Для бацькоў, педагогаў і не толькі: казкатэрапія як сродак карэкцыі паводзін дзяцей

- 12:40Новости, Психолог в школе

Сучасныя першакласнікі прыходзяць у школу і, дзякуючы старанням бацькоў, ужо ўмеюць чытаць, маляваць, ляпіць, нават пісаць, але зусім не ўмеюць наладжваць зносіны.

Лепшае выйсце

Зрабіць штосьці разам могуць нямногія дзеці. Няўменне дамаўляцца прыводзіць да канфліктаў, крыўд, часам боек. Калектыўныя гульні выклікаюць у дзяцей раздражненне, нежаданне гуляць. Не задумваючыся, дзеці “даюць здачы”, нават калі іх не чапалі, выкарыстоўва­юць пагрозы, запужванні, каб атрымаць рэч, якая спадабалася.

Казкатэрапія — гэта лепшы сродак для таго, каб знайсці выйсце з сітуацыі, якая склалася.

Казкі і апавяданні ствараюцца для мяккага ўплыву на паводзіны дзіцяці. Пасля прачытання апавядання ці яго прайгравання ў дзіцяці адбываецца замяшчэнне неэфектыўнага стылю паводзін на больш прадукцыйны.

Прымяненне казкатэрапіі не абмежавана па ўзросце і праблематыцы. Сюжэты казак абавязкова змяшчаюць магчымасці для змянення герояў казкі, а таксама сітуацыі выбару, якія патрабу­юць прыняцця адказнага рашэння. Вылучаецца сем відаў казак: мастацкія, народныя, аўтарскія, дыдактычныя, псіхакарэкцыйныя, псіхатэрапеўтычныя і медытатыўныя казкі.

Як выяўляюцца дзеці, з якімі неабходна право­дзіць карэкцыю паво­дзін? З дапамогай назіранняў педагогаў за ўзаемадзеяннем навучэнцаў адно з адным, а таксама праз анкетаванне (напрыклад, выкарыстоўваючы анкету Т.В.Бязродных “Уяўленні малодшых школьнікаў аб нормах між­асобасных узаемадзеянняў”).

Пальчыкавы тэатр

Сярод навучэнцаў было праведзена апытанне з мэтай выяўлення іх любімых казак і мультфільмаў. Лі­дзі­равалі казкі і мультфільмы “Маша і Мядзведзь”, “Фіксікі”, “Губка Боб”, “Барбоскіны”, “Смяшарыкі” і іншыя, што было ўлічана пры стварэнні асацыятыўных картак і пальчыкавага тэатра. Для зручнасці і захаванасці карткі былі заламініраваны. Пальчыкавы тэатр быў выраблены на яркіх спружынках, што адпавядае розным фізічным параметрам дарослай і дзіцячай рукі.

Навучэнцы, чые паводзіны патрабавалі ка­рэкцыі, былі арганізаваны ў групы ад 2 да 6 чалавек для правядзення заняткаў з прымяненнем метаду казкатэрапіі. Заняткі доўжыліся 45 мінут.

Пачатковы этап работы будаваўся на чытанні ці расказванні казак. (Дарэчы, калі гэты этап адбываецца ў групе, то педагогу лепш не ўдзельнічаць у працэсе расказ­вання, паколькі больш карыснай інфармацыі ён атрымае, назіраючы за ходам расказвання і на аснове гэтага праводзячы абмеркаванне.) У далейшым казку інтэрпрэтавалі. Сэнс псіхалагічнай і развіццёвай работы ў тым, каб зразумець і інтэрпрэтаваць сутнасць казачных сітуацый, вобразаў, канструкцый сюжэта, пры гэтым кожны мае права на свой пункт гледжання. Пазней мы прыдумвалі розныя варыянты працягу вядомых казак.

Можна таксама пры­мяняць перапісванне або дапісванне казак. Гэты метад прымяняецца, калі дзіцяці не падабаецца сюжэт або працяг сюжэта. Гэтая з’ява з’яўляецца дыягнастычнай, бо адмаўленне нечага сведчыць пра актуальную нявырашаную праблему. Перапісваючы казку, дзіця само выбірае канец, які найбольш адпавядае яго ўнутранаму стану. Яно знаходзіць той варыянт, які дазваляе яму вызваліцца ад унутранага напружання.

Наступным этапам ідзе гру­павое прыдумванне казак. Разнастай­ныя тэмы казачных гісторый апісваюць спектр
пытанняў, якія паўста­юць перад дзіцем. Усе гэтыя пытанні, радасці і трывогі могуць стаць тэмай казкі. Першапачаткова можна прапана­ваць дзесяць не звязаных па сэнсе слоў, з якіх неабходна скласці казку. Пад псіхалагічнай інтэрпрэтацыяй складзеных казак маецца на ўвазе без­ацэначная інтэрпрэтацыя.

У гасцях у казкі

Слухаючы або чытаючы казку, дзіця альбо дарослы прайгравае яе ў сваім уяўленні, наглядна ўяўляе сабе месца, дзеянні і герояў казкі. Іншымі словамі, у сваіх думках бачыць цэлы спектакль. Таму цалкам натуральным з’яўляецца пастаноўка казак у псіхалагічных мэтах работы.

Прыём драматызацыі — важны кампанент казкатэрапіі. Казкатэрапеўтычныя пастаноўкі не дапускаюць вывучэння роляў і працяглых рэпетыцый. Важная ідэя экспромта.

Можна прымяняць казачнае маляванне. З дапамогай тэматычных малюнкаў педагогі даследуюць унутраны свет дзіцяці, сістэму яго адносін да сябе і да іншых, яго індывідуальнасць.

Таксама ў казкатэрапіі можна выкарыстоўваць танцы (фізкультхвілінкі). Танец — гэта цялеснае выяўленне розных эмацыянальных станаў. Ён разнявольвае і напаўняе новай сілай. Танцуючы, дзіця пачынае адчуваць сваё цела і лепш валодаць ім.

Выраблены інструментарый можна выкарыстоўваць бацькам, педагогам, класным кіраўнікам, выхавальнікам групы прадоўжанага дня, прадстаўнікам СППС для вырашэння праблемных сітуацый і прымяняць як індывідуальна, так і ў мікрагрупе, а таксама ў рабоце па прынцыпе “роўны ву­чыць роўнага” (старэйшыя школьнікі вучаць і ўзаемадзейнічаюць з малодшымі) для перадачы інфармацыі больш эфектыўным для малодшых вучняў спосабам.

 Вольга АЎДЗЯЁНАК,
педагог-псіхолаг 

сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля