Юныя міратворцы гімназіі № 1 імя П.Васіленка Свіслачы, выхаваныя на прыкладах герояў-суайчыннікаў, разумеюць важнасць міру і згоды ў грамадстве. Сёлета ў Міжнародны дзень міру ўстанова першая ў раёне атрымала статус “Школа міру”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
На прыкладзе малой радзімы
— “Школа міру” — унікальная магчымасць паказаць, што нашы вучні з’яўляюцца прадстаўнікамі аднаго з самых міралюбівых народаў. Але рабіць гэта трэба абавязкова на прыкладах сваёй малой радзімы, — падкрэсліла дырэктар гімназіі Святлана Фёдараўна Гірэй. — Наша задача ў арганізацыі такой дзейнасці, якая, з аднаго боку, закранала б агульначалавечыя, маральныя, патрыятычныя каштоўнасці, а з другога — прыцягвала б увагу навучэнцаў да нацыянальных традыцый, гісторыі малой радзімы.
Важна, каб кожны з іх адчуваў гордасць за свой народ, імкнуўся данесці інфармацыю пра яе і свае пачуцці іншым. Усё павінна быць цікава дзецям і блізка ім. Калі яны расказваюць пра сваіх родных, горад, Радзіму, у іх гэта выклікае пачуццё гордасці і суперажывання. Напрыклад, навучэнцаў пачатковай школы вельмі зацікавіла тэма, звязаная з традыцыямі нашых бабуль, беларускімі нацыянальнымі стравамі. Нікога не пакінуў абыякавым праект аб нашых педагогах-ветэранах. Дзеці хадзілі да іх, бралі інтэрв’ю. Такія сустрэчы выхоўваюць не толькі павагу да настаўніцкай прафесіі, да педагога, які жыве побач і ўнёс уклад у развіццё нашай установы адукацыі, а і наогул да чалавека працы.
На працягу двух гадоў у гімназіі было рэалізавана 11 даследчых праектаў, сярод якіх такія значныя, як “Мы — нашчадкі Перамогі: Беларусь — Расія” і “Педагогі — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны”. Навучэнцы і настаўнікі прынялі ўдзел у трох міжнародных конкурсах, шматлікіх мерапрыемствах, дабрачынных і валанцёрскіх акцыях.
Фарміраванню ў вучняў пачуцця любові і прыхільнасці да родных мясцін, цікавасці да гісторыі сваёй малой радзімы, павагі да яе традыцый і культуры спрыяў удзел 11-класнікаў у даследчым праекце “Свіслач гістарычная”. А ў рамках гімназічнага праекта “Памятаем, каб жыць!” праводзяцца ўрокі памяці, сустрэчы з прадстаўнікамі пракуратуры горада, падчас якіх навучэнцы даведваюцца аб трагічных лёсах людзей, якія сталі сведкамі і ахвярамі жахлівых злачынстваў фашызму. Расказваючы пра Хатынь, педагогі нагадваюць дзецям пра мноства па-зверску знішчаных вёсак.
Рэалізацыя праекта “Установа адукацыі Мэт устойлівага развіцця” дазволіла гімназіі заняць 2-е месца ў раённым аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку сярод населеных пунктаў, падведамасных тэрыторый суб’ектаў гаспадарання ўсіх форм уласнасці і прыватных домаўладанняў. Гімназісты актыўна праявілі сябе ў акцыі “Наш утульны чысты двор”, рэспубліканскіх суботніках. Таксама прынялі ўдзел у праекце “Новае жыццё вучнёўскага сшытка”, акцыі “Зрабі свет чысцейшым”, тэматычных мерапрыемствах “Добрая чараўніца Зямля”, прысвечаных Дню Зямлі.
Навучэнцы, педагогі і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі гімназіі пасадзілі яблыневы сад у гонар Вялікай Перамогі. Вучні ўзялі на сябе абавязак па доглядзе дрэў.
Кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні наладжана супрацоўніцтва з 11-й, 12-й пагранічнымі заставамі, аддзяленнем пагранічнага кантролю “Бераставіца” Гродзенскай пагранічнай групы. Праводзяцца сумесныя ўрокі мужнасці з прадстаўнікамі пагранічных застаў.
Праектная дзейнасць
У рамках гімназічнага праекта “Валанцёр — гэта крута!” ва ўстанове адукацыі створана 5 валанцёрскіх атрадаў. Валанцёры падтрымліваюць у належным стане месцы воінскіх пахаванняў, аказваюць дапамогу ветэранам педагагічнай працы і адзінокім гараджанам, удзельнічаюць у дабрачынных акцыях.
З 2022 года вядзецца работа па рэарганізацыі музея гісторыі школы ў музей гісторыі адукацыі Свіслацкага раёна. З мэтай папаўнення яго экспазіцый рэалізуюцца такія праекты, як “Педагогі — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны” і “Старонкі пажоўклага альбома”. Школьнікі збіраюць матэрыялы пра педагогаў — ветэранаў вайны і запісваюць відэаінтэрв’ю з ветэранамі педагагічнай працы. Сёлета ў даследчую дзейнасць уключыцца кожны клас, у выніку будзе створана новая экспазіцыя для музея гісторыі адукацыі Свіслацкага раёна.
— Праектная дзейнасць гімназіі зацікавіла нашых сяброў з Расійскай Федэрацыі, — расказала С.Ф.Гірэй. — Дарэчы, з 2022 года ў гімназіі рэалізуецца міжнародны праект “Мы — нашчадкі Перамогі: Беларусь — Расія”. У яго рамках наладжана супрацоўніцтва з сярэдняй школай № 8 горада Яльца. У прыватнасці, навучэнцы і педагогі расійскай школы вырашылі прадоўжыць аўтарскі праект нашай гімназіі “Ветэран у маёй сям’і”, да рэалізацыі якога прыцягнулі бацькоў дзяцей, запісалі іх відэааповеды пра родных. Зрабілі агульны рэсурс, адно відэа патрыятычнай накіраванасці пра герояў, якія разам ваявалі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пачатак ёсць, упэўнена, будзе і працяг. Шмат планаў і ідэй на год бягучы, сярод іх наладжванне супрацоўніцтва з Калініградскай і Ніжагародскай абласцямі.
У гімназіі склаліся цесныя сувязі з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Арганізуюцца сустрэчы гімназістаў з настаяцелямі праваслаўных храмаў. Разглядаюцца пытанні маральнага выхавання падрастаючага пакалення, празмернага захаплення камп’ютарнымі гульнямі, непаслушэнства бацькам, распаўсюджвання сярод непаўналетніх шкодных звычак. На такіх сустрэчах адзначаецца важнасць сямейных каштоўнасцей.
Педагогі і гімназісты актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных фестывалях і конкурсах і нярэдка становяцца пераможцамі. На міжнародным конкурсе творчых і даследчых работ у гонар мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, “Філарэтаўскія чытанні” Настасся Курбат атрымала дыплом I ступені. На міжнародным конкурсе Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя” Ілья Гуштын заваяваў 1-е месца. Дар’я Кудракова атрымала дыплом II ступені на IV Міжнародным конкурсе выканальніцкіх відаў мастацтва “#СЯБРЫ-2022” і дыплом I ступені на міжнародным шматжанравым конкурсе “Мечтай с Музыкантофф”. Педагогі Л.А.Пабудзей і А.У.Калюта сталі дыпламантамі, а А.В.Тарасевіч — лаўрэатам VIII Міжрэгіянальнага фестывалю інавацыйных педагагічных ідэй “Стратэгія будучыні” сярод прадстаўнікоў рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. У бягучым годзе навучэнка гімназіі Ганна Пекар стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” і ўдзельніцай беларуска-расійскага праекта “Цягнік Памяці”.
Ганаровае званне “Школа міру” абавязвае педагогаў і далей выхоўваць моладзь у духу гуманізму, узаемаразумення і дружбы паміж народамі.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай адукацыі