Сёння споўніўся роўна 101 год, як самыя актыўныя і ініцыятыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі крочаць пад піянерскім сцягам: 19 мая 1922 года была заснавана Усесаюзная піянерская арганізацыя, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя ў гэтую дату адзначае Дзень піянерскай дружбы. Лічба 101 адметная: яна азначае, што новы адлік ужо ідзе і піянерыя ўпэўнена ўступіла ў новы век. Прайшоў першы год новага стагоддзя. А што адбывалася ў гэты час сто гадоў назад?
У першыя месяцы існавання арганізацыі актыўна фарміраваліся піянерскія атрады ў гарадах і іншых населеных пунктах Савецкага Саюза. У Беларусі першыя з іх былі арганізаваны ў Бярэзінскім раёне: у вёсках Капланцы, Бялынічы, Неганічы. 24 чэрвеня 1922 года адбыўся першы збор самага першага піянерскага атрада ў Беларусі (свята піянерскага кастра). Тады ж з’явіліся дэвіз “Будзь гатоў!” і адказ на яго “Заўсёды гатоў!”.
Сёння Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя (БРПА) — дастойны правапераемнік усесаюзнай.
— Мы зберагаем і прымнажаем традыцыі нашых папярэднікаў. 19 мая для нас — вялікае свята, асабліва для ветэранаў нашай арганізацыі, — гаворыць старшыня Цэнтральнага савета БРПА Аляксандра Ганчарова. — А маладое пакаленне піянераў у гэты дзень адзначае Дзень піянерскай дружбы. Сёння ў нас праходзіць маштабнае мерапрыемства: фінал III Рэспубліканскага фестывалю “Агеньчык запрашае сяброў”. Кожны год намінацыі ў ім мы мяняем у адпаведнасці з пажаданнямі дзяцей: зараз гэта “Піянерскі чырлідынг”, “Сцяг-шоу” і “Рух угору” — конкурс з элементамі роўп-скіпінгу (скачкоў на скакалцы). Да нас з’ехаліся 500 чалавек з усёй краіны, а само мерапрыемства мае грамадска-патрыятычны напрамак: гучаць песні беларускіх кампазітараў, у адзенні ўдзельнікаў абавязкова адлюстраваны нацыянальныя колеры і сімвалы. Для БРПА гэты год быў знакавым: наша арганізацыя атрымала спецыяльную прэмію Прэзідэнта за ўклад у грамадска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, мы атрымалі прэзідэнцкі грант, які паспяхова рэалізоўваецца.
Сёння БРПА налічвае больш за 600 тысяч чалавек. У яе радах — дзеці і падлеткі ад 7 да 14 гадоў, важатыя і лідары. Членам арганізацыі можа стаць любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь старэйшы за 7 гадоў.
Лізавета МІЦКЕВІЧ