Як з 1 студзеня можна будзе браць пазапланавы водпуск і праходзіць дыспансерызацыю, расказалі ў Мінпрацы

- 10:20Компетентно, Новости

Аплатныя свабодныя дні для праходжання дыспансерызацыі, больш зручныя ўмовы для атрымання адукацыі працуючымі беларусамі… Што яшчэ зменіцца з 1 студзеня 2024 года ў Працоўным кодэксе нашай краіны — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дыспансерызацыя па-новаму

Для таго каб заахвоціць лю­дзей своечасова клапаціцца аб сваім здароўі і ўдзяляць патрэбную ўвагу прафілактыцы захворванняў, уводзіцца новая практыка праходжання дыспансерызацыі. З новага года работнікі змогуць атрымаць для гэтых мэт вызваленне ад працы з захаваннем сярэдняга заробку. Перыядычнасць праходжання дыспансерызацыі будзе залежаць ад узросту работніка. Людзі, якім да 40 гадоў, змогуць вызваляцца ад працы на адзін дзень раз у тры гады; якім больш за 40 гадоў — на адзін дзень штогод; жанчыны пасля 53 і мужчыны пасля 58 гадоў — на два дні штогод.

Фота БелТА

— Каб узяць дзень ці дні для праходжання дыспансерызацыі, трэба будзе загадзя звярнуцца з заявай да наймальніка і ўзгадніць гэты крок, — тлума­чыць начальнік аддзела нарматыўнага прававога рэгулявання працоўных адносін і экспертызы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Валянціна Маслоўская. — Што тычыцца пытання аб неабходнасці пацвярджаць праходжанне абследаванняў, то яно будзе вырашацца ўнутры арганізацыі. Калі наймальнік замацуе ў лакальным прававым акце, што работнік павінен прадастаўляць пацвярджальны дакумент, то трэба будзе гэта рабіць.

Навацыі прадугледжаны Законам Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносін”.

Выплата на аздараўленне

Адбыліся карэкціроўкі і ў артыкуле, які тычыцца аднаразовай выплаты на аздараўленне. Яе можна будзе атрымаць не толькі падчас выкарыстання працоўнага водпуску ці яго часткі, як зараз.

— Напрыклад, работнік не пайшоў у водпуск, але ён хоча атрымаць выплату на аздараўленне. Гэта стане магчыма. Ці працоўны водпуск выкарыстаны, а работніку прапанавалі пуцёўку ў санаторый — гэта таксама нагода папра­сіць выплату. Пытанне бу­дзе рэгулявацца лакальным прававым актам арганізацыі, — расказала Валянціна Уладзіміраўна.

Больш інфармацыйных тэхналогій

Кадравае справаводства можна будзе весці ў электронным выглядзе. Новы падыход дазволіць адысці ад папяровых кадравых дакументаў у шэрагу выпадкаў, напрыклад, калі работнік павінен азнаёміцца з загадам наймальніка ці калі хоча напісаць заяву на водпуск. Але гэта магчыма толькі пры ўмове, што праграмныя комплексы, якія выкарыстоўвае прадпрыемства, дакладна ідэнтыфікуюць кожнага работніка.

— Нам задаюць пытанні адносна магчымасці накіроўваць паведамленні, напрыклад, па Viber. Тлумачым, што гэты спосаб прымяняць нельга, таму што ён не дазваляе персанальна ідэнтыфікаваць работніка, — тлумачыць Валянціна Маслоўская.

Скарачэнне дня для мнагадзетных

Робіцца чарговы крок насустрач інтарэсам бацькоў, якія выхоўваюць траіх ці больш дзяцей да 16 гадоў або дзіця з інваліднасцю да 18 гадоў. Цяпер яны змо­гуць па ўзгадненні з наймальнікам замест дадатковага аплатнага выхаднога адзін дзень у тыдзень скарачаць працягласць працы на адну гадзіну што­дзённа. Адна ўмова — гэта не павінна перашкаджаць вытворчаму працэсу ў арганізацыі.

— Сітуацыі ў сем’ях бываюць розныя, часам работніку неабходна што­дзённа скарачаць працоўны час для таго, каб забі­раць дзіця са школы, ва­дзіць яго на гурткі і г.д. Таму ў заканадаўства закладваецца варыятыўнасць, бацькі змогуць самі вызначыць, які варыянт ім падыхо­дзіць больш, — адзначае прадстаўніца Мінпрацы.

Камбінаваны фармат

У Працоўным кодэксе замацоўваецца магчы­масць камбінаванай працы, падчас якой перыяды выканання абавязкаў дыстанцыйна і ў офісе чаргуюцца. Выкарыстанне такога падыходу магчыма па ініцыятыве як наймальніка, так і работніка. Пры гэтым абавязкова трэба ўнесці адпаведныя карэкціроўкі ў працоўны дагавор.

