На гэтым тыдні ў Гродне маладых педагогаў вобласці аб’яднала адна “Формула поспеху”. У штогадовай школе маладога педагога пад такой назвай сустрэліся 50 педагагічных работнікаў са стажам працы да двух гадоў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
На базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі школа маладога педагога праходзіць ужо дзявяты раз. І па традыцыі многае абяцае ўсім удзельнікам узаемадзеяння.
— Не сакрэт, што любы чалавек, які пачынае сваю прафесійную дзейнасць, заўсёды адчувае пэўныя цяжкасці. І першай прычынай такіх цяжкасцей становіцца адсутнасць вопыту. Ні наведванне аўдыторных заняткаў, ні праслухоўванне акадэмічных лекцый, ні атрыманне праграмных ведаў не дае залогу паспяховай дзейнасці ў любой прафесіі, — адзначыла загадчык кафедры адукацыйных тэхналогій ГрАІРА, куратар школы маладога педагога Ірына Мякеня.
Суразмоўніца таксама дадала, што работа школы дапамагае маладым людзям прайсці іх прафесійную адаптацыю лепш і якасней. Лепшымі практыкамі са слухачамі тут дзеляцца супрацоўнікі інстытута, выдатныя настаўнікі вобласці і рэспублікі. У гэтым годзе, напрыклад, майстар-класы для маладых педагогаў правялі пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.
У праграме летняй школы — трэнінгі, лекцыі-дыялогі, інтэрактыўныя заняткі, пазнавальныя майстар-класы і дзелавыя гульні. Маладыя педагогі знаёмяцца з сучаснымі падыходамі да арганізацыі адукацыйнага працэсу, праектавання і правядзення вучэбных заняткаў, новымі адукацыйнымі тэхналогіямі і інавацыямі ў адукацыі.
Акрамя розных адукацыйных і выхаваўчых момантаў, разгледзелі ў школе і базавыя прынцыпы лічбавага педагога: як дакладна і правільна прэзентаваць сябе ў інтэрнэт-прасторы, у розных сацыяльных месенджарах. Акрамя таго, звярнулі ўвагу і на правядзенне і арганізацыю адукацыйнага працэсу ва ўмовах інклюзіі, што сёння важна і актуальна.
Пасля насычанай адукацыйнай праграмы, у першы дзень работы школы, напрыклад, была экскурсія па Гродне, а таксама галоўны атрыбут любога школьнага старту — урачыстая лінейка з конкурсамі і заданнямі. Чакалі маладых педагогаў розныя спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, інтэлектуальная гульня “ПедКвіз”, заняткі па песка- і арт-тэрапіі.
Адным словам, школа стала яшчэ і ўнікальнай прасторай для камунікацыі — месцам, дзе нараджаецца ў тым ліку сяброўства з калегамі і аднадумцамі. І ўсё ж найперш гэтая пляцоўка — пункт прафесійнага росту для кожнага са слухачоў. Веды, атрыманыя ў школе, дазволяць працаваць высокаэфектыўна, вынікова ў пастаянна зменлівых сучасных умовах, і маладыя педагогі змогуць вывесці сваю формулу поспеху. Падзяляюць гэтую ўпэўненасць прадстаўнікоў абласнога інстытута развіцця адукацыі і маладыя педагогі-слухачы.
— Паўдзельнічаць у школе прапанавала адміністрацыя ўстановы, дзе пасля заканчэння сталічнай УВА я ўжо год як малады спецыяліст, — падзялілася настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 32 Гродна Настасся Грэчка.
У прафесію яна прыйшла свядома і пераважна дзякуючы бацькоўскаму прыкладу. Маці маладога спецыяліста — педагог. Зрэшты, настаўнік для падрастаючага пакалення і бацька — ён працуе трэнерам па барацьбе.
— Калі толькі прыйшла працаваць у школу, была ўпэўнена, што ўсяму навучылася ва ўніверсітэце. Сёння ж магу сказаць, што першы год быў няпростым і галоўнае, што ён паказаў, — пасля заканчэння УВА ўмеем мы далёка не ўсё. Гэта не прычына для расчараванняў, гэта стымул для далейшай працы над сабой. Якраз па гэта прыйшла ў школу маладога педагога. Першыя дні работы з займальнымі майстар-класамі і арыгінальнымі падыходамі да арганізацыі працы далі зразумець, што возьмем з сабой добры багаж новых ведаў і вопыту, — дадала Настасся.
З цеплынёй яна гаворыць і пра сваіх настаўнікаў-калег ва ўжо роднай 32-й школе. Запэўнівае, што любое пытанне ці просьба заўсёды знаходзяць не толькі разуменне, але і жаданне і зацікаўленасць дапамагчы маладому спецыялісту.
Пакуль толькі з безумоўным хваляваннем і, вядома, прыемнымі чаканнямі глядзіць у сваю найбліжэйшую будучыню яшчэ адзін слухач школы маладога педагога — настаўнік хіміі і біялогіі Сяргей Яромчык. Да выканання сваіх працоўных абавязкаў малады чалавек прыступіў толькі 15 жніўня. Прычым свой шлях у педагогіцы ён свядома звязаў з сельскай школай.
— Буду працаваць у Падароскай сярэдняй школе Ваўкавыскага раёна. У класах тут зусім не па 30 чалавек, як у многіх школах абласнога цэнтра. Дзяліцца ведамі мне трэба будзе ў класах, дзе напаўняльнасць — да дзесяці чалавек. Упэўнены, што гэта выдатная пляцоўка для старту ў прафесіі. Зрабіў такі выбар пры размеркаванні ў тым ліку абапіраючыся на аповеды выпускнікоў старшых курсаў нашага ГрДУ імя Янкі Купалы, якія пайшлі такім жа шляхам і не пашкадавалі, — заўважае Сяргей Яромчык.
На заканамернае пытанне, як жа сустрэлі настаўніка ў новым калектыве, малады чалавек літаральна адразу адказаў шырокай усмешкай. Безумоўна, у невялікім населеным пункце гэта адбываецца, як і сярод блізкіх сваякоў, — сардэчна і з цеплынёй. Жартам суразмоўнік дадаў, што яго нават гатовы былі завочна сасватаць. І нават такое адступленне з ноткай гумару сведчыць аб тым, што першыя крокі ў прафесіі педагога для яго пройдуць ва ўтульнай атмасферы разумення і падтрымкі.
— Вельмі люблю дзяцей і думаю, што гэта вызначальны момант на шляху выбару прафесіі педагога. Што да чаканняў ад першага года работы, то гляджу ў будучыню, безумоўна, з хваляваннем. Але, думаю, гэта нармальна. Значна горш, калі яе няма, — гэта ўжо прыкмета залішняй самаўпэўненасці, — падзяліўся Сяргей Яромчык.
Адразу два педагогі ў дзень заканчэння ўніверсітэта з’явілася ў сям’і Нядвецкіх са Шчучынскага раёна. Блізняты Лізавета і Кацярына, як, зрэшты, ва ўсім па жыцці, разам вызначыліся і з будучай прафесіяй. Пасля заканчэння магістратуры яны ўжо працуюць маладымі педагогамі на сваёй малой радзіме. Праўда, у розных установах адукацыі — сярэдняй школе № 2 Шчучына і Васілішкаўскай сярэдняй школе.
— Першыя крокі ў прафесіі толькі дапамаглі ўмацавацца ва ўпэўненасці, што не памыліліся, выбраўшы педагогіку. Спрыяюць гэтаму і такія сустрэчы, як у школе маладога педагога. Гэта ўнікальная магчымасць пераняць вопыт калег, якія ўжо сказалі сваё слова ў педагогіцы, — дапаўняючы адна адну кажуць Лізавета і Кацярына.
Для кожнага са слухачоў школы маладога педагога навучальны год пачаўся не проста актыўна. Ён пачаўся з вельмі станоўчай ноты і цэлага багажу карысных ведаў і ўменняў у прафесіі. З улікам такога старту шмат абяцае навучальны год у тым ліку і вучням маладых педагогаў з усёй вобласці.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара і прадастаўлены ГрАІРА