Музей “Гісторыя мануфактуры Беларусі”, які знаходзіