Педагогі Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа ўпэўнены, што “нельга рухацца наперад з галавой, павернутай назад”, як недапушчальна і выкарыстоўваць неэфектыўныя, устарэлыя тэхналогіі навучання. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Кім стаць?
Сёння ў каледжы з амаль 50-гадовай гісторыяй рэалізуюцца адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі па 14 інтэграваных прафесіях. Камбінацыі спецыяльнасцей з году ў год мяняюцца і чаргуюцца з улікам патрэб заказчыкаў кадраў і насычанасці рынку працы. Апошнія два гады абітурыентаў набіраюць толькі пасля 9 класа.
— Асноўная задача педагагічнага калектыву — падрыхтоўка запатрабаваных і высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія валодаюць інавацыйным мысленнем, кіраўніцкай культурай, псіхалагічнай устойлівасцю, высокай ступенню адказнасці і здольныя да засваення сучаснай тэхнікі і тэхналогій, — упэўнены дырэктар Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Алег Лебедзь, у мінулым яго выпускнік. — Прафесійнае станаўленне навучэнцаў, авалоданне шэрагам навыкаў і кампетэнцый адбываецца ў сценах каледжа паэтапна. Пры гэтым педагагічны калектыў прытрымліваецца прынцыпу “павышэнне кампетэнтнасці навучэнцаў праз павышэнне кампетэнтнасці выкладчыкаў”. Падрыхтаваць канкурэнтаздольнага спецыяліста можа толькі канкурэнтаздольны педагагічны калектыў. Нашы педагогі ведаюць, што “нельга рухацца наперад з галавой, павернутай назад”, нельга выкарыстоўваць неэфектыўныя, устарэлыя тэхналогіі навучання.
На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі набор сёлета склаў 75 чалавек. Амаль праз 4 гады навучання хтосьці з цяперашніх першакурснікаў стане тэхнікам-будаўніком у сферы будаўніцтва будынкаў і збудаванняў, а таксама атрымае працоўныя кваліфікацыі “муляр” і “тынкоўшчык”. Хтосьці будзе працаваць тэхнікам-механікам па эксплуатацыі пад’ёмна-транспартных, дарожна-будаўнічых машын і абсталявання, асвоіўшы кваліфікацыі “слесар па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў”, “трактарыст-машыніст” і “вадзіцель аўтамабіля”. Ёсць тыя, хто стане тэхнікам-механікам па абслугоўванні і рамонце сельгастэхнікі, атрымаўшы кваліфікацыі “слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання”, “трактарыст-машыніст”, “вадзіцель аўтамабіля”. Дарэчы, апошнія змогуць паступаць па сістэме НІСПА ў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт або Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і стаць інжынерамі. Таксама пайсці ў далейшым па шляху бесперапыннай інтэграванай прафесійнай адукацыі і атрымаць вышэйшую адукацыю па сваім профілі змогуць тыя, хто вырашыць асвоіць спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне меліярацыйных і водагаспадарчых работ” або “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў”.
— На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі першакурснікамі сёлета сталі 107 чалавек. За тры гады навучання яны асвояць адначасова 2—3 прафесіі: бетоншчыка, вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі С, машыніста аўтамабільнага крана; швачкі і цырульніка; трактарыста-машыніста і электрагазазваршчыка; лесавода, трактарыста-машыніста і вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі С, — расказвае намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-вытворчай рабоце Алеся Пшанко і акцэнтуе ўвагу на новаўвядзенні. — Дарэчы, будучых лесаводаў з гэтага года мы сталі рыхтаваць упершыню па запыце лясгасаў, дзе ёсць недахоп кадраў. Асваенне некалькіх прафесій дазволіць нашым выпускнікам пашырыць гарызонты для самарэалізацыі і паспяховага працаўладкавання. Будучыя спецыялісты па лясной гаспадарцы ўжо прыклалі руку да аднаўлення і пасадкі лесу, а таксама атрымалі ў падарунак ад будучага работадаўца спецыяльную форму.
У гэтым годзе ў каледжы вучацца 119 мэтавікаў. З іх 48 будучых тэхнікаў-механікаў, якія змогуць працаваць таксама трактарыстамі-машыністамі ў сельгасарганізацыях.
Наяўнасць 4 аўтамабіляў МАЗ, а таксама 7 трактароў МТЗ розных мадэлей дазваляе вучыць юнакоў ваджэнню на катэгорыі ад В да F. На аўтамабільным кране будучыя машыністы крана адпрацоўваюць навыкі пад’ёму грузаў. На 249 га, з якіх 128 га раллі, вырошчваюцца збожжавыя, бульба, морква, буракі.
Ад тэорыі да практыкі
Важнае месца ў вучэбным працэсе займае практычнае навучанне. Моладзь праходзіць розныя віды практык. Вучэбная азнаямленчая практыка прадугледжвае знаёмства з аб’ектамі будучай прафесійнай дзейнасці. Вучэбная практыка для атрымання кваліфікацыі рабочага дае магчымасць будучым спецыялістам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй стаць слесарамі, мулярамі, тынкоўшчыкамі, слесарамі-сантэхнікамі, малярамі, электраманцёрамі. Вытворчая практыка на прадпрыемствах прадугледжвае атрыманне навыкаў па пэўнай рабочай кваліфікацыі. На тэхналагічнай практыцы навучэнцы трэцяга курса развіваюць атрыманыя прафесійныя навыкі, а на пераддыпломнай працуюць над дыпломным праектам, збіраючы неабходны матэрыял.
— Вытворчая практыка доўжыцца ад 8 да 14 тыдняў у залежнасці ад прафесіі. Напрыклад, нашы слесары атрымліваюць практычныя навыкі ў першым семестры навучальнага года, каб у другім адправіцца на тэхналагічную практыку са сведчаннем слесара на руках. Падчас практыкі юнакі і дзяўчаты могуць працаўладкоўвацца па працоўным дагаворы на прадпрыемствах па месцы жыхарства. Часта гэтыя арганізацыі потым становяцца работадаўцамі выпускнікоў каледжа, — удакладняе Алеся Пшанко. — Сярод самых буйных заказчыкаў кадраў, напрыклад, СВФ “Заазер’е” — адзін з філіялаў Віцебскага мясакамбіната, Лепельская сортавыпрабавальная станцыя, ААТ “Ільюшынскі”, ААТ “Палац працы — Агра” — адзін з флагманаў сельгасвытворчасці не толькі Чашніцкага раёна, але і ўсёй Віцебшчыны. Там заўсёды запатрабаваны нашы хлопцы: механікі, трактарысты, слесары.
Гэтай вясной юныя муляры і тынкоўшчыкі змаглі прымяніць свае навыкі на будаўніцтве басейна ў Лепелі, дзе ў складзе студэнцкага атрада праходзілі вытворчую практыку.
Параўнаць свой узровень майстэрства з узроўнем аднагодкаў з іншых каледжаў хлопцы і дзяўчаты могуць на конкурсах прафмайстэрства, якія рэгулярна праводзяцца на базе профільных універсітэтаў — БДАТУ і БДСГА. Часта будучыя механікі з Лепеля лідзіруюць у спаборніцтвах па зборцы сельскагаспадарчых агрэгатаў, а таксама становяцца першымі і другімі ў фігурным кіраванні трактарам, аўтамабілем. Сёлета на конкурсе “АкадэміяПрофі” юныя лепяльчане занялі 2-е агульнакаманднае месца.
У рамках сеткавага ўзаемадзеяння навучэнцы рэгулярна адпраўляюцца на пяцідзённую вучобу ў цэнтры кампетэнцый на базе іншых каледжаў Віцебшчыны, дзе асвойваюць сваю спецыяльнасць на найноўшым сучасным абсталяванні.
Росквіт таленту і дабрыні
Вольны час навучэнцы праводзяць у аб’яднаннях па інтарэсах “Чароўны вузельчык”, “Роспіс па шкле”, “Выцінанка”, у псіхалагічнай гасцёўні “Характар. Асоба. Лёс”. Аматары спорту займаюцца футболам, валейболам, боксам. Дадатковай адукацыяй ахоплена каля 60% навучэнцаў.
Ужо не першы год па ініцыятыве педагога-арганізатара Святланы Стэльмах вядзецца маштабная валанцёрская работа ў культурна-масавай сферы, наладжана цеснае супрацоўніцтва валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” і членаў Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Лепельскага раёна. А некалькі гадоў назад яны рэалізавалі першы сумесны праект — стварылі вакальна-інструментальны ансамбль “Ударнае жыццё”. Гэта стала магчымым дзякуючы перамозе каледжа на конкурсе маладзёжных ініцыятыў БРСМ.
— Атрыманыя за перамогу ў конкурсе сродкі мы ўклалі ў куплю электрагітары, акустычнай і ўдарнай устаноўкі. А затым за тры месяцы навучылі жадаючых спяваць і іграць на музычных інструментах, — расказвае педагог-арганізатар Святлана Анатольеўна. — Цяпер ансамбль выконвае як сучасныя хіты, так і музыку, папулярнасць якой не згасае на працягу дзесяцігоддзяў.
Наступным крокам у развіцці культурнага валанцёрства стала стварэнне інклюзіўнага тэатра “Два крылы”. У яго ўвайшлі акцёры-валанцёры з ліку навучэнцаў каледжа, а таксама 12 чалавек з Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Лепельскага раёна. Першы спектакль, які паставіў творчы калектыў, называецца “Голас Хатыні”, другі — “А зоры тут ціхія”. Днямі запланаваная прэм’ера трэцяга спектакля “Бабоньки”, дзе галоўныя ролі выконваюць невідушчыя і людзі са слабым зрокам, а навучэнцы каледжа ў асноўным задзейнічаны ў масоўцы.
— Зносіны з невідушчымі і людзьмі са слабым зрокам вучаць нашых навучэнцаў міласэрнасці, дабрыні, неабыякавасці і, вядома, дазваляюць рэалізаваць свой творчы патэнцыял, раскрыць у сабе новыя таленты, — адзначае Святлана Стэльмах. — А тое, што ў творчасці мы закранаем ваенна-патрыятычную тэму, вучыць моладзь шанаваць і беражліва захоўваць памяць аб гераічным мінулым нашага народа.
Марына КУНЯЎСКАЯ