Якія з апошніх выданняў Інстытута гісторыі НАН Беларусі варта пачытаць. Расказалі навукоўцы

- 15:03Новости

Якія выдавецкія праекты пра гісторыю і сучаснасць беларускай дзяржавы рэалізаваны апошнім часам? Што за кнігі на гэтыя тэмы з’явіліся ў кнігарнях? Да якіх праектаў далучана школьная моладзь, студэнцтва? Пра гэта гаварылі на прэс­-канферэнцыі ў прэс­-цэнтры Дома прэсы спецыялісты з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Акадэмічны падыход

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза справядліва адзначыў, што без выдавецкіх праектаў пра гісторыю беларускай дзяржавы немагчыма выхаваць сапраўдных патрыётаў. Ён прывёў меркаванне аднаго з калег: “Хто любіць гісторыю — той любіць і сваю краіну”.

Тут можна ўдакладніць, што яшчэ і любоў да ісціны асвячае найвышэйшым сэнсам абодва гэтыя пачуцці. Несучы “сваю крыўду” па жыццёвых шляхах, беларусы заўсёды намагаліся і ствараць сваю гісторыю, і пісаць яе — самі. Марыў пра тое і Янка Купала. “Прыйдзе новы — а мудры — гісторык, // А ён прыйдзе — ужо ён ідзе — // І сказ дзіўны, праўдзівы ад зорак // І да зорак аб нашых прасторах, // Аб падзеях, людзях павядзе…” — напісаў Пясняр у 1931 годзе. На такіх даследчыкаў і цяпер надзея, бо, як ні парадаксальна гэта гу­чыць, па дакладных гістарычных картах вызначаюцца нашы дарогі ў будучыню.

Вадзім Лакіза звярнуў увагу на пяцітомнік “История белорусской государственности”, у якім раскрыты найважнейшыя тэндэнцыі, заканамернасці развіцця беларускай дзяржаўнасці: “Найбуйнейшая комплексная работа, у якой былі задзейнічаны вучоныя нашага інстытута, вядучых вышэйшых навучальных устаноў краіны. Разглядаюцца ўсе формы гісторыі беларускай дзяржаўнасці, пачынаючы са старажытнай Русі, Полацкага і Тураўскага княстваў і заканчваючы суверэннай незалежнай Рэспублікай Беларусь”.

У сямітомным праекце НАН Беларусі “Республика Беларусь: 25 лет созидания и свершений” другі том прысвечаны гісторыі беларускай дзяржаўнасці, у цэлым гісторыі краіны, дзяржавы.

Прамоўца звярнуўся да ключавых дат у нашай гісторыі — Дня Перамогі, Дня Незалежнасці. Гэтым кірункам у Інстытуце гісторыі, выдавецтве “Беларуская навука” ўдзя­ляюць вялікую ўвагу: “Пабачыў свет шэраг выданняў і работ, у якіх паказаны гераіч­насць і трагедыя беларусаў, вялікі ўклад народа ў перамогу, значэнне тых падзей для сусветнай гісторыі. Мы раскрываем і асобныя старонкі генацыду беларускага народа. У рабоце над адным з апошніх калектыўных выданняў пра 1941 год прымалі ўдзел вучоныя і з суседніх краін. Паказаны найважнейшыя моманты, звязаныя з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, яе перадумовы, асаблівасці, ход развіцця падзей”.

Яшчэ адзін кірунак даследаванняў — 17 верасня, Дзень народнага адзінства. За апошнія гады, як адзначыў Вадзім Лакіза, каласальная работа была праве­дзена навукоўцамі па абгрунтаванні самой даты. Адно з выданняў — зборнік “Рыжскi мiр 1921 года і Беларусь: да 100-годдзя заключэння”, у які ўвайшлі даследаванні як беларускіх вучоных, так і іх калег з Расіі, Украіны, Узбекістана.

“Былі праведзены спецыяльныя навуковыя форумы да 100-годдзя заключэння Рыжскага міру. Мы паказваем факты і дакументы, на іх аснове робім вывераныя ацэнкі — з улікам нацыянальных інтарэсаў, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Ацэнкі скіраваны на захаванне суверэнітэту, незалежнасці нашай дзяржавы”, — адзначыў Вадзім Лакіза.

Тэматычна звязана з ганебным Рыжскім мірам (а яго, як вядома, заключылі без уліку меркаванняў беларускага насельніцтва і гэтак жа ў 1939-м парушылі…) кніга “Назаўжды разам”. Яна выйшла да 80-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з яе савецкімі тэрыторыямі. Навуковец падкрэсліў: “Значэнне 1939 года ў лёсе нашага народа прааналізавана ўсебакова. Эканамічныя, сацыяльныя, культурныя, рэлігійныя, палітычныя пытанні разгледжаны вучонымі з розных бакоў”.