Замацавана магчымасць для наймальніка часова пераводзіць работніка на дыстанцыйную работу — да 6 месяцаў у каляндарным годзе. Зрабіць гэта можна будзе на падставе загада наймальніка, не абавязкова карэкціраваць працоўны дагавор.

Заработная плата ўсім работнікам павінна будзе выплачвацца не радзей чым два разы ў месяц (уключаючы аванс).

У горы і радасці

З нагоды як шчаслівых, так і трагічных падзей у жыцці чалавека, такіх як шлюб, нараджэнне дзіцяці, смерць блізкага сваяка і інш., прадугледжваецца сацыяльны водпуск да 3 каляндарных дзён з захаваннем зарплаты. Калі раней такія магчымасці меліся толькі ў тых работнікаў, у якіх яны былі прапісаны ў калектыўных дагаворах, то зараз імі змогуць скарыстацца і іншыя.

За свой кошт

Закранулі карэкціроўкі і практыку прадастаўлення водпуску без захавання заработнай платы. На сёння заканадаўча замацавана яго працягласць да 30 каляндарных дзён, але наймальнік згодна з калектыўным дагаворам можа даць больш, прычым няма ніякіх абмежаванняў. На практыцы бывае так, што работнік знаходзіцца ў водпуску 4, 5 месяцаў, нават паўгода. Згодна з новай практыкай, гэты тэрмін на працягу каляндарнага года сумарна не зможа перавышаць па калектыўным дагаворы 3 месяцаў.

Вучобе насустрач

Палепшацца ўмовы для атрымання адукацыі працуючымі беларусамі. На сёння наймальнік, які не накіроўваў работніка на навучанне, мае права адмо­віць яму ў прадастаўленні вучэбнага водпуску. А згодна з прынятымі навацыямі, калі работнік без накіравання наймальніка атрымлівае першую сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю або — не важна, якую па ліку — прафесійна-тэхнічную адукацыю, работадавец будзе абавязаны прадаставіць яму сацыяльны вучэбны водпуск без захавання заработнай платы.

— Такім чынам, работнік зможа спакойна здаваць па месцы вучобы залікі і экзамены, не думаючы пра тое, як яму дзеля гэтага сысці з работы ці ўзяць на гэты час працоўны водпуск. Навацыя будзе садзейнічаць таму, каб нашы працуючыя грамадзяне павышалі свой адукацыйны ўзровень і развіваліся, — падкрэс­лівае Валянціна Маслоўская.

Закрануць змяненні і практыку паступлення ў аспірантуру. Замацоўваецца норма, якая дае работніку права атрымаць для гэтага сацыяльны водпуск да 12 каляндарных дзён без захавання заработнай платы.

З’явіцца норма, закліканая дапамагчы работніку завяршыць напісанне дысертацыі, — будзе прадастаўляцца аплатны водпуск працягласцю да 30 каляндарных дзён.

Водпуск па-за графікам

Удакладнена норма адносна тэрміну выплаты адпускных. Зараз яны выплач­ваюцца работніку за два дні да сыходу ў водпуск. Але ёсць сітуацыі, калі трэба пайсці ў водпуск тэрмінова, не па графіку. Наймальнік і хацеў бы задаволіць такое жаданне работніка, але яго стрымлівае патрабаванне хуткай выплаты адпускных. Згодна з адкарэкціраванай нормай, у такіх выпадках выда­ваць адпускныя магчыма будзе на працягу двух дзён пасля прадастаўлення водпуску. Гэта дапаможа ў вырашэнні тэрміновых сітуацый.

Дублікат працоўнай кніжкі

Скарэкціраваны правілы запаўнення дубліката працоўнай кніжкі, калі яе арыгінал па той ці іншай прычыне быў страчаны.

— Вядомы выпадкі, калі работнік, у працоўнай кніжцы якога значыцца не зусім прыемны для яго запіс, казаў наймальніку, што згубіў яе, а пры запаўненні дубліката не прадастаўляў звесткі аб арганізацыі, у якой яму зрабілі той самы “нязручны” запіс. Больш такога не бу­дзе, — адзначыла прадстаўніца Мінпрацы.

Замацоўваецца патрабаванне аб тым, што наймальнік павінен запаў­няць дублікат на падставе звестак Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, якія акумулююцца там з 1 студзеня 2003 года. У далейшым ён зможа запытваць у арганізацыях, дзе раней працаваў работнік, дадатковую інфармацыю аб ім. Звесткі аб працоўнай біяграфіі да 1 студзеня 2003 года будуць, як і раней, паведамляцца наймальніку непасрэдна работнікам.

Аксана МЫЦЬКО