У Лунненскай сярэдняй школе выпускны вечар — свята ўсяго аграгарадка

- 15:34Новости

У Лунненскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета на Мастоўшчыне выпускны вечар — гэта свята ўсяго аграгарадка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Павіншаваць без пяці мінут абітурыентаў прыходзяць усе жыхары ад малога да вялікага, а прадстаўнікі старэйшага пакалення нязменна даюць парады юнакам і дзяўчатам, якія развітваюцца са школай.

Уганараванне выпускнікоў у Лунне нязменна праходзіць на школьным двары. Галоўныя героі свята займаюць свае месцы побач са школьным кіраўніцтвам, а для гледачоў расстаўляюць дзясяткі крэ­сел і лаў.

— У дзень выпускнога вечара ў нас заціхае ўвесь аграгарадок. На свята прыхо­дзяць нават тыя, чые дзеці даўно вылецелі з бацькоўскага гнязда. Прыходзяць, каб падзяліць з усімі агульную радасць, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ларыса Эйсмант.

Цырымонія ўручэння атэстатаў у Лунне напоўнена дамашняй утульнасцю. На сцэну маладых людзей запрашаюць, не проста назваўшы іх імя і прозвішча, а пасля аповеду аб заслугах і лепшых рысах характару.

— У гэтым годзе ўсяго пяцёра выпускнікоў — самы маленькі выпуск за апошнія гады, нават у параўнанні з мінулым. Тады школу скончылі адзінаццаць чалавек. Але кожны з сёлетняй пяцёркі вельмі адметны. Чаго толькі варты Ілья Базарскі — удзель­нік міжнароднага праекта “Цягнік Памяці”, член раённага маладзёжнага парламента і неаднаразовы пераможца навуковых канферэнцый, — працягвае размову Ларыса Эйсмант.

Прасякнута сямейнай цеплынёй і яшчэ адна школьная традыцыя. Адразу пасля ўручэння атэстатаў выпускнікоў віншу­юць блізкія. Гэта момант шчырых дзіцячых слёз, бацькоўскай падтрымкі, але разам з тым і бурных авацый гледачоў, якія добра ведаюць усіх выпускнікоў.

Класны кіраўнік на выпускны вечар, акрамя цёплых слоў і пажаданняў, рыхтуе паштоўку-пасланне. Падчас выпускнога юнакі і дзяўчаты дзеляцца ў ёй не толькі цёплымі ўспамінамі аб школе, але і планамі на найбліжэйшую будучыню. Адкрываецца гэтая паштоўка па традыцыі ў дзень сустрэчы выпускнікоў толькі праз пяць гадоў.

— Да таго ж класны кіраўнік кожнаму з дзяцей дорыць фігурку анёла-ахоўніка. Выпускнікі ў сваю чаргу штогод рыхтуюць сімвалічныя падарункі бацькам. Некалькі гадоў назад, напрыклад, разам з класным кіраўніком рабілі адбіткі сваіх рук у гіпсе, — дадае Ларыса Эйсмант.

Нязменны атрыбут кожнага выпускнога — святочны вальс. У Лунне гэтай традыцыі больш за 25 гадоў.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота з архіва школы