Безумоўна, для гісторыкаў важныя ўсе перыяды дзяржаўнасці. Але асабліва цікава тое, што яшчэ “не ўляглося” канчаткова: перыяд ХХ стагоддзя, найперш савецкае мінулае. Вадзім Лакіза параіў звяртацца да матэрыялаў работы “Гістарычны лёс беларускай савецкай дзяржаўнасці: да 100-годдзя абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь”. Даследаванне фундаментальнае. Пра яго навуковец сказаў: “У далейшым яно выкарыстоўваецца нашымі калегамі пры падрыхтоўцы вучэбнай літаратуры для школ і ВНУ, для папулярызацыі, падрыхтоўкі матэрыялаў, напрыклад, для адзінага дня інфармавання”.

Яшчэ адна работа на гэтую ж тэму, з поглядам на савецкае мінулае пад іншым ракурсам, — зборнік артыкулаў “Советский опыт: взгляд из XXI века (к 100-летию образования Союза Советских Социалистических Республик)”. Вадзім Лакіза патлумачыў, што гэта сумесны праект з расійскімі партнёрамі і калегамі: “Летась да юбілею ў нашым інстытуце сумесна з Інстытутам расійскай гісторыі РАН і фондам “Историческая память” праведзена буйная навуковая канферэнцыя. Запрасілі вучоных з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі, каб паказаць найважнейшыя моманты, у першую чаргу пазітыўныя, савецкай гісторыі, прычым з моманту ўтварэння СССР і да яго распаду, развалу. Дарэчы, самі гэтыя тэрміны таксама абмяркоўваліся. Даклады былі дапрацаваны з улікам навуковых патрабаванняў рэдакцыі, увайшлі ў кнігу. Добрыя артыкулы, узважаныя ацэнкі, дыскусійныя ў тым ліку”.

З увагай да рэгіёнаў

Каштоўныя кнігі, у тым ліку для школьнікаў і настаўнікаў, прысвечаны асобным рэгіёнам краіны. З 2014 года выдаецца серыя “Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі”: ужо выйшлі 24 кнігі. Апошнім прэзентавалі ў верасні выданне пра Дзятлаўскі раён, і Ва­дзім Леанідавіч, заўважым, родам з тых мясцін. Да юбілею горада ў райцэнтры прайшла канферэнцыя “Дзятлава і Дзятлаўскі край”. Сёлета ж выйшлі падобныя кнігі па Акцябрскім, Сенненскім, Лепельскім раёнах, у працэсе выдання кніга пра Ашмяншчыну, у Талачынскім раёне сёлета правялі канферэнцыю.

“Мясцовыя жыхары вельмі зацікаўлены ў такіх выданнях. У іх пададзены вядомыя прозвішчы, гісторыя населеных пунктаў, назвы вуліц і плошчаў. Прыводзяцца архіўныя звесткі. Дарэчы, да стварэння такіх выданняў мы пачалі далучаць школьнікаў і студэнтаў, даваць ім магчымасць для першай публікацыі”, — адзначыў дырэктар Інстытута гісторыі. На яго думку, гэта вельмі важна: “Калі вучань 9—10 класа з дапамогай настаўніка, пры пэўнай рэдактарскай рабоце і дапамозе навукоўцаў атрымлівае кнігу з першай сваёй публікацыяй — гэта выдатна! Добры стымул для далейшай навуковай дзейнасці. Вось так, на гістарычных фактах, праз навукова-даследчую работу абуджаецца пачуццё любові да сваёй Айчыны, да таго ж выхоўваецца чалавек для навукі. Мяркуем, гэта правільныя практычныя крокі. Спадзяёмся, што такія кантакты са школамі і ВНУ прадоўжацца”.

Цяпер супрацоўнікі Інстытута гісторыі, рэалізуючы Дзяржпраграму “Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы”, займаюцца як навукова-даследчай, так і пошукавай дзейнасцю. Рыхту­юць навуковыя работы, зборнікі дакументаў з анатацыямі, якія будуць выкарыстоўвацца пры падрыхтоўцы вучэбнай літаратуры. І навукова-папулярныя выданні рыхтуюць. Скажам, у рабоце — серыйныя выданні пра беларускія гарады, узнагароджаныя вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны” — такіх раней было 27. Цяпер жа, як праінфармаваў Ва­дзім Лакіза, інстытут правёў сумесную работу з Дзяржмузеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мінабароны і ўжо рыхтуецца загад — спіс уганараваных населеных пунктаў пашырыцца. Шмат важнай інфармацыі ўвойдзе ў кнігі: пра гісторыю паселішчаў, падзеі ў іх і вакол іх у першых баях у 41-м і ў час вызвалення, пра мясцовых партызан і падпольшчыкаў, герояў тых падзей — ураджэнцаў тых мясцін.

Па ініцыятыве старшыні прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова Інстытут гісторыі рыхтуе навукова-папулярнае выданне “Гісторыя Беларусі ў міфах і легендах”. У ім праз асобы, канкрэтных вядомых людзей будзе паказана гісторыя беларускай дзяржаўнасці, гісторыя краіны. У разгары і работа над праектам па выданні літаратуры для школьнікаў Саюзнай дзяржавы. Яго мэта — паказаць агульную гісторыю Беларусі і Расіі, данесці яе максімальна шырокаму колу чытачоў. А такіх старонак супольнай гісторыі, як адзначыў Ва­дзім Лакіза, мноства, і ёсць шмат добрых прыкладаў для фарміравання гістарычнага светапогляду на агульнай прасторы Саюзнай дзяржавы. Выданні выхо­дзяць на дзвюх мовах, грунтуюцца на ўзаемапавазе і папулярызу­юць агульную беларуска-расійскую гістарычна-культурную спадчыну.

Чаму і сёння гэта важна?

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі Павел Трубчык яшчэ раз звярнуў увагу на тое, што вывучэнне Вялікай Айчыннай вайны, асвятленне яе падзей — важны напрамак работы інстытута. Створаны ў ім і цэнтр ваеннай гісторыі Беларусі. Спецыялісты, якія непасрэдна займаюцца вывучэннем таго часу, разам з калегамі з ВНУ выдалі вучэбныя дапаможнікі, у тым ліку вучэбна-метадычны комплекс па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў кантэксце Другой сусветнай. Ён уключае ў сябе чатыры выданні: рабочы сшытак, атлас, хрэстаматыю і сам дапаможнік. І ўсё гэта ўжо можна выкарыстоўваць ва ўстановах адукацыі.

На думку Паўла Трубчыка, ваенная тэматыка займае важнае месца ў гістарычным парадку дня яшчэ і таму, што Вялікая Айчынная вайна істотна паўплывала на пра­цэсы развіцця беларускай дзяржавы: “Былі вялізныя матэрыяльныя страты, былі каласальныя страты сярод мірнага насельніцтва. І ўвогуле, пасля вайны стаяла пытанне аб захаванні беларусаў як нацыі. Вось таму мы і павінны добра выву­чыць і ведаць тыя падзеі, асабліва з улікам спроб фальсіфікацыі гісторыі. Неабходна адказваць на гэтыя выклікі, даво­дзіць аб’ектыўную інфармацыю пра тое, з чым насамрэч сутыкнуўся беларускі народ у тыя гады”. На думку спецыяліста, даследаванні перыяду Вялікай Айчыннай вайны яшчэ доўгі час будуць зай­маць значнае месца ў рабоце Інстытута гісторыі НАН.

Павел Трубчык на прэс-канферэнцыі паказаў кнігі з вялікага праекта, ініцыіраванага старшынёй прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Гусаковым: “Мы выдалі ўжо трэцюю кнігу ў рамках акцыі “Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!”. Прычым акцыя разгортваецца, набірае папулярнасць. Сутнасць яе ў тым, што самі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, іх сваякі могуць падаваць нам сваю інфармацыю, успаміны, дакументы. І ўсё гэта будзе апублікавана. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі мы плануем вы­даць чацвёртую кнігу, а пятую — да юбілею Вялікай Перамогі. Створаны інтэрнэт-партал https://belletapis.by/: на ім таксама размяшчаецца, дубліруецца інфармацыя”. Выданні цікавыя для гісторыкаў, педагогаў навучальных устаноў, настаўнікаў, моладзі. Кнігі можна выкарыстоўваць у навукова-даследчай рабоце, вучэбным і педагагічным працэсе.

Павел Трубчык анансаваў таксама работу над новым шматтомным выданнем “Гісторыя Беларусі”. Ён адзначыў, што ідэя знайшла падтрымку ў органах дзяржкіравання. Плануецца, што ўжо ў 2024 годзе выйдзе першы энцыклапедычны том.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара