Камянецкія гімназісты пад кіраўніцтвам Яўгена Антончыка адкрываюць новыя старонкі ваеннай гісторыі

- 9:00Главная, Образование

Камянецкія гімназісты пад кіраўніцтвам настаўніка Яўгена Антончыка з цікавасцю адкрываюць новыя старонкі ваеннай гісторыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Падзеі далёкага мінулага прыцягвалі ўвагу педагога з дзяцінства. Яшчэ трэцякласнікам ён выпадкова ўбачыў у старэйшага сябра падручнік па гісторыі старажытнага свету і з таго часу стаў верным спадарожнікам Кліа. Дзякуючы таварышу, ён раней за равеснікаў знаёміўся з вучэбным матэрыялам па любімым прадмеце.

Яўгену Антончыку пашанцавала не толькі з сябрам, але і з педагогам. Пад уплывам настаўніка Юрыя Шляхто юнак ужо ў 9 класе вызначыўся з будучай прафесіяй і пасля заканчэння школы паступіў на гістарычны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна. Размеркавалі маладога спецыяліста ў гімназію Камянца, дзе яму спачатку давялося папрацаваць педагогам-арганізатарам, пра што ён зусім не шкадуе: атрыманы вопыт у далейшым вельмі дапамог выбудоўваць канструктыўныя зносіны з дзецьмі і навучыў ба­чыць іх патэнцыял.

Настаўніцкая работа падабаецца Яўгену Антончыку тым, што дазваляе займацца самаразвіццём, даведвацца шмат новага, у тым ліку пра людзей, а галоўнае — адчу­ваць аддачу ад дзяцей.

Цікавасць да ваеннай гісторыі ў педагога невыпадковая. Год за годам перагортваючы яе трагічныя старонкі, Яўгену Ула­дзіміравічу захацелася надаць сухім лічбам і фактам мінулага эмацыянальную афарбоўку, каб яны трывала замацаваліся ў генетычнай памяці вучняў і зрабілі іх далучанымі да падзей, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной.

Фота Ігара Грэчкі

— Глыбока пагрузіцца ў тэму дапамагаюць актыўная праектна-даследчая дзейнасць і стэндавае мадэляванне, якое заключаецца ў стварэнні дыярам і інсталяцый па матывах канкрэтных гістарычных падзей у маштабе 1:35 з пэўным сюжэтам, — заўважае настаўнік. — Гэта вельмі цяжкая, карпатлівая і доўгая праца, але дзецям яна вельмі падабаецца. За некалькі гадоў яны стварылі больш за 80 мініяцюрных фігурак людзей і рознай тэхнікі, якія задзейнічаны ў дзвюх дыярамах, прысвечаных рэйкавай вайне партызан і бітве пад Курскам.

Зараз ідзе работа над трэцяй дыярамай памерам паўтара на паўтара метра. У аснове яе сюжэту — бой у вёсцы Відамля ў ліпені 1944 года. З-за вялікага памеру гэтую дыяраму плануюць перадаць у Маладзёжны патрыятычны цэнтр у Брэсце, на базе якога сёння ствараецца Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі.

Вялікую краязнаўчую і выхаваўчую каштоўнасць маюць вучнёўскія даследчыя праекты, выкананыя пад кіраўніцтвам педагога. Толькі за апошнія 3 гады такіх работ было каля васьмі. Сярод іх “Падзеі Львоўска-Варшаўскага рэйду 1-й Украінскай партызанскай дывізіі імя С.А.Каўпака на тэрыторыі Камянецкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

— Распрацоўка тэмы пачалася тады, калі вучні гімназіі разам са студэнтамі гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна адправіліся ў двухдзённы пешы паход па месцах руху каўпакаўскай дывізіі на тэрыторыі Камянеччыны, — гаворыць Яўген Антончык. — Дзеці павінны былі паўтарыць шлях легендарнай дывізіі па Белавежскай пушчы і ўзнавіць карціну кровапралітнага бою савецкіх партызан каля ракі Белай з авіядэсантнай дывізіяй фашыстаў “Герман Герынг”. На месцы гібелі двух партызан-каўпакаўцаў Васіля Карабко і Паўла Сычова ўдалося знайсці абеліск. У аб’яднанай базе даных “Мемарыял” адшукалі даволі сціплыя звесткі пра іх. Больш за тое, байцы, імёны якіх выбіты на абеліску, у спісах беззваротных страт лічыліся зніклымі без вестак.

Вучні вырашылі высветліць, кім былі Васіль Карабко і Павел Сычоў, як яны апынуліся на тэрыторыі раёна, пры якіх абставінах загінулі і чаму лічацца знік­лымі без вестак, хаця існуе месца іх афіцыйнага пахавання. Каб адказаць на гэтыя пытанні, патрабавалася вывучыць Львоўска-Варшаўскі рэйд 1-й Украінскай партызанскай дывізіі імя С.А.Каўпака па тэрыторыі малой радзімы з 17 да 22 сакавіка 1944 года.

— Даследуючы гэтую тэму, гімназісты даведаліся, што за пяць дзён гераічнай барацьбы ў тыле ворага партызаны нанеслі вялікія страты акупантам у тэхніцы і жывой сіле: забілі і паранілі больш за 500 фашысцкіх салдат і афіцэраў, знішчылі тры нямецкія гарнізоны, звыш 30 аўтамашын, пяць танкаў і бронемашын, шмат зброі, ваенных і харчовых складоў, мастоў, дзясяткі кіламетраў ліній сувязі, — паведамляе Яўген Антончык. — Партызанскі рэйд не толькі істотна аслабіў ваенную сілу праціўніка, але і моцна падарваў яго маральны дух. Без дапамогі партызан часцям Чырвонай Арміі давялося б даўжэй і з большымі стратамі вызваляць Камянеччыну.

Увагу вучняў прыцягнулі нестандартныя метады вядзення баявых дзеянняў лясных мсціўцаў. Падобная тактыка, выкліканая складанымі, а часам і бязвыхаднымі сітуацыямі, аказалася эфектыўнай, бо дэзарганізавала войскі і тылавыя ўстановы гітлераўскай арміі і нанесла ім вялікія страты.

Што да Васіля Карабко і Паўла Сычова, то юным даследчыкам удалося, на жаль, знайсці звесткі толькі пра аднаго з іх. Затое якія! Юны партызан Васіль Карабко быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны І ступені, а таксама медалём “Партызану Айчыннай вайны” І ступені.

Перад тым як далучыцца да партызанскай дывізіі, Васіль здзейсніў шмат гераічных учынкаў, якія вылучаліся дзёрзкасцю і ўзорнай мужнасцю. Нездарма старэйшыя партызаны называлі яго самым небяспечным для немцаў піянерам.

— Падчас контратакі гітлераўцаў каля моста праз раку Белую 20 партызан ра­зам з Васілём Карабко былі адрэзаны ад астатніх і вымушаны прабівацца да іх самастойна, — працягвае педагог. — Месцам злучэння з асноўнымі сіламі выбралі Пружаны. Пачаліся жорсткія штодзённыя баі з фашыстамі і доўгія пераходы. У час аднаго з іх Васіль Карабко, прыкрываючы таварышаў ад карнікаў, загінуў непадалёк вёскі Гвоздзь 2 Камянецкага раёна. Тут знаходзіцца яго магіла, невядомая да апошняга часу многім мясцовым жыхарам.

Дзякуючы падтрымцы Камянецкага райвыканкама, на аснове праекта быў распрацаваны аўтамабільны экскурсійны маршрут працягласцю 35 кіламетраў па месцах баявога шляху каўпакаўскага злучэння на тэрыторыі раёна і ўсталяваны памятны знак у выгля­дзе інфармацыйнага стэнда на дарозе паміж аграгарадкамі Відамля і Вялікая Турна, дзе адбыўся рашаючы бой партызан з гітлераўцамі, які пазбавіў праціўніка магчымасці разграміць каўпакаўцаў.

Не менш цікавым атрымалася і даследаванне дзесяцікласніка Ільі Мядз­вецкага, прысвечанае дзейнасці антыфашысцкага падполля на тэрыторыі Камянеччыны. З-за хуткай акупацыі раёна сфарміраваць яго ўдалося не адразу. Больш за тое, першае падполле было знішчана ўжо праз месяц, а яго ўдзельнікі расстраляны. Тым не менш мясцовыя жыхары ў лістападзе 1941 года ўсё ж такі стварылі раённы падпольны антыфашысцкі камітэт, які складаўся з 18 ячэек. Дзеля бяспекі яго кіраўніцтва пастаянна мяняла месца знаходжання. У далейшым падпольшчыкі актыўна супрацоўнічалі з партызанскім атрадам імя В.П.Чкалава і ўдзельнічалі ў розных дыверсійных аперацыях.

— Актуальнасць даследавання заключалася ў недастатковай вывучанасці ўзнікнення і дзейнасці мясцовага падполля, а таксама ў вызначэнні агульнай колькасці падпольшчыкаў, іх імён і ўкладу кожнага ў барацьбу з ворагам, — тлумачыць Яўген Антончык. — У сваёй рабоце Ілья пастараўся запоўніць гэтыя белыя плямы. Крыніцамі інфармацыі для яго сталі мемуары сакратара раённага падпольнага камітэта Сяргея Жуніна “Вяла нас партыя” і аднаго з арганізатараў мясцовага падпольнага антыфашысцкага камітэта Мірона Крыштафовіча “Буг у агні”, а таксама шматлікія даследчыя і архіўныя матэрыялы.

Каштоўнасць праведзенай работы ў тым, што дзякуючы ёй былі ўстаноўлены 99 імён членаў раённага падпольнага антыфашысцкага камітэта з канкрэтнымі фактамі пра іх дзейнасць.

У склад камітэта ўваходзіла больш за 100 актыўных членаў ва ўзросце ад 14 да 63 гадоў. Спіс падпольшчыкаў быў перададзены ва ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Беларусі для далейшага размяшчэння на інтэрнэт-партале “Партызаны Беларусі”, дзе сабраны звесткі пра ўдзельнікаў супраціўлення нашай краіны. Акрамя таго, кіраўніцтва Камянецкага райвыканкама, абапіраючыся на вынікі даследчай работы, выступіла з хадайніц­твам перад Брэсцкім аблвыканкамам для ўручэння гораду вымпела “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Сёння выхаванцы Яўгена Антончыка працуюць над новым праектам, якому папярэднічала даследаванне “Па вузкіх вуліцах маленькага штэтла”, прысвечанае трагедыі мясцовай яўрэйскай абшчыны ў час нямецкай акупацыі.

— Вывучаючы гісторыю халакосту, мы выпадкова знайшлі інфармацыю пра ўраджэнку Камянца Любоў Трышынскую, якая ў гады вайны з’яўлялася вязнем мясцовага гета і канцлагера Асвенцім, дзе загінулі яе муж і дзіця, — расказвае настаўнік. — Знаходзячыся ў канцлагеры Берген-Бельзен, дзяўчына выратавала ад галоднай смерці каля 60 яўрэйскіх дзяцей галандскіх ювеліраў. На шчасце, Любові ўдалося цудам ацалець у жорнах вайны, пасля якой яна пераехала ў ЗША, дзе і памерла ў 2016 годзе. Мы адшукалі яе родных і звязаліся з імі.

Юныя даследчыкі актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях і мерапрыемствах патрыятычнага, краязнаўчага і турыстычнага характару, па выніках якіх атрымліваюць дып­ломы рознай вартасці. Пошукавая работа камянецкіх гімназістаў адзначана не толькі на абласным узроўні. Так, даследаванне пра каўпакаўцаў заняло 2-е месца на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Мінску.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