У лясную справу змалку. Маленькія жыхары Смаргоні прымяраюць на сябе ролі памочнікаў лесаводаў

- 10:06Образование

З жыццём лесу і яго насельнікаў дзятва знаёміцца ў дашкольным лясніцтве “Медзведзяняты”. Падрабязнасці пра іх вясновыя клопаты — у карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 Займальна і з карысцю

Лясніцтва для малышоў было адкрыта ў студзені бягучага года ў Смаргонскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці. Яго ўдзель­нікамі сталі чатырохгадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі, а ініцыятарамі выступілі педагогі названай установы, Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі і супрацоўнікі Смаргонскага доследнага лясгаса.

— Гэта наша сумесная ініцыя­тыва. І нашы педагогі, і выхавальнікі з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці вырашылі экалагічнаму кірунку ўдзяліць больш увагі, таму сабралі ўсе свае метадычныя напрацоўкі, якія і ляглі ў аснову праекта. Падключаюцца да іх і спецыялісты лясной гаспадаркі, — адзначае Вольга Каравай, дырэктар Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Ірына Цвяткова, загадчыца аддзялення эколага-біялагічнай работы гэтай установы, дадае:

— Мы наўмысна падбіралі такі ўзрост дзяцей, каб за два гады да школы паспець рэалізаваць з імі наш праект. Да­школьнікам цікава выязджаць на базу лясгаса, назіраць, як растуць елкі, сосны, якія ў іх шышкі, насенне і г.д. Якраз цяпер дзеці разам з баць­камі прымаюць актыўны ўдзел у пасадцы лесу. З імі мы адкрывалі гэтую акцыю, а 20 красавіка працягнулі. Дзеці ў захапленні і ад магчымасці сваімі рукамі са­джаць маленькія дрэўцы, і ад права насіць адзіную стылізаваную форму, якую спецыяльна для іх пашыў лясгас. На грудзях дзеці носяць значок з лагатыпам лясніцтва. Яго распрацавалі навучэнцы нашага аб’яднання па інтарэсах “Камп’ютарная дасведчанасць”. Нашы педагогі падчас пасадкі лесу далучаюцца да іх у вобразах лясных звяроў: пераапранаюцца ў лісу, лася, мядзве­дзя і інш.

Для “медзведзянят” усе заняткі праходзяць у інтэрактыўнай форме. Найчасцей іх праводзяць супрацоўнікі лясгаса, у тым ліку намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Андрэй Пятроўскі. Напрыклад, на мінулых занятках “Хвойная прыгажуня беларускага лесу” ён прынёс дзецям яловыя і сасновыя лапкі, шышкі. Тыя вывучалі іх якасці, а таксама выходзілі на тэрыторыю дзіцячага сада, параўноўвалі розныя віды елак, напрыклад, блакітную і звычайную зялёную.

Па словах Ірыны Цвятковай, такія заняткі можна разглядаць і як раннюю прафарыентацыю, толькі ў першую чаргу для бацькоў:

— Не столькі дзеці (для іх гэта яшчэ зарана), колькі іх бацькі цікавяцца шырокім спектрам лясных прафесій. Думаецца, у будучыні на пэўныя з іх яны змо­гуць сарыентаваць сваіх дзяцей. Ужо цяпер яны задаюць нам пытанні на перспектыву — і пра спецыяльнасці ў гэтай сферы, і пра ўстановы адукацыі, дзе іх можна атрымаць, і пра запатрабава­насць пэўных спецыялістаў у мясцовым лясгасе.

Лясныя сцежкі… да прафесіі

Бацькі юных лесаводаў цікавяцца і тым, як іх дзеці змо­гуць працягнуць сваё навучанне падчас вучобы ў школе. Так, выпускнікі дашкольнага лясніцтва змогуць супрацоўнічаць са Смаргонскім лясгасам ужо ў межах школьнага лясніцтва, якое збірае вучняў 8—9 класаў горада і раёна ў сценах цэнтра творчасці.

— Аб’яднанне па інтарэсах “Школьнае лясніцтва” дзейнічае ў нас тры гады, — адзначае Ірына Цвяткова. — У яго межах дзеці часта выязджаюць у лясгас. На яго базе мы праводзім розныя мерапрыемствы: экалагічныя квесты і падарожжы, раённыя злёты эколагаў і лесаводаў-аматараў. У гульнявой форме, у форме квест-прыгод нашы навучэнцы знаёмяцца з жыхарамі лесу, з правіламі паводзін у лесе, з тэхнікай тушэння пажараў. На нядаўнім злёце, напрыклад, дзеці па спілах дрэў адгадвалі іх пароду, вызначалі насенне кустовых і драўняных раслін, па атласах захворванняў і шкоднікаў ставілі дыягназ раслінам. Зімой там у нас працуе рэзідэнцыя ляснога Дзеда Мароза.

У цэнтры творчасці заняткі часам пераходзяць у іншае рэчышча. Смаргонскі лясгас цалкам абсталяваў спецыяльны кабінет, дзе юныя лесаводы праводзяць свае даследаванні. Іх тэматыка шырокая — ад параўнання розных відаў субстратаў для ўкаранення раслін і захворванняў “зялёных пацыентаў” да маніторынгу стану навакольнага асяроддзя і раслінных біяцэнозаў.

Сёлета з 3 чэрвеня для юных лесаводаў Смаргоншчыны ўпершыню будзе дзейнічаць лагер працы і адпачынку. На базе ляснога гадавальніка дзеці будуць займацца праполкай сеянцаў елкі і сасны.

Многія ўдзельнікі “Школьнага лясніцтва” ў будучыні плану­юць звязаць сваю дзейнасць з прафесіямі лясной гаспадаркі. І хоць аб’яднанне маладое, сярод яго выпускнікоў такія прыклады ўжо ёсць. Так, Арсеній Шчадрын другі год вучыцца ў Полацкім дзяржаўным лясным каледжы, а сёлета туды плануе паступаць Расціслаў Беніцэвіч.

На пытанне, чым могуць заняцца юныя лесаводы ў прамежку паміж дашкольным лясніцтвам (для дзяцей 4—6 гадоў) і школьным (для падлеткаў 14—15 гадоў), метадыст аддзялення эколага-біялагічнай работы Наталля Страх адказвае:

У нас багатая база аб’яднанняў па інтарэсах — ад здаровага ладу жыцця да экавалеа­лагічнага. Цяпер мы рэалізуем праграму “Прырода і чалавек”, некалькі раздзелаў якой прысвечаны лясным біяцэнозам. Але калі бацькі будуць зацікаўлены ў тым, каб іх дзеці не прыпынялі заняткаў у лясным кірунку ў перыяд паміж 1 і 8 класамі, то мы адкрыем аб’яднанне па інтарэсах і для малодшага школьнага ўзросту.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены суразмоўнікамі