кісялевіч — выкладчыца кафедры міжнародных эканамічных адносін ФМА БДУ — у свае 28 гадоў з’яўляецца магістрам кіравання ў сацыяльных і эканамічных сістэмах, мае больш за 60 навуковых публікацый і дысертацыю.

Не так даўно савет прапанаваў правесці конкурс “Лепшы малады вучоны года”. Мы перакананы: ён стане добрым інструментам па падтрымцы навукова-педагагічнай дзейнасці навукоўцаў-пачаткоўцаў. Намі пастаянна вядзецца работа па інфармацыйным суправаджэнні і садзейнічанні ўдзелу маладых вучоных у семінарах, стажыроўках, навуковых, навукова-тэхнічных і інавацыйных праектах, у тым ліку ў міжнародных. Вучоныя савета неаднаразова прадстаўлялі нашу краіну на міжнародных канферэнцыях і форумах.

— Прадстаўнікі вашага савета — лепшыя маладыя вучоныя краіны, і кожны мае свае ўнікальныя праекты.

— Так, і сёлета ў гэтым пераканаліся наведвальнікі выставы навукова-тэхнічных дасягненняў “Беларусь інтэлектуальная”. На ёй было прадстаўлена больш за 400 экспанатаў, сярод якіх вялікая колькасць распрацовак менавіта нашых маладых вучоных. Шмат цікавых і перспектыўных праектаў і ідэй было прадстаўлена і ў рамках рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Нашымі навукоўцамі створаны мікрамодуль аператыўнага распазнавання, адбору і сціскання відэаінфармацыі на борце малых касмічных апаратаў, распрацаваны праект па камп’ютарным мадэляванні лекавых прэпаратаў, сістэма арыентацыі відэаспектральнай апаратуры і інш.

— На ваш погляд, найбольш актуальнымі навуковымі напрамкамі з’яўляюцца…

— Тыя, над якімі і працуюць нашы вучоныя. Сярод іх — даследаванні ў касмічнай галіне, сферы мікраэлектронікі, біятэхналогій, інфармацыйных тэхналогій. Калі глядзець шырэй, то ўсе напрамкі навуковых даследаванняў вельмі важныя: і сацыягуманітарныя, і прыродазнаўчыя. Зараз вялікая ўвага ўдзяляецца правядзенню міждысцыплінарных даследаванняў, што прадугледжваюць вырашэнне праблем, якія ўзнікаюць на стыку навук: экалогіі, інфармацыйных тэхналогій, біятэхналогій і г.д.

— А ці могуць універсітэцкія навуковыя распрацоўкі канкурыраваць, напрыклад, з праектамі НАН па актуальнасці, маштабнасці, выніко­васці?

— Не зусім дакладна гаварыць пра канкурэнцыю. Перад усімі вучонымі стаіць адна задача — атрыманне новых ведаў. Універсітэцкія распрацоўкі, як і праекты Нацыянальнай акадэміі навук, актыўна ўкараняюцца ў рэальны сектар эканомікі, і пастаўленыя задачы вырашаюцца на высокім узроўні. Студэнты ў час праходжання практыкі, напісання курсавых і дыпломных работ маюць рэальную магчымасць укараніць свае распрацоўкі ў вытворчы працэс прадпрыемстваў, апраба­ваць вынікі сваіх даследаванняў. Да таго ж акадэмічныя вучоныя некалі таксама былі студэнтамі. Многія ўніверсітэты актыўна супрацоўнічаюць з інстытутамі НАН праз філіялы кафедр, і гэта становіцца дадатковым стымулам для правядзення сумесных даследаванняў, узаемнага ўзбагачэння і абмену ведамі.

— Савет маладых вучоных пры Мін­адукацыі часта выступае ініцыятарам розных мерапрыемстваў і конкурсаў. На якія з іх вы раілі б звярнуць асаб­лівую ўвагу?

— Сёлета мы запланавалі мноства мерапрыемстваў разнастайнага фармату і накіраванасці для рознай мэтавай аўдыторыі. На пастаяннай аснове ажыццяўляецца супрацоўніцтва з Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам, прадстаўнікі савета праводзяць адкрытыя лекторыі для джуніёраў, сустракаюцца са школьнікамі ў рамках праекта “ШАГ”.

Сярод найбольш значных мерапрыемстваў бягучага года — II форум маладых вучоных УВА, які адбудзецца 17—19 мая ў Беларуска-Расійскім універсітэце ў Магілёве. Плануецца, што ўдзельнікамі форуму ста­нуць больш за 140 маладых вучоных з ліку студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і прафесарска-выкладчыцкага складу УВА краіны. На восень мы запланавалі правядзенне школы маладога вучонага ў БДУ і НАН. Яна будзе ўключаць інтэнсіўны цыкл лекцый, семінараў, майстар-класаў, практычных заняткаў і круглых сталоў з удзелам вядучых вучоных Беларусі. Таксама чакаюцца выступленні запрошаных лектараў для магістрантаў, аспірантаў і маладых вучоных па пытаннях паспяховай і эфектыўнай работы ў навуцы. Па традыцыі савет прыме ўдзел і ў “Фестывалі навукі — 2023” на пляцоўцы Цэнтральнага батанічнага саду, дзе прадставіць найбольш значныя распрацоўкі ў рамках экспазіцыі “Універсітэт будучыні”.

Увогуле, сёння нашы вучоныя ма­юць шмат магчымасцей для сваёй рэалізацыі. Зараз узяты курс на інавацыйнае развіццё, асабліва запатрабаваны хімія, біялогія і даследаванне космасу.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА