«Дзяржава падставіць плячо кожнаму». Удзельнікі «Экспертай пляцоўкі» — аб працаўладкаванні моладзі

- 10:31Компетентно, Новости

Ад практыкі размеркавання выпускнікоў да садзейнічання службы занятасці. Падчас чарговай сустрэчы на “Экспертнай пляцоўцы” Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” абмеркавалі актуальныя пытанні працаўладкавання моладзі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У круглым стале прынялі ўдзел:

  • Наталля Сцяпанаўна Сілістроўская, намеснік начальніка аддзела арганізацыі садзейнічання занятасці        насельніцтва ўпраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама;
  • Святлана Віктараўна Капачэня, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Старадарожскага           райвыканкама;
  • Людміла Эдуардаўна Макарына-Кібак, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі             Беларусь, намеснік старшыні грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях адукацыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар;
  • Аксана Міхайлаўна Мыцько, рэдактар аддзела сацыяльнай работы Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”;
  • Алена Пятроўна Бяценя, прарэктар па вучэбнай рабоце Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта;
  • Алена Леанідаўна Ціханоўская, настаўніца матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 1 Старых Дарог імя Героя Савецкага Саюза Ф.Ф.Кулікова.

Падставіць плячо

— Забяспечыць занятасць мола­дзі, далучыць яе да справы — такую задачу ставіць перад сабой кожная дзяржава, якая клапоціцца аб сваёй сучаснасці і будучыні. Мы шмат гаворым сёння пра плюсы размеркавання, але і тыя выпускнікі беларускіх УВА або каледжаў, якія  не скарысталіся магчымасцю яго атрымаць, таксама не пакінуты без дапамогі. На якое садзейнічанне ў працаўладкаванні яны могуць разлічваць?

Наталля Сілістроўская:

З вопыту работы сталічнай службы занятасці насельніцтва магу ска­заць, што мы падключаемся да пытання працаўладкавання будучых выпускнікоў яшчэ падчас іх вучобы. Рэгулярна праводзім міні-кірмашы вакансій, у тым ліку на базе УВА, на якіх наймальнікі напрамую прапаноўва­юць працоўныя месцы і адказваюць на пытанні аб умовах работы. З пачатку гэтага года правялі ўжо больш як 70 такіх міні-кірмашоў — у тым ліку 13 на базе БДУ, БДЭУ, БДУІР, БДТУ і інш. Акрамя таго, кожны зацікаўлены ў пошуку работы малады чалавек можа прыняць удзел у электронных кірмашах вакансій на сайце http://e-vacancy.by. Гэты сучасны фармат дазваляе знайсці работу з дапамогай гаджэта, што называецца, не выходзячы з дому. 

Малады чалавек, у якога не атрымліваецца працаўладкавацца самастойна, заўсёды можа звярнуцца за са­дзейнічаннем у службу занятасці насельніцтва. Хачу адзначыць, што на сёння ў нашай сталічнай базе даных заяўлена больш як 36,5 тысячы вакансій.

Спецыяльна для выпускнікоў прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных ці вышэйшых устаноў аду­кацыі, якія атрымалі даведку аб самастойным працаўладкаванні, служба занятасці прапаноўвае асобную праграму — працаўладкаванне па атрыманай прафесіі/спецыяльнасці для набыцця вопыту практычнай работы. Сутнасць яе ў тым, што маладому чалавеку падбіраюць работу згодна з яго дыпломам на тэрмін ад 2 да 6 месяцаў. Ён атрымлівае заработную плату, пры гэтым дзяржава кампенсуе наймальніку на яе выплату сродкі ў памеры мінімальнага заробку. Работадаўцам гэта выгадна, яны ахвотна супрацоўнічаюць. У плюсе і выпускнік, бо атрымлівае практычны вопыт, першы запіс у працоўнай кніжцы. У далейшым ён можа застацца працаваць на гэтым месцы, а можа паспрабаваць знайсці новую работу па прафесіі, што з улікам вопыту будзе зрабіць ужо лягчэй.      

