«Студэнцтва — гэта не толькі лекцыі, але і насычанае грамадскае жыццё». Андрэй Іванец наведаў Полацк і Наваполацк

- 11:02Актуально, Образование

Развіццё ў кантэксце гістарычных традыцый і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва: Андрэй Іванец азнаёміўся з падрыхтоўкай да ХІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі на Полаччыне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Рабочая паездка кіраўніка Міністэрства адукацыі пачалася ў Полацку. Адноўлены былы Дом афіцэраў неўзабаве будзе ўведзены ў эксплуатацыю і ў якасці пляцоўкі новага корпусу ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай прыме гасцей форуму. На будоўлі актыўна дапамагаюць студэнты ўніверсітэта. Як расказалі міністру адукацыі, моладзь працуе добрасумленна і дружна, дэманструючы добрыя прафесійныя веды і жаданне вучыцца. Бачна, што ў хуткім часе калектывы прадпрыемстваў галіны папоўняць адказныя, ініцыятыўныя, кампетэнтныя маладыя спецыялісты. Поўным ходам рыхтуюцца да маштабнай падзеі, якая адбудзецца ў чэрвені, яшчэ дзве полацкія пляцоўкі, дзе плануецца правядзенне секцый. Напрыклад, у будынку старажытнага калегіума, дзе зараз размешчаны ўніверсітэцкі корпус, у дадатак да асноўнай праграмы гасцей чакае мноства адкрыццяў і знаёмства з эксклюзіўнымі распрацоўкамі, у тым ліку прымеркаванымі непасрэдна да форуму.

У кадэцкім вучылішчы Андрэй Іванец засяродзіў увагу на матэрыяльна-тэхнічным і вучэбна-метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу, які гарманічна спалучае ў сабе традыцыі і інавацыі. З цікавасцю міністр адукацыі  азнаёміўся з унікальным музеем, створаным на базе вучылішча. Таксама ён сустрэўся з навучэнскім актывам і абмеркаваў з прадстаўнікамі педагагічнай грамадскасці рэгіёна надзённыя пытанні сучаснай адукацыі.

Завяршыўся візіт у Наваполацку. Тут Андрэй Іванец ацаніў гатоўнасць універсітэта да форуму і правёў дыялогавую пляцоўку са студэнтамі і выкладчыкамі ПДУ. Змястоўная, інфармацыйна насычаная размова праходзіла ў адкрытай і добразычлівай атмасферы. Міністр падрабязна спыніўся на ключавым гістарычным моманце ў развіцці нашай краіны — VII Усебеларускім народным сходзе, які адбыўся ў Мінску
24—25 красавіка пад дэвізам “Час выбраў нас”. Упершыню пасяджэнне было арганізавана ў новым фармаце: сход атрымаў статус канстытуцыйнага органа народаўладдзя. Яго 1200 дэлегатаў абмеркавалі і зацвер­дзілі абноўленую Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Ваенную дактрыну Рэспублікі Беларусь. У гэтых стратэгічных дакументах дэталёва разгледжана гарантаванне нацыя­нальнай бяспекі на ўзроўні дзяржавы, рэгіёнаў, працоўных калектываў.

— Беларусь — міралюбівая краіна, — адзначыў Андрэй Іванец. — Сёння ў нас дынамічна развіваецца грамадства, яркія і значныя падзеі праходзяць у маштабах рэспублікі. Аднак калі гаварыць пра тое, што адбываецца па перыметры нашай краіны, на паўднёвых межах і заходніх рубяжах, то, безумоўна, мы павінны быць гатовы абараніць родную зямлю, сваю Айчыну. Улічваючы разнастайнасць інфармацыйнага поля вам, моладзі, трэба ў першую чаргу ўсё ўспрымаць праз крытычнае мысленне. І абапірацца пры гэтым не на эмоцыі і паспешлівыя высновы. Ваш інтэлектуальны, маральны патэнцыял дазваляе ацэньваць рэчаіснасць аб’ектыўна і прынцыпова. Трэба разумець, што бяспека краіны залежыць ад свядомасці кожнага грамадзяніна. Не бу­дзе яе — не будзе эканомікі, прамысловасці, культуры, навукі, медыцыны і адукацыі.

Міністэрства адукацыі ўдзяляе асаб­лівую ўвагу прававой асвеце. Так, сумесна з прадстаўнікамі Цэнтральнай выбарчай камісіі са школьнікамі, студэнцкай і працуючай моладдзю праводзяцца сустрэчы і тэматычныя дыялогі. Другі раз у Беларусі паспяхова прайшла Рэспубліканская алімпіяда па пытаннях тэорыі і практыкі выбарчага працэсу. Кіраўнік ведамства зрабіў сур’ёзны акцэнт на значэнні дысцыпліны і асабістай адказнасці для паступальнага развіцця грамадства і росту якасці жыцця. Кожнаму з нас неабходна ўмець аналіза­ваць свае ўчынкі, прагназаваць наступствы ўласных дзеянняў.

Пытанні на дыялогавай пляцоўцы ўзнімаліся самыя розныя — ад асаблівасцей размеркавання і працаўладкавання пасля заканчэння вучобы да парадку налічэння студэнцкіх стыпендый, мэтазгоднасці нашэння школьнай формы і пераходу на электронныя заліковыя кніжкі. Гаворка таксама ішла аб гарантыях маладым спецыялістам, студатрадаўскім руху, выбары жыццёвых прыярытэтаў, змяненнях у сістэме атэстацыі, адукацыйных траекторыях для абітурыентаў і прадастаўленні роўных адукацыйных магчымасцей для дзяцей з вялікіх гарадоў і сельскай глыбінкі. Прагучала нават пытанне, як гэта — быць міністрам адукацыі? Шчыры адказ матываваў студэнтаў павышаць свае кампетэнцыі і, у прыватнасці, скіраваць увагу на навуковую дзей­насць. Адказваючы на пытанне аб прафесійным станаўленні, міністр падкрэсліў:

— Пры атрыманні адукацыі заўсёды павінна быць пэўная мэта. Чалавек вучыцца не для таго, каб атрымаць дыплом, а каб ­стаць прафесіяналам, запатрабаваным спецыялістам, знайсці сваё месца ў жыцці. Ра­зам з тым студэнцтва — гэта не толькі лекцыі, але і насычанае грамадскае жыццё, пашырэнне кругагляду, пачатак вялікага шляху.

 Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара