Узгадваюць не толькі паштальёны… Унікальны школьны музей дзейнічае ў Нараўлянскім раёне

- 9:00Главная, Новости

Міжнародны дзень музеяў адзначаецца 18 мая. Напярэдадні карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” завітаў у Галоўчыцкую сярэднюю школу Нараўлянскага раёна і азнаёміўся з унікальнай экспазіцыяй. Экскурсаводам выступіў педагог­-краязнавец Васіль Чайка.

Арыгінальная тэматыка

Гэты музей — адзіны сярод амаль паўтары тысячы ў сістэме адукацыі краіны, які прысвечаны гісторыі развіцця пошты, яе ролі ў жыцці сельскага насельніцтва, у першую чаргу ў савецкі перыяд.

Выбар арыгінальнай тэматыкі Васіль Васільевіч тлумачыць проста: “Захацелася стварыць нешта такое, чаго няма ў іншых”. І тут жа дадае: “Калі гаварыць больш шырока, то пошта, асабліва ў сельскай мясцовасці, заўсёды была важным сацыяльным аб’ектам, месцам сустрэчы аднавяскоўцаў, абмеркавання імі розных навін. І гэты аспект гісторыі Нараўляншчыны захацелася раскрыць з розных бакоў”.

Экспанаты не толькі выклікаюць у чалавека настальгію, але і прымушаюць перагледзець каштоўнасці свайго жыцця. А гэта адна з галоўных выхаваўчых задач любога музея нараўне з фарміраваннем павагі да мінулага.

Пры афармленні экспазіцыі ўлічваліся ўсе напрамкі дзейнасці пошты. Гэта дастаўка перыёдыкі, лістоў, пасылак, арганізацыя падпіскі, тэлеграфічная, радыё- і тэлефонная сувязь, выдача пенсій, работа ашчадкасы, продаж і праверка латарэйных білетаў, аблігацый.

Падштурхнуў да стварэння музея знойдзены педагогам факт, што менавіта на тэрыторыі Нараўляншчыны ў вёсках Смалегаў і Дзямідаў знаходзіліся адны з першых на беларускіх землях паштовыя станцыі, якія згадваюцца ў дакументах яшчэ XVI стагоддзя. Важную ролю адыграла і сустрэча ў Нароўлі з кіраўніцтвам Беларускага прафсаюза работнікаў сувязі.

На аснове ўспамінаў

Асаблівасць кожнага школьнага музея, створанага Васілём Васільевічам, — гэта не проста збор унікальных прадметаў, у асноўным з выселеных пасля аварыі на ЧАЭС вёсак. Гэта аповед пра лёс землякоў, прадстаўнікоў самых розных прафесій. Цікавыя ўспаміны педагог запісаў як ад саміх работнікаў пошты, так і ад іх родных. Прычым не толькі паш­тальёнаў, але і бухгалтараў, тэлеграфістаў, экспедытараў.

— На пошце працавалі легендарныя асобы, вядомыя ў нашым краі людзі. Хто ў Нароўлі не ведае Муню Чухмана, ветэрана-франтавіка? Ён быў мінамётчыкам, страціў на фронце нагу, але працаваў суправаджальнікам пошты, экспедытарам. На работу абавязкова прыходзіў з кабурой, у якой быў сапраўдны рэвальвер. Мы, дзеці, заўсёды прыглядаліся да кабуры, ці не расшпілена яна, ці не праглядае праз яе наган, — падзяліўся педагог.

Пра баявы шлях ветэрана, працоўныя будні Васілю Васільевічу паведаміла яго дачка. Цікавыя ўспаміны краязнавец запісаў і ад былога паштальёна вёскі Галоўчыцкая Буда Рыгора Сівака. Мужчына прыгадваў, што ў савецкі час на 142 вясковыя двары выпісвалася больш за 700 экзэмпляраў газет і часопісаў. Што гэта была за перыёдыка, можна ўбачыць на музейных стэндах. Тут і галоўная газета савецкай краіны “Праўда”, і “Труд”, і “Піянер Беларусі”, і “Зорька”, і, канечне, “Настаўніцкая газета”, у якой па традыцыі на першых палосах навіны з жыцця краіны, сістэмы адукацыі, а далей матэрыялы пра вопыт работы педагогаў.

З асаблівым захапленнем паштальён расказваў Васілю Васільевічу пра бясконцы паток віншавальных паштовак, якія прыходзілі вяскоўцам і адпраўляліся імі ў розныя куточкі Савецкага Саюза на майскія святы, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, 23 лютага, 8 Сакавіка і, безумоўна, на Новы год. Праца паштальёна заўсёды паважалася, пра яе нават складалі прыпеўкі, песні. Таму вобразу савецкага паштальёна ў экспазіцыі адведзена важнае месца. Можна ўба­чыць, напрыклад, форму паштальёна, нязменным атрыбутам якой была фуражка, а таксама сумка на плячо, напакаваная перыёдыкай, паштоўкамі, паведамленнямі. І які ж паштальён без веласіпеда?! У музеі Галоўчыцкай школы ёсць і такі экспанат. Праўда, знайс­ці яго было няпроста, паколькі ўсе дэталі павінны адпавядаць савецкаму часу: і рама, і сядло, і руль, і багажнік, і крылы.

Бяры — даследуй

Усяго ў асноўным фондзе гісторыка-краязнаўчага музея “Пошта” налічваюцца 224 экспанаты. Гэта не толькі газеты, часопісы, паштоўкі, але і плакаты, старыя вагі для ўзважвання пасылак, стол касіра і нават сапраўдны драўляны слуп.

— Цяпер знайсці такія вельмі складана, паколькі драўляныя слупы актыўна замяняюцца на бетонныя. Гэты слуп мы даставілі ў музей з галоўчыцкага парку. Асабліва цікавыя на слупе фарфоравыя ізалятары. Дарэчы, ці ведаеце вы, як партызаны выводзілі са строю нямецкую сувязь? Правільна, трапным стрэлам па такім ізалятары, — паведаміў Васіль Васільевіч.

Аповед экскурсавода абавязкова павінен быць жывым, з імправізацыяй, інтэрактывам. Толькі тады наведвальнікі будуць уважліва слухаць і ім захочацца вярнуцца ў музей.

А самым першым экспанатам стала сіняя шыльда з надпісам “Міністэрства сувязі БССР. Аддзяленне сувязі”, якую суразмоўнік знайшоў у адной з пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС вёсак Нараўляншчыны. Ёсць у музеі і шыльды з надпісам “вул.Нараўлянская” і паштовым індэк­сам райцэнтра — 247802. Цікава, колькі на гэты індэкс прыйшло лістоў, пасылак, паштовак, з якіх мясцін і краін? Усё гэта, на думку Васіля Васільевіча, добрая тэма для краязнаўчых даследаванняў. Цікавымі для вывучэння могуць быць і савецкія плакаты, якімі ўпрыгожаны сцены музейнай залы.

— Яшчэ ў 90-я гады яны літаральна рулонамі ляжалі ў сельскіх клубах, бяры — не хачу. Сёння ж знайсці такія экспанаты вельмі складана. Даводзіцца выдаткоўваць свае грошы. А што зробіш — краязнаўчыя ідэі трэба ж рэалізоўваць. Збіраю цяпер калекцыю плакатаў, прысвечаных савецкаму кіно. Наогул, пра кожную тэматычную групу экспанатаў можна напісаць грунтоўную работу. Тыя ж латарэі. Вядомы факт: адзін з жыхароў нашага раёна выйграў “Волгу”, а іншы — “жыгулі”. Цудоўная зачэпка! Альбо пасылкі. Што было ў фанерных скрынях, колькі ішла перасылка, ці даходзіла, а бывала, што не даходзіла, і тады пачыналася сапраўдная дэтэктыўная гісторыя па яе пошуку. А савецкія паштоўкі, намаляваныя ад рукі… Гэта ж сапраўдныя шэдэўры мастацтва. Такія ўжо становяцца калекцыйнай рэдкасцю, — па­дзяліўся Васіль Васільевіч.

За час экскурсіі педагог абазначыў як мінімум дзесяць новых тэм для будучых краязнаўчых даследаванняў. Нао­гул, слу­хаць Васіля Васілье­віча — адно задавальненне. Яго захапляльныя, напоўненыя гістарычнымі фактамі і прыкладамі з жыцця жыхароў роднай Нараўляншчыны аповеды не пакідаюць абыякавымі ніводнага слухача. Упэўнены, што ўдзельнікі рэспубліканскіх края­знаўчых чытанняў, канферэнцый, форумаў пацвер­дзяць мае словы.

Кожны год створаныя Васілём Чайкам школьныя музеі наведваюць некалькі тысяч гасцей з розных куточкаў Беларусі. У сярэдняй школе № 2 Нароўлі гэта музей “Гісторыя Нараўляншчыны” і музей дзяцінства. У сярэдняй школе № 3 — этнаграфічны і “Сельмаг”. У Галоўчыцкай сярэдняй школе экскурсанты знаёмяцца з гісторыяй развіцця пошты. У планах педагога адкрыццё яшчэ як мінімум двух-трох музеяў.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара