Экаскура, аналагі слуцкіх паясоў, backend­-дадаткі — час інавацый у ВДТУ

- 11:03Образование

Жакардавыя касцюмныя тканіны, падэшвы з адходаў, супермодныя калекцыі адзення, шматкампанентныя цеплаізаляцыйныя матэрыялы… — з рапрацоўкамі вучоных Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта азнаёмілася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Стартапы, гранты, перспектывы

У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце традыцыйна вялікую ўвагу ўдзяляюць маладзёжнай навуцы. Для студэнтаў, якія цікавяцца тымі ці іншымі тэхналагічнымі працэсамі, ствараюцца ўсе ўмовы для заняткаў даследаваннямі. Так, ужо на першым курсе за кожным дапытлівым навучэнцам замацоўваецца кіраўнік, які дапамагае яму развіваць навуковы патэнцыял.

— Штогод у красавіку ў нашым універсітэце праводзіцца міжнародная навукова-тэхнічная канферэнцыя выкладчыкаў і студэнтаў. Сёлета яна адбылася ўжо 57-ы раз. Звычайна на ёй абмяркоўваюцца самыя разнастайныя тэмы: дызайн і мода, фізкультура і спорт, экалогія, тэхналогія адзення і абутку, менеджмент і маркетынг, камерцыйная дзейнасць, хімічныя і інфармацыйныя тэхналогіі, апараты лёгкай прамысловасці, абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці і многія іншыя. А таму зая­віць пра сябе і свае навуковыя інтарэсы можа кожны, выбраўшы тэму па душы, — расказаў начальнік навукова-даследчай часткі ўніверсітэта магістр эканамічных навук Віктар Сажын.

Да таго ж кожны год у ВДТУ для студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў праводзіцца конкурс для атрымання ўнутрыўніверсітэцкіх грантаў на навуковыя даследаванні і конкурс стартап-­праектаў, якія фінансуюцца за кошт пазабюджэтнай дзейнасці УВА.

— Летась Мікіта Захарчук скончыў выкананне студэнцкага стартап-гранта “Распрацоўка іміджавай калекцыі з элементамі напрамку sustainable fashion” з паспяховай камерцыялізацыяй і заключэннем гаспадарчага дагавора з Аршанскім ільнокамбінатам. А яшчэ былі завершаны студэнцкія гранты “Тэхнічнае нарміраванне вытворчасці кампазіцыйных матэрыялаў з уключэннем валакністых адходаў, атрыманых на філіяле кафедры тэхнічнага рэгулявання і таваразнаўства” і “Атрыманне шматкампанентнага кампазіцыйнага матэрыялу для вытворчасці дэталей абутку”, — праінфармаваў Віктар Анатольевіч.

У гэтым навучальным го­дзе ва ўніверсітэце выконваюцца два студэнцкія гранты. Дзмітрый Полазаў займаецца распрацоўкай прылады для сканіравання складаных каркасных паверхняў. Мікіта Захарчук вывучае сегментаванне ўстойлівай моды ў праектаванні калекцыі адзення HAUTE COUTURE. А Маргарыта Чуднікава рэалізуе стартап-­грант маладых навукоўцаў “Растовая лялька — брэнд арганізацыі (ВДТУ)”.

— Роставая фігура — рэк­ламная канструкцыя, дзякуючы якой можна прыцягваць увагу людзей не толькі да прадмета, але і да арганізацыі ў цэлым. Правільна выбраны персанаж будзе мець станоўчы эфект для рэкламы любога мерапрыемства і ўстановы, — патлумачыў В.А.Сажын. — Дзмітрый распрацоўвае метад фарміравання лічбавай мадэлі складанай каркаснай паверхні. А Мікіта даследуе канструктыўныя і тэхналагічныя прыёмы стварэння швейнага вырабу шляхам мінімізацыі рэштак крою тканін.

Да таго ж ва ўніверсітэце выдзяляецца грант рэктара для падтрымкі даследаванняў у час напісання дысертацый. Лепшыя студэнты трапляюць у Рэспуб­ліканскі банк даных адоранай моладзі і знаходзяцца ў перспектыўным кадравым рэзерве. У 2023 годзе за актыўны ўдзел у навукова-даследчай і грамадскай рабоце і выдатную вучобу пяці студэнтам была прызначана стыпендыя Прэзідэнта Беларусі, яшчэ два атрымалі персанальную стыпендыю прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў ВДТУ.

Студэнты актыўна наведваюць навукова-даследчыя гурткі ўніверсітэта, удзельнічаюць у выкананні інавацыйных праектаў і заданняў дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў. У ВДТУ рэгулярна падтрымліваюць студэнцкія прадпрымальніцкія ініцыятывы, садзейнічаюць іх удзелу ў выставах і конкурсах.

— У мінулым годзе ў навукова-даследчых работах, канферэнцыях, конкурсах, алімпіядах і іншых навуковых мерапрыемствах прынялі ўдзел 1514 навучэнцаў (палова ўсіх студэнтаў універсітэта), яшчэ 230 — у міжнародных спаборніц­твах. Нашы студэнты прачыталі амаль 1520 дакладаў на міжнародных канферэнцыях, сімпозіумах і з’ездах і апублікавалі каля 160 артыкулаў у міжнародных выданнях. Больш як дзясятак студэнтаў прыцягваліся да выканання навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных ­работ з аплатай, — не без гордасці паведаміў начальнік навукова-даследчай часткі ВДТУ.

Сам жа Віктар Сажын, калі быў студэнтам, пад кіраўніцтвам сённяшняга дацэнта кафедры эканомікі і электроннага бізнесу Хрысціны Краянковай праводзіў даследаванне “Ацэнка сацыяльнай эфектыўнасці прамысловай арганізацыі”, прычым даволі пас­пяхова. Яго работа была адзначана на Рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ студэнтаў першай катэгорыяй. Пасля ўніверсітэта, сумяшчаючы работу дзяржслужачага з навучаннем у магістратуры, даследаваў тэму “Карпаратыўная сацыяльная адказнасць і яе ўплыў на эфектыўнасць арганізацыі” ра­зам з прафесарам і прарэктарам па навуковай рабоце ВДТУ Аленай Ванкевіч.

— Сёння я займаюся арганізацыяй навуковай дзейнасці ўніверсітэта, кантролем выканання навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ, забеспячэннем неабходным абсталяваннем нашых вучоных, дапамагаю ім запатэнтоў­ваць вынікі сваёй дзейнасці, арганізоўваю ўзаемадзеянне навукоўцаў з прадпрыемствамі і тэхнапаркам універсітэта. А яшчэ выкладаю прадметы “Антыкрызіснае кіраванне”, “Кіраванне праектамі”, “Мадэляванне і аналіз бізнес-працэсаў”, у якіх маю практычны вопыт, што дапамагае больш дакладна і разгорнута данесці інфармацыю да студэнтаў. Сваім навучэнцам прапаную разбіраць кейсы рэальных прадпрыемстваў. Да таго ж на занятках дапамагаю ім рэалізоўваць уласныя праекты, — расказаў Віктар Сажын.

Ён перакананы, што, каб развіць навуковы патэнцыял, студэнтам варта заўсёды быць дапытлівымі і цікаўнымі, бо толькі так можна знайсці рашэнні там, дзе, здавалася, ужо ўсё прыдумана.

Дзеля развіцця эканомікі

Вынікі 83 навуковых распрацовак вучоных ВДТУ ўкаранёны на айчынных прадпрыемствах краіны. Такіх паказчыкаў удалося дасягнуць у тым ліку дзякуючы ўнікальнаму навуковаму і вучэбна-лабараторнаму абсталяванню, якое штогод абнаўляецца ва ўніверсітэце.

На “Белвесце” выкарыс­тоўваецца тэхналогія атрымання падэшваў з другаснага поліўрэтану Настассі Радзюк, старшага выкладчыка кафедры тэхнічнага рэгулявання і таваразнаўства ўніверсітэта. Такая інавацыя дазваляе знізіць сабекошт вытворчасці абутку, бо, выкарыстоўваючы адходы пенаполіўрэтанаў, можна атрымаць якасныя матэрыялы, якія таннейшыя за вядомыя аналагі. Зараз малады вучоны распрацоўвае кампазіцыі для падэш­ваў абутку з выкарыстаннем вытворчых адходаў іншых галін прамысловасці пад кіраўніцтвам прафесара Аляксандра Буркіна. Дарэчы, па тэхналогіі выкарыс­тання другаснага поліўрэтану Настасся атрымала два патэнты. Гэтая тэхналогія не толькі ахоўвае навакольнае асяроддзе, але і дазваляе сэканоміць абутковым прадпрыемствам пры вытворчасці падэшваў абутку 400 рублёў з кожных 100 пар абутку. Між іншым выпушчана было такіх падэшваў для туфляў, чаравікаў і ботаў толькі на этапе ўкаранення навінкі звыш 15 тысяч.

Педагогі і студэнты Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта ствараюць і імпартазамяшчальныя шматфункцыянальныя тэкстыльныя матэрыялы. Распрацаваны Юліяй Марушчак, дацэнтам Наталляй Ясінскай і Баранавіцкім вытворчым баваўняным аб’яднаннем інавацыйны матэрыял “Экаскура” з палепшанымі ўласцівасцямі не мае аналагаў на прасторы СНД. Гэты матэрыял прызначаны для пашыву адзення, галантарэі, вытворчасці мэблі і абутку.

— Мы пачалі займацца стварэннем тканіны з поліўрэтанавым пакрыццём менавіта па запыце аб’яднання. Па сваіх характарыстыках яна максімальна набліжана да натуральнай, а таму выдатна пераносіць перапады тэмпературы, мае павышаную трываласць, устойлівая да сцірання і мыцця. Галоўная перавага нашай распрацоўкі заключаецца ў поўнай адсутнасці выдзялення хімічных рэчываў пры эксплуатацыі пакрыцця, — удакладніў начальнік навукова-даследчай часткі ВДТУ.

Інавацыйная распрацоўка “Нанавалакністы матэрыял біямедыцынскага і касметалагічнага прызначэння” Марыі Дзямідавай, створаная пад кіраўніцтвам прафесара Дзмітрыя Рыкліна, сёння праходзіць патэнтную экспертызу і даклінічныя выпрабаванні.

— Сутнасць гэтай распрацоўкі ў хуткай дастаўцы ў арганізм чалавека кампанентаў медыцынскіх і касметалагічных прэпаратаў. Такая гемастатычная плёнка выглядае як мікрапавуцінка і можа выкарыстоўвацца ў хірургіі. Яе можна наносіць як на скуру, так і на ўнутраныя органы чалавека, бо яна не аказвае ніякага шкоднага ўздзеяння і раствараецца на паверхні раны, — патлумачыў Віктар Анатольевіч.

Дарэчы, у снежні на XIV Рэс­публіканскім конкурсе інавацыйных праектаў Марыя Дзямідава заняла 3-е месца ў намінацыі “Лепшы маладзёжны інавацыйны праект”.

У сваю чаргу Дзяніс Быкоўскі пад навуковым кіраўніцтвам Аляксандра Чаркоўскага распрацаваў тэрмабялізну з эфектам сухасці для ваеннаслужачых. Яе доследныя ўзоры пашыты на ААТ “8 Марта”, і сёння право­дзяцца выпрабаванні і нашэнне вырабаў.

— Інавацыйнасць гэтай распрацоўкі заключаецца ва ўнікальным перапляценні нітак і фарміраванні трохслаёвага трыкатажу. Першы слой уцягвае вільгаць з цела чалавека, другі — назапашвае, трэці — выпарвае, што ў сваю чаргу забяспечвае гігіену цела. Унікальнасць распрацоўкі ў тым, што ўсе тры віды валокнаў сплецены ў адно палатно, тады як у падобных аналагах для дасягнення эфекту сухасці выкарыстоўваецца некалькі слаёў тканіны рознага прызначэння, — дадаў В.А.Сажын.

Канечне, гэта далёка не ўвесь пералік вынаходстваў вучоных ВДТУ. Імі зроблена яшчэ шмат распрацовак у галіне спартыўнай экіпіроўкі, дызайну, аўтаматызацыі вытворчасці, машынабудавання, цеплаэнергетыкі і эканомікі, якія рэгулярна ўкараняюцца і выкарыстоўваюцца на айчынных прадпрыемствах. Што нядзіўна, бо каля тысячы выкладчыкаў і студэнтаў ВДТУ актыўна займаюцца навукай, а іх распрацоўкі штогод прыно­сяць беларускім прадпрыемствам мільёны рублёў.

***

Пераможцам XXIX Міжнароднага конкурсу дызайнераў “Сібірскі куцюр’е” стаў студэнт 5 курса факультэта дызайну ВДТУ Мікіта Захарчук. Ён атрымаў “Сярэбраны гузік” і найвышэйшую ўзнагароду конкурсу — “Сярэбраны манекен”. Малады дызайнер пакарыў сібірскага гледача калекцыяй “Красавчики”, выкананай у рамках калабарацыі з Аршанскім ільнокамбінатам.

— “Сярэбраны манекен” традыцыйна даецца прафесіяналам, маэстра ў індустрыі моды, а таму такая ўзнагарода для мяне асабліва ганаровая. Хоць сваім галоўным дасягненнем лічу праслаўленне нашай віцебскай школы дызайну. Мы чарговы раз даказалі, што ў нашай краіне ёсць мода і яна адна з найлепшых на тэрыторыі СНД, — падкрэсліў Мікіта.

Дарэчы, яму вельмі падабаецца ў ВДТУ, таму будучае прафесійнае жыццё ён збіраецца звязаць як з творчасцю, так і з выкладаннем.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара і ВДТУ