Якія навуковыя даследаванні з’яўляюцца прыярытэтнымі для Акадэміі адукацыі

- 9:00Главная, Образование

Новая рубрыка “Акадэмія адукацыі” — сумесны праект акадэміі і “Настаўніцкай газеты”, дзе будзем знаёміць з новымі і бягучымі іні­цыятывамі Акадэміі адукацыі, рабіць аналіз асноўных адукацыйных напрамкаў і гутарыць з экспертамі.

Канцэптуальныя напрамкі дзейнасці Акадэміі адукацыі сталі лейтматывам падчас размовы з яе рэктарам Ірынай Старавойтавай.

— Ірына Анатольеўна, адным з асноўных кірункаў дзейнасці акадэміі з’яўляецца навукова-даследчая дзейнасць у сферы адукацыі. Якія навуковыя даследаванні цяпер з’яўляюцца прыярытэтнымі і якіх вынікаў чакаеце?

— Акадэмія адукацыі з’яўляецца галаўной арганізацыяй-выканаўцай па падпраграме “Адукацыя” дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы” (2021—2025) і галіновай навукова-тэхнічнай праграме “Функцыянальная адукаванасць” (2021—2025), якая ўключана ў пералік найбольш эфектыўных і значных для развіцця эканомікі краіны навуковых праектаў (зацверджаны ДКНТ і НАН Беларусі).

Найбольш важнымі распрацоўкамі, над якімі працуе акадэмія, з’яўляюцца канцэптуальныя асновы развіцця дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, праекты адукацыйных стандартаў і вучэбных праграм, дыдактычнае забеспячэнне дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі новага пакалення, накіраваныя на фарміраванне функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў, навукова-метадычнае забеспячэнне навучання беларускай мове як замежнай і інш.

Шэраг актуальных для сістэмы адукацыі вынікаў атрымаем у ходзе выканання заданняў, накіраваных на забеспячэнне дзейнасці сістэмы адукацыі. Мы працуем над вучэбнымі праграмамі для сістэмы спецыяльнай адукацыі, навукова-метадычным забеспячэннем арганізацыі адаптыўнага гульнявога асяроддзя для маленькіх дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Распрацоўваем алгарытм псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучэнцаў з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДУГ); сістэму ацэнкі дзейнасці ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі; вучэбна-метадычнае забеспячэнне факультатыўных заняткаў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”.

Зараз наш навуковы калектыў займаецца планаваннем перспектыўных навуковых даследаванняў на новую пяцігодку. Акадэмія адукацыі атрымала пасведчанне аб акрэдытацыі навуковай арганізацыі, выдадзенае Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях ад 26.02.2024 № 280.

У якасці арыенціра выбраны актуальныя сацыяльныя задачы, вырашэнне якіх дазволіць сістэме адукацыі даць адказ на шэраг палітычных, эканамічных, сацыяльных, культурных выклікаў, якія сталі перад беларускім грамадствам і дзяржавай на новым этапе суверэннага развіцця.

— Акадэмія рыхтуе навуковыя кадры. Па якіх напрамках ажыццяўляецца падрыхтоўка?

— У аспірантуры і дактарантуры Акадэміі адукацыі вучыцца 91 чалавек: 8 — у дактарантуры і 83 — у аспірантуры. Навучанне ажыццяўляецца па 7 спецыяльнасцях: “Сацыяльная філасофія”; “Агульная педагогіка, гісторыя педагогікі і адукацыі”; “Тэорыя і методыка навучання і выхавання (па галінах і ўзроўнях адукацыі”; “Карэкцыйная педагогіка (сурдапедагогіка і тыфлапедагогіка, алігафрэнапедагогіка і лагапедыя)”; “Агульная псіхалогія, псіхалогія асобы, гісторыя псіхалогіі”; “Сацыяльная псіхалогія”; “Педагагічная псіхалогія”.

Найбольш запатрабаванымі спецыяльнасцямі навучання з’яўляюцца 13.00.01 — “Агульная педагогіка, гісторыя педагогікі і адукацыі” і 19.00.01—“Агульная псіхалогія, псіхалогія асобы, гісторыя псіхалогіі”. У цяперашні час вырашаецца пытанне аб адкрыцці спецыяльнасці 13.00.08 — “Тэорыя і методыка прафесійнай адукацыі”.

Асаблівая гордасць — выпускнікі аспірантуры і дактарантуры, якія ў розны час сталі супрацоўнікамі Акадэміі адукацыі. Гэта вядомыя ў Рэспубліцы Беларусь вучоныя — кандыдаты і дактары педагагічных і псіхалагічных навук.

— А якія функцыі ў Цэнтра ацэнкі якасці адукацыі?

— Цэнтр вырашае найважнейшыя задачы сістэмы адукацыі нашай краіны, звязаныя з арганізацыяй і правядзеннем да­следаванняў якасці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, з узмацненнем нацыянальнага экспертнага патэнцыялу.

Першачарговымі задачамі цэнтра з’яўляюцца правядзенне якаснага аналізу вынікаў нацыянальнага даследавання якасці адукацыі. Цэнтрам распрацаваны аналітычныя матэрыялы па выніках вывучэння асобаснага развіцця навучэнцаў, псіхалагічных аспектаў навучання і выхавання, прафесійных кампетэнцый і адукацыйных запытаў педагогаў. Рыхтуюцца рэкамендацыі па выніках маніторынгавых даследаванняў, якія дазволяць стварыць больш спрыяльныя ўмовы для навучання і выхавання нашых дзяцей, павысіць іх адукацыйныя вынікі.

Такая аналітычная інфармацыя важная і для эфектыўнай арганізацыі павышэння кваліфікацыі і міжкурсавой падрыхтоўкі. З лютага 2024 года арганізавана павышэнне кваліфікацыі для 1454 слухачоў, праведзена 27 мерапрыемстваў дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў (сярод іх міжнародныя канферэнцыі і семінары, метадычны семінар і вэбінары).

— Як плануеце ўдасканальваць выдавецкую дзей­насць? Гаворка пра навуковыя даследаванні і вучэбныя дапаможнікі.

— Вынікі сваіх навуковых даследаванняў аспіранты, дактаранты і саіскальнікі публікуюць у часопісах Акадэміі адукацыі “Педагагічная навука і адукацыя”, “Веснік адукацыі”, а таксама ў зборніку навуковых прац акадэміі (усе яны ўваходзяць у пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь).

У “Весніку адукацыі” выдаём не толькі канцэптуальныя матэрыялы, але і вынікі даследаванняў нашых навукоўцаў у сферы адукацыі, практычныя рэкамендацыі для педагогаў, рэкамендацыі для кіраўнікоў і распрацоўкі заняткаў, майстар-класаў для настаўнікаў. Запрашаем усіх зацікаўленых да супрацоўніцтва.

У гэтым годзе плануецца выдаць 72 найменні вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 49 найменняў для ўстаноў спецыяльнай адукацыі.

Арганізоўваем шырокае абмеркаванне (з удзелам педагогаў, метадыстаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы) зместу вучэбных прадметаў, метадычнага інструментарыю вучэбных дапаможнікаў. Такі падыход зарэкамендаваў сябе і стаў эфектыўным інструментам для сумеснай работы навукоўцаў і настаўнікаў па ўдасканаленні вучэбных дапаможнікаў і стварэнні новых.

У гэтым навучальным годзе 26 вучэбных выданняў праходзяць доследную праверку. У рамках рэспубліканскага семінара для аўтараў падручнікаў і экспертаў абмеркаваны пытанні ацэнкі ступені рэалізацыі псіхолага-педагагічных патрабаванняў да вучэбнага дапаможніка.

Працягваем работу па апрабацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі новых вучэбных дапаможнікаў. Зараз такую праверку праходзяць “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” для 10 класа; “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка” для 9 класа кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў, Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча; “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” для 2 класа.

— Ірына Анатольеўна, якія напрамкі дзейнасці рэалізуе акадэмія ў сферы сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы?

— Навукова-метадычнае суправаджэнне выхаваўчай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца з дапамогай метадычных рэкамендацый, дапаможнікаў для педагогаў, якія распрацоўваюцца супрацоўнікамі акадэміі. Вялікая роля адводзіцца правядзенню семінараў для намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, класных кіраўнікоў, кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, педагогаў-псіхолагаў, педагогаў сацыяльных, а таксама для метадыстаў інстытутаў развіцця адукацыі, вучэбна-метадычных кабінетаў.

У рэспубліканскім каардынацыйным плане дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў кожны педагог можа знайсці цікавую для яго тэму.

Супрацоўнікі Акадэміі адукацыі падрыхтавалі да выдання шэраг дапаможнікаў. У іх асвятляюцца надзвычай актуальныя праблемы, напрыклад, развіццё псіхасацыяльных кампетэнцый падлеткаў, сямейнае выхаванне старшакласнікаў, дапамога аднагодкам у крызіснай сітуацыі, выхаванне духоўна-маральнай культуры і патрыятызму.

Ажыццяўляецца падрыхтоў­ка метадычных рэкамендацый, інфармацыйных матэрыялаў для рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”.

Важным напрамкам работы з’яўляецца падрыхтоўка матрыц адзіных урокаў да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, гадавіны трагедыі ў Хатыні, Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, Міжнароднага дня палёту чалавека ў космас, да Дня Перамогі.

Падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі выхаваўчай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі на вясновых канікулах.

Акрамя таго, неад’емнай часткай работы метадычнай службы Акадэміі адукацыі з’яўляецца пад­рыхтоўка, арганізацыя конкурсаў, фестываляў, алімпіяд, круглых сталоў.

— Якім бачыцца развіццё Акадэміі адукацыі?

— Для паспяховага развіцця неабходна захоўваць найлепшыя традыцыі і выразна бачыць перспектывы. Актуальнымі напрамкамі нашай работы з’яўляюцца распрацоўка навукова-метадычнага забеспячэння фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму, павышэнне якасці падручнікаў, удасканаленне адукацыйнага працэсу на аснове інклюзіўнага падыходу, развіццё прафесійнай кампетэнтнасці і асобасных якасцей педагогаў праз укараненне інавацыйных форм дадат­ковай адукацыі дарослых. Упэўнена, што наш высокі навуковы і метадычны патэнцыял дазволіць паспяхова вырашыць пастаўленыя задачы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