Бывае так, што малады чалавек атрымаў тую ці іншую прафесію, але ў нейкі момант расчараваўся ў ёй, адчуў, што гэта не яго. У такім выпадку можна прайсці перанавучанне па запатрабаваных на рынку працы прафесіях. На сёння наша служба занятасці насельніцтва прапаноўвае больш за 80 такіх вучэбных праграм. Можна вывучыцца на кухара, кандытара, цырульніка, слесара па рамонце аўтамабіляў, майстра па манікюры і гэтак далей.

Калі малады чалавек марыць пачаць сваю справу, ёсць магчымасць атрымаць субсідыю на арганізацыю рамесніцкай дзейнасці, вяртаць якую дзяржаве не трэба. Сума выдзяляецца грунтоўная — 11-кратная вялічыня бюджэту пражытачнага мінімуму, на сёння гэта больш за 4 тысячы рублёў. Да таго ж для жадаючых праводзяцца бясплатныя вучэбныя курсы па арга­нізацыі сваёй справы.

Людміла Макарына-Кібак:

— Тыя меры, пра якія расказала Наталля Сцяпанаўна, яшчэ раз пацвярджаюць сацыяльную арыентаванасць нашай дзяржавы, яе гатоў­насць падставіць плячо кожнаму. І таму, у каго няма вопыту работы, і таму, хто хоча перавучыцца на нешта іншае. Упэўнена, што мала якая краіна прадастаўляе такія бязвыплатныя субсідыі на арганізацыю ўласнай справы — па сутнасці, проста дае на гэта чалавеку больш за 1 тысячу долараў у эквіваленце.  

Акрамя работы дэпутатам беларускага парламента, я з’яўляюся намеснікам старшыні профільнай камісіі па працы, сацыяльнай палітыцы і ахове здароўя Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Не раз чула ад маладых расіян, што яны па-добраму зайздросцяць нашай практыцы размеркавання выпускнікоў, якая гарантуе ім першае працоўнае месца. Што тычыцца нашай моладзі, якая атрымала платную адукацыю і выходзіць на рынак працы самастойна, ёй, вядома ж, крыху складаней. Але працоўныя месцы ёсць, для маладых, энергічных, зацікаўленых выпускнікоў усё магчыма. Галоўнае, каб чалавек сапраўды імк­нуўся займацца справай, а яго чаканні не былі неабгрунтавана завышаныя.

Алена Бяценя:

— Хачу адзначыць, што на базе нашага ўніверсітэта таксама праводзяцца кірмашы вакансій для студэнтаў, пра якія гаварыла Наталля Сцяпанаўна. Гэтыя мерапрыемствы актуальныя як для платнікаў, так і для студэнтаў бюджэтнай формы навучання, бо гэта можа іх сарыентаваць у плане будучага месца працы.

Як вядома, студэнты-платнікі пры жаданні таксама маюць права атры­маць размеркаванне на першае працоўнае месца, і некаторыя выпускнікі такой магчымасцю карыстаюцца. Але большасць з іх усё ж вырашае шу­каць работу самастойна, і мы імкнёмся загадзя ім у гэтым дапамагаць. Напрыклад, прапаноўваем студэнтам выпускных курсаў трэнінгі па праходжанні субяседавання з патэнцыяльным работадаўцам, мастацтве самапрэзентацыі.

Не без гордасці скажу, што нашы выпускнікі высока цэняцца на рынку працы, веданне імі замежных моў — гэта вялікі плюс. Многія студэнты 4—5 курса ўжо працаўладкоўваюцца і працуюць на ўмовах частковай занятасці. Той вопыт, які яны атрымліваюць падчас вытворчай практыкі, дапамагае ім больш упэўнена рабіць першыя крокі ў прафесіі.

Паказаць перспектывы

— Існуючая ў нас практыка размеркавання выпускнікоў УВА і каледжаў, якія вучацца на бюджэтнай форме, — дзейсная мера садзейнічання занятасці мола­дзі. І на заканадаўчым узроўні, і ў калектыўных дагаворах прадугле­джана разнапланавая падтрымка маладых спецыялістаў і рабочых. Ці дастаткова гэтых мер? Што яшчэ магло б павысіць замацавальнасць моладзі на месцах?

Людміла Макарына-Кібак:

Адно з найбольш важных пытанняў — забеспячэнне жыллём. На сённяшні дзень дзяржавай шмат робіцца дзеля таго, каб маладыя спецыялісты не засталіся сам-насам з гэтай праблемай, і трэба працягваць рухацца ў гэтым напрамку. Другое актуальнае пытанне — заработная плата. Тут таксама прадуманы канкрэтныя механізмы, каб падтрымаць моладзь на пачатку працоўнага шляху. Ведаю прыклады, калі некаторыя маладыя спецыялісты зарабляюць нават больш, чым іх калегі, якія ўжо атрымалі катэгорыі.  

Нядаўна падчас наведвання адной з мінскіх школ у сваёй акрузе разгаварылася з маладым спецыялістам — настаўнікам гісторыі. Ён прызнаўся, што пасля адпрацоўкі па размеркаванні хоча застацца працаваць, таму што яму ўсё падабаецца. Пацікавілася заробкам і была прыемна ўражана названай сумай. Так, хлопец яшчэ не жанаты, амаль цэлы дзень у школе. Як расказаў дырэктар, ён шчыра зацікаўлены работай, бярэцца за ўсё, што яму прапаноўваюць, і яшчэ сам прапаноўвае нешта сваё. Таму і заробак годны.  

Ці гэта школа, медыцынская ўстанова або іншая арганізацыя, вельмі важна падтрымліваць моладзь і словам, і справай. Калі я была дырэктарам Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра отарыналарынгалогіі, маладым спецыялістам мы ўстанавілі максімальна магчымую па заканадаўстве надбаўку за работу па кантракце — 50% ад акладу. Прычым лепшым пакідалі яе і пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі, пакуль чалавек не атрымае катэгорыю, каб у яго быў стымул заставацца ў РНПЦ. А калі маладыя спецыялісты наймалі жыллё, кампенсавалі ім 50% ад кошту арэнды.

На мой погляд, ёсць яшчэ адзін важны аспект, якому варта ўдзяляць больш увагі. Сёння маладыя людзі ўсё больш гавораць аб сваёй зацікаўленасці ў кар’ерным росце. І трэба абавязкова паказваць ім перспектывы на будучыню.

Важна, каб малады спецыяліст з самага пачатку адчуў сябе часткай калектыву, у складзе якога ён зможа рэалізаваць свае чаканні і амбіцыі. 

Святлана Капачэня:

— Імкнёмся ствараць для нашай моладзі самыя спрыяльныя ўмовы. Як справядліва адзначыла Людміла Эдуардаўна, адно з найважнейшых пытанняў — гэта жыллё. У 2020 го­дзе ў Старых Дарогах быў пабудаваны арэндны дом, у які засялілі ў тым ліку і педагогаў. На той момант я была дырэктарам школы, маладыя спецыялісты якой атрымалі чатыры новенькія кватэры. Няма слоў, якая гэта была радасць. Хачу сказаць, што ні адзін з тых настаўнікаў, хто засяліўся ў арэнднае жыллё, да гэтага часу са школы не звольніўся. І гэты факт гаворыць сам за сябе. Таксама клапоцімся аб тых маладых спецыялістах, якія наймаюць кватэры, — у калектыўных дагаворах прапісана кампенсацыя за яе аплату ў памеры да 2 базавых велічынь у месяц.

Абсалютна згодна з тым, што пры жаданні малады педагог можа атрымаць годную зарплату, але дзеля гэтага трэба не бегаць ад работы. Усе магчымасці ёсць. І нагрузкі педагагічнай дастаткова, і класнае кіраўніцтва можна ўзяць, і ў конкурсах удзельнічаць. Створаны школьныя бізнес-кампаніі. У раёне працуе 18 рэсурсных цэнтраў. Калі ласка, удзельнічайце, за ўсё гэта заахвочваем. Акрамя надбаўкі, якая прадугледжана маладым спецыялістам па заканадаўстве, устанаўліваем у калектыўных дагаворах яшчэ надбаўку па кантракце ў памеры 20—40% акладу. Ёсць і іншыя бонусы. 

На мой асабісты погляд, больш трэба працаваць з бацькамі навучэнцаў. На жаль, сутыкаемся з тым, што некаторыя з іх не матывуюць сваіх дзяцей заставацца жыць і працаваць на малой радзіме. Трэба разумець, што вялікія гарады ўсіх прыняць не могуць. У рэгіёнах шмат сваіх пераваг, якія варта цаніць. Зараз мы актывізуем работу з бацькамі. У прыватнасці, пачалі арганізоўваць прафарыентацыйныя выезды не толькі для навучэнцаў, але і для іх мам і татаў. 

Алена Ціханоўская:

Пасля заканчэння БДУ я як настаўніца матэматыкі і інфарматыкі размеркавалася ў Старыя Дарогі, на сваю малую радзіму, і ніколі аб гэтым не пашкадавала. Амаль палова маіх аднагрупнікаў пайшла ў IT-шнікі, але я мэтанакіравана хацела быць настаўніцай, як мая маці. А яшчэ лічу, што жыць і працаваць на зямлі, дзе твае карані, — гэта цудоўна.  

Пасля размеркавання я скарысталася ўсімі прадугледжанымі для маладых спецыялістаў мерамі падтрымкі. У тым ліку і кампенсацыяй за наём кватэры, пра якую гаварыла Святлана Віктараўна, што было вельмі ак­туальна. Пасля заканчэння адпрацоўкі ў мяне не было сумненняў у тым, каб застацца ў Старых Дарогах. Калі лю­біць сваю прафесію і сумленна працаваць, то ўсюды ёсць перспектывы. А калі сядзець і нічым не цікавіцца, ні да чаго не імкнуцца, то ўсё роўна, дзе працуеш, — у Мінску, райцэнтры ці ў вёсцы.

Алена Бяценя:

Лічу, што з заканадаўчага пункту погляду для маладых спецыялістаў зроблена шмат, і гэтых мер дастаткова. Не бачу неабходнасці яшчэ нешта дадаваць. Зразумела, што выпускнікі хацелі б больш высокую зарплату, але мы ўсе ў свой час таксама пачыналі з малога. Не можа быць усё і адразу.

Калі гаварыць непасрэдна аб нашым універсітэце, то зараз мы факусіруемся на аспекце матывацыі будучых педагогаў да работы. Так, творча перапрацавалі канцэпцыю конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагагічны дэбют”. Наш конкурс ахоплівае ўсе курсы навучання, пачынаючы з першага, з фіналам на выпускным курсе. Акрамя таго, супрацоўнічаем з Мінскім гарадскім адукацыйна-аздараўленчым цэнтрам “Лідар”, дзе праводзім лінгвістычныя змены для школьнікаў. Да гэтай работы прыцягваем не толькі нашых выкладчыкаў, але і студэнтаў, для якіх гэта цікавы і карысны вопыт.

Станоўчыя вынікі даў і такі фармат, як прафарыентацыйны тур па ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Мінскай вобласці. Мы паказалі студэнтам школы рэгіёна, якія былі зацікаўлены ў выкладчыках замежных моў. Яны ўбачылі рэальныя месцы працы, што дапамагло разбурыць пэўныя стэрэатыпы.

Каля 55 тысяч маладых спецыялістаў размеркаваны ў гэтым годзе ў арганізацыі Беларусі.

Слухаць і чуць

— Як бы добра ні навучылі маладога чалавека ва ўстанове адукацыі, сапраўдным спецыялістам ён можа стаць толькі на працоўным месцы. Якой павінна быць практыка настаўніцтва, каб яна забяспечвала рэальны вынік?  

Людміла Макарына-Кібак:

— Абавязкова трэба ўдзяляць увагу гэтаму пытанню на курсах павышэння кваліфікацыі: вучыць настаўніцтву, гаварыць аб яго важнасці. Увогуле, у наш час вучыцца трэба ўсё жыццё, нават калі ты ўжо вопытны спецыяліст, бо рэчаіснасць мяняецца як ніколі дынамічна.   

Як медык з уласнага вопыту магу сказаць, што чалавечыя якасці ў нашай працы, як і ў працы педагогаў, не менш важныя, чым прафесійны вопыт. Малады ўрач разумее, якая вялізная адказнасць ляжыць на ім за пацыентаў, і, зразумела, перажывае. Я ўспамінаю свае першыя крокі ў прафесіі, сваіх дзяцей, якія таксама ўрачы. Шчырая падтрымка старэйшых калег была проста неабходна. Да гэтага часу ўдзячна майму настаўніку, які адказна і цярпліва вучыў мяне кантактаваць з пацыентамі, аперыраваць і суправаджаць іх, і проста па-чалавечы падтрымліваў.

Святлана Капачэня:

— Так, у любой прафесіі ёсць лю­дзі чулыя, а ёсць абыякавыя. На шчасце, першых намнога больш, менавіта іх і трэба назначаць настаўнікамі моладзі. Ад чалавека абыякавага ў такой справе будзе больш шкоды, чым карысці.

Як я ўпэўнілася за шмат гадоў работы, практыка настаўніцтва — добрая падтрымка для пачынаючых педагогаў. Вопытны калега дапамагае разабрацца ў шматлікіх аспектах работы, уліцца ў калектыў, справіцца з няўпэўненасцю ў сабе і прызвычаіцца да новых умоў. Работа гэтая важная і няпростая. Мы са свайго боку імкнёмся заахвочваць педагогаў за такое куратарства, у калектыўных дагаворах прадугледжваем надбаўку да 20% ад акладу.     

Алена Ціханоўская:

— Асабіста ў мяне быў самы лепшы настаўнік у свеце — гэта мая мама, якая выкладала ў той жа школе матэматыку. Але не толькі яна мне дапамагала. Калі штосьці было не зразумела, я магла звярнуцца да любога калегі, ніхто ніколі мне не адмовіў. 

Лепш за ўсё, калі твой настаўнік выкладае тыя ж дысцыпліны, што і ты. Ён можа дапамагчы ў пытаннях не толькі вядзення дакументацыі, але і методыкі выкладання. У пачатку работы з гэтым шмат цяжкасцей, не да канца разумееш, як лепш падаць дзецям тое, што ты ведаеш сам. Пакуль не напрацуеш уласны вопыт, парады калегі-прадметніка вельмі каштоўныя.

Алена Бяценя:

— У нашым універсітэце распрацавана цэлая сістэма суправаджэння маладых спецыялістаў. Пачынаючы з 15 жніўня, пакуль асноўны педагагічны склад у адпачынку, з імі працуе аддзел кадраў, іншыя службы. Знаёмяць з правіламі ўнутранага распарадку, патрабаваннямі па ахове працы. Арганізоўваюцца сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў, паказваюць, чым можна займацца акрамя непасрэднай працоўнай дзейнасці.

Прапаноўваем курс па лічбавых тэхналогіях навучання, запрашаем на інфармацыйна-вучэбныя семінары па актуальных тэмах. Абавязкова праводзім сустрэчы з рэктаратам, дзе маладых спецыялістаў знаёмяць з бягучымі задачамі ўніверсітэта, перспектывамі развіцця. Як справядліва адзначыла Людміла Эдуардаўна, трэба, каб моладзь бачыла, куды рухаецца ўстанова і як можна сфарміра­ваць траекторыю ўласнага прафесійнага росту — у вучэбнай, навуковай, выхаваўчай сферах, у напрамку міжнароднага супрацоўніцтва. 

А яшчэ мы практыкуем ананімныя апытанні маладых спецыялістаў, па выніках якіх карэкціруем вызначаныя праблемныя моманты. Напрыклад, убачылі запыт на тое, што трэба больш тлумачэнняў па вядзенні дакументацыі, і пачалі право­дзіць адпаведны семінар. Былі пытанні па размеркаванні нагрузкі — правялі размову з загадчыкамі кафедр, каб зрабіць яе ў першы год больш збалансаванай. Такая зваротная сувязь неабходна, вельмі важна слухаць і чуць нашу моладзь.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і Ігара ГРЭЧКІ