Запатрабаваныя і высокакваліфікаваныя кадры з інавацыйным мысленнем рыхтуе каледж у Лепелі

- 11:06Абитуриент, Образование

Педагогі Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа ўпэўнены, што “нельга рухацца наперад з галавой, павернутай назад”, як недапушчальна і выкарыстоўваць неэфектыўныя, устарэлыя тэхналогіі навучання. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кім стаць?

Сёння ў каледжы з амаль 50-гадовай гісторыяй рэалізуюцца адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі па 14 інтэграваных прафесіях. Камбінацыі спецыяльнасцей з году ў год мяняюцца і чаргуюцца з улікам патрэб заказчыкаў кадраў і насычанасці рынку працы. Апошнія два гады абітурыентаў набіраюць толькі пасля 9 класа.

— Асноўная задача педагагічнага калектыву — падрыхтоўка запатрабаваных і высока­кваліфікаваных спецыялістаў, якія валодаюць інавацыйным мысленнем, кіраўніцкай культурай, псіхалагічнай устойлівасцю, высокай ступенню адказнасці і здольныя да засваення сучаснай тэхнікі і тэхналогій, — упэўнены дырэктар Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Алег Лебедзь, у мінулым яго выпускнік. — Прафесійнае станаўленне навучэнцаў, авалоданне шэрагам навыкаў і кампетэнцый адбываецца ў сценах каледжа паэтапна. Пры гэтым педагагічны калектыў прытрымліваецца прынцыпу “павышэнне кампетэнтнасці навучэнцаў праз павышэнне кампетэнтнасці выкладчыкаў”. Пад­рыхтаваць канкурэнтаздольнага спецыяліста можа толькі канкурэнтаздольны педагагічны калектыў. Нашы педагогі веда­юць, што “нельга рухацца наперад з галавой, павернутай назад”, нельга выкарыстоўваць неэфектыўныя, устарэлыя тэхналогіі навучання.

На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі набор сёлета склаў 75 чалавек. Амаль праз 4 гады навучання хтосьці з цяперашніх першакурснікаў стане тэхнікам-будаўніком у сферы будаўніц­тва будынкаў і збудаванняў, а таксама атрымае працоўныя кваліфікацыі “муляр” і “тынкоўшчык”. Хтосьці будзе працаваць тэхнікам-механікам па эксплуатацыі пад’ёмна-транспартных, дарожна-будаўнічых машын і абсталявання, асвоіўшы кваліфікацыі “слесар па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў”, “трактарыст-машыніст” і “вадзіцель аўтамабіля”. Ёсць тыя, хто стане тэхнікам-механікам па абслугоўванні і рамонце сельгас­тэхнікі, атрымаўшы кваліфікацыі “слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання”, “трактарыст-машыніст”, “ва­дзіцель аўтамабіля”. Дарэчы, апошнія змогуць паступаць па сістэме НІСПА ў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт або Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і стаць інжынерамі. Таксама пай­сці ў далейшым па шляху бесперапыннай інтэграванай прафесійнай адукацыі і атрымаць вышэйшую адукацыю па сваім профілі змогуць тыя, хто вырашыць асво­іць спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне меліярацыйных і водагаспадарчых работ” або “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў”.

— На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі першакурснікамі сёлета сталі 107 чалавек. За тры гады навучання яны асво­яць адначасова 2—3 прафесіі: бетоншчыка, вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі С, машыніста аўтамабільнага крана; швачкі і цырульніка; трактарыста-машыніста і электрагазазваршчыка; лесавода, трактарыста-машыніста і ва­дзіцеля аўтамабіля катэгорыі С, — расказвае намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-вытворчай рабоце Алеся Пшанко і акцэнтуе ўвагу на новаўвядзенні. — Дарэчы, будучых лесаводаў з гэтага года мы сталі рыхтаваць упершыню па запыце лясгасаў, дзе ёсць недахоп кадраў. Асваенне некалькіх прафесій дазволіць нашым выпускнікам пашырыць гарызонты для самарэалізацыі і паспяховага працаўладкавання. Будучыя спецыялісты па лясной гаспадарцы ўжо прыклалі руку да аднаўлення і пасадкі лесу, а таксама атрымалі ў падарунак ад будучага работадаўца спецыяльную форму.

У гэтым годзе ў каледжы вучацца 119 мэтавікаў. З іх 48 будучых тэхнікаў-механікаў, якія змо­гуць працаваць таксама трактарыстамі-машыністамі ў сельгас­арганізацыях.

Наяўнасць 4 аўтамабіляў МАЗ, а таксама 7 трактароў МТЗ розных мадэлей дазваляе вучыць юнакоў ваджэнню на катэгорыі ад В да F. На аўтамабільным кране будучыя машыністы крана адпрацоўваюць навыкі пад’ёму грузаў. На 249 га, з якіх 128 га раллі, вырошчваюцца збожжавыя, бульба, морква, буракі.

Ад тэорыі да практыкі

Важнае месца ў вучэбным працэсе зай­мае практычнае навучанне. Моладзь праходзіць розныя віды практык. Вучэбная азнаямленчая практыка прадугледжвае знаёмства з аб’ектамі будучай прафесійнай дзейнасці. Вучэбная практыка для атрымання кваліфікацыі рабочага дае магчы­масць будучым спецыялістам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй стаць слесарамі, мулярамі, тынкоўшчыкамі, слесарамі-сантэхнікамі, малярамі, электраманцёрамі. Вы­творчая практыка на прадпрыемствах прадугледжвае атрыманне навыкаў па пэўнай рабочай кваліфікацыі. На тэхналагічнай практыцы навучэнцы трэцяга курса развіваюць атрыманыя прафесійныя навыкі, а на пераддыпломнай працуюць над дыпломным праектам, збіраючы неабходны матэрыял.

— Вытворчая практыка доўжыцца ад 8 да 14 тыдняў у залежнасці ад прафесіі. Напрыклад, нашы слесары атрымліваюць практычныя навыкі ў першым семестры навучальнага года, каб у другім адправіцца на тэхналагічную практыку са сведчаннем слесара на руках. Падчас практыкі юнакі і дзяўчаты могуць працаўладкоўвацца па працоўным дагаворы на прадпрыемствах па месцы жыхарства. Часта гэтыя арганізацыі потым становяцца работадаўцамі выпускнікоў каледжа, — удакладняе Алеся Пшанко. — Сярод самых буйных заказчыкаў кадраў, напрыклад, СВФ “За­азер’е” — адзін з філіялаў Віцебскага мясакамбіната, Лепельская сортавыпрабавальная станцыя, ААТ “Ільюшынскі”, ААТ “Палац працы — Агра” — адзін з флагманаў сельгасвытворчасці не толькі Чашніцкага раёна, але і ўсёй Віцебшчыны. Там заўсёды запатрабаваны нашы хлопцы: механікі, трактарысты, слесары.

Гэтай вясной юныя муляры і тынкоў­шчыкі змаглі прымяніць свае навыкі на будаўніцтве басейна ў Лепелі, дзе ў складзе студэнцкага атрада праходзілі вытворчую практыку.

Параўнаць свой узровень майстэрства з узроўнем аднагодкаў з іншых кале­джаў хлопцы і дзяўчаты могуць на конкурсах прафмайстэрства, якія рэгулярна праводзяцца на базе профільных універсітэтаў — БДАТУ і БДСГА. Часта будучыя механікі з Лепеля лідзіруюць у спаборніцтвах па зборцы сельскагаспадарчых агрэгатаў, а таксама становяцца першымі і другімі ў фігурным кіраванні трактарам, аўтамабілем. Сёлета на конкурсе “АкадэміяПрофі” юныя лепяльчане занялі 2-е агульнакаманднае месца.

У рамках сеткавага ўзаемадзеяння навучэнцы рэгулярна адпраўляюцца на пяцідзённую вучобу ў цэнтры кампетэнцый на базе іншых каледжаў Віцебшчыны, дзе асвойваюць сваю спецыяльнасць на найноўшым сучасным абсталяванні.

Росквіт таленту і дабрыні

Вольны час навучэнцы право­дзяць у аб’яднаннях па інтарэсах “Чароўны вузельчык”, “Роспіс па шкле”, “Выцінанка”, у псіхалагічнай гасцёўні “Характар. Асоба. Лёс”. Аматары спорту займаюцца футболам, валейболам, боксам. Дадатковай адукацыяй ахоплена каля 60% навучэнцаў.

Ужо не першы год па ініцыятыве педагога-арганізатара Святланы Стэльмах вядзецца маштабная валанцёрская работа ў культурна-масавай сферы, наладжана цеснае супрацоўніцтва валанцёрскага атрада “Доб­рае сэрца” і членаў Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Лепельскага раёна. А некалькі гадоў назад яны рэалізавалі першы сумесны праект — стварылі вакальна-інструментальны ансамбль “Ударнае жыццё”. Гэта стала магчымым дзякуючы перамозе каледжа на конкурсе маладзёжных ініцыятыў БРСМ.

— Атрыманыя за перамогу ў конкурсе сродкі мы ўклалі ў куплю электрагітары, акустычнай і ўдарнай устаноўкі. А затым за тры месяцы навучылі жадаючых спяваць і іграць на музычных інструментах, — рас­казвае педагог-арганізатар Святлана Анатольеўна. — Цяпер ансамбль выконвае як сучасныя хіты, так і музыку, папулярнасць якой не згасае на працягу дзесяцігоддзяў.

Наступным крокам у развіцці культурнага валанцёрства стала стварэнне інклюзіўнага тэатра “Два крылы”. У яго ўвайшлі акцёры-валанцёры з ліку навучэнцаў кале­джа, а таксама 12 чалавек з Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Лепельскага раёна. Першы спектакль, які паставіў творчы калектыў, называецца “Голас Хатыні”, другі — “А зоры тут ціхія”. Днямі запланаваная прэм’ера трэцяга спектакля “Бабоньки”, дзе галоўныя ролі выконваюць невідушчыя і людзі са слабым зрокам, а навучэнцы кале­джа ў асноўным задзейнічаны ў масоўцы.

— Зносіны з невідушчымі і людзьмі са слабым зрокам вучаць нашых навучэнцаў міласэрнасці, дабрыні, неабыякавасці і, вядома, дазваляюць рэалізаваць свой творчы патэнцыял, раскрыць у сабе новыя таленты, — адзначае Святлана Стэльмах. — А тое, што ў творчасці мы закранаем ваенна-патрыятычную тэму, вучыць моладзь шана­ваць і беражліва захоўваць памяць аб гераічным мінулым нашага народа.

Марына КУНЯЎСКАЯ