Цікавая Быхаўшчына: чаму варта наведаць гэтыя прыгожыя мясціны

- 17:29Новости

Сёлета мне пашчасціла павандраваць па малой радзіме — Быхаўшчыне, даведацца пра цікавыя мясціны, іх гісторыю. Некаторыя з гэтых мясцін хачу прадставіць вашай увазе.

Перш за ўсё гэта пасёлак гарадскога тыпу Гадылёва. Ён хоць і невялікі (тут жыве ўсяго тысяча чалавек) і даволі малады (пасёлку каля 65 гадоў), затое размешчаны ў маляўнічым месцы, сярод цудоўных азёр і балот.

На першы погляд гэта звычайны рабочы пасёлак з сярэдняй школай, дзіцячым садам, бібліятэкай, бальніцай, аптэкай, некалькімі магазінамі і брацкай магілай. Асноўным прадпрыемствам з’яўляецца торфаперапрацоўчы завод “Дняпроўскае”. Ён быў заснаваны ў 1951 годзе і даў пачатак пасёлку Гадылёва. Тут працуе большая частка жыхароў, якія вельмі ганарацца сваім месцам работы: прадукцыя прадпрыемства шырока вядомая далёка за межамі нашага рэгіёна і нават краіны.

Мне спадабалася Гадылёва, бо яно размешчана ў таямнічым лесе з гіганцкімі дрэвамі і кустамі, але асабліва прыцягвае ўвагу безы­меннае возера. Яно не толькі прыгожае, але і поўнае рыбы — шчупакоў, сярэбраных і залатых карасёў, акунёў. Сюды прыязджаюць парыбачыць жыхары Магілёўскай вобласці і іншых рэгіёнаў Беларусі. Калі вы аматар рыбалкі, сардэчна запрашаем на возера ў Гадылёве!

Для турыстаў, якія прыяз­джаюць у Быхаў, дабрацца да Гадылёва не складзе цяжкасці. З Быхава курсіруюць аўтобус і маршрутнае таксі некалькі разоў на дзень, а аматары актыўнага адпачынку могуць дабрацца да месца прызначэння на веласіпе­дзе, як гэта робіць мая сям’я. Адлегласць ад Быхава да Гадылё­ва 18 км, а ад аграгарадка Сле­дзюкі — 5 км.

Калі вас цікавіць старадаўняя архітэктура і падабаюцца маляўнічыя пейзажы, то вам у вёску Грудзінаўку. Яна вельмі прывабная і гасцінная, з даволі сучаснай інфраструктурай. Але сапраўднай яе жамчужынай з’яўляецца палацава-паркавы ансамбль пачатку ХІХ стагоддзя. Тут вы можаце ацаніць архітэктурную прыга­жосць сядзібы. Першапачаткова яна належала графу Дзмітрыю Аляксанд­равічу Талстому. Перад будынкам вы ўбачыце цудоўны парк у англійскім стылі. У паўночна-заходняй частцы размешчаны яшчэ ­адзін парк з 40 рэдкімі відамі дрэў і кустоў, прывезеных графам з усяго свету. Расліны тут нетыповыя для Беларусі. Найбольшую ціка­васць уяўляюць тры сібірскія кедры, узрост якіх набліжаецца да стагадовага. Яны дасягаюць 14 метраў у вышыню. У парку ёсць возера плошчай 3 га. Апошняй гаспадыняй палаца з прадстаўнікоў знакамітага роду была графіня Аляксандра Талстая. Яна прыўнесла шмат карыснага ў жыццё як самой сядзібы, так і сельскіх жыхароў: пабудавала добрую бальніцу, запрасіла лепшых урачоў, на тэрыторыі ся­дзібы адкрыла бровар, арганізавала вырошчванне экзатычнай садавіны і агародніны. Час пакінуў на ся­­дзібе свой адбітак, але яе ўсё роўна варта наведаць.

Дабрацца да гэтага аб’екта можна на асабістым транспарце і на аўтобусе з Быхава, адлег­ласць — 30 км. А з аграгарадка Сле­дзюкі можна і на веласіпедзе даехаць — усяго 10 км.

Вялікая Айчынная вайна пакінула крывавы след у Беларусі. Мы ведаем, што кожны трэці жыхар загінуў. У час вайны было спалена 86 вёсак Быхаўшчыны разам з жыхарамі. Вось чаму, прыязджаючы ў раён, вы сустрэнеце мноства помнікаў і мемарыялаў, прысвечаных гераізму людзей, якія аддалі свае жыцці за наша мірнае неба і шчаслівае жыццё. Кожнаму госцю Быхаўшчыны варта пабываць у аграгарадку Лудчыцы і ўбачыць мемарыял воінскай славы “Лудчыцкая вышыня”.

З верасня 1943-га па чэрвень 1944 года салдаты 3-й арміі Першага Беларускага фронту і салдаты 50-й арміі Другога Беларускага фронту, сыны многіх народаў Савецкага Саюза, праявілі гераізм, мужнасць і воінскае братэрства, змагаючыся за нашу Радзіму. Большасць з іх засталіся тут назаўжды. На паўднёвы ўсход ад вёскі на вышыні 150,9 м знахо­дзіцца мемарыяльны комплекс — на месцы бою ў 1944 годзе.

Мемарыял уяўляе сабой скульптурна-архітэктурную кампазіцыю. На Кургане славы можна ўбачыць сімвалічную фігуру Гусляра, які ўслаўляе гераізм салдат. У падножжа кургана, на авальнай платформе, знаходзіцца сцяна-стэла з пагруднымі выявамі шасці Герояў Савецкага Саюза, салдат шасці нацыянальнасцей. Пад выявамі можна прачытаць імёны герояў, выкананыя ў бронзе. Побач знаходзіцца гранітная стэла з інфармацыяй. Шмат людзей прыходзяць у гэтае месца, каб пакланіцца героям, ускласці кветкі, вянкі.

Турысты могуць дабрацца да гэтага мемарыялу на аўтобусе ці маршрутным таксі, асабістым аўтатранспартам ці на веласіпедзе — гэта 10 км ад Быхава. А са Следзюкоў давядзецца праехаць 25 км.

Прыдняпроўскі край багаты на гістарычныя падзеі, здзіўляе прыроднай разнастайнасцю і архітэктурай. Хацелася б, каб людзі з розных куточкаў Беларусі і свету прыязджалі да нас, захапляліся гэтым краем. Падарожнічайце па Радзіме, бо яна цудоўная!

Вольга БЕЗДНІКАВА,
настаўніца англійскай мовы

Следзюкоўскай базавай школы імя Д.Я.Аскаленкі
Быхаўскага раёна
Фота аўтара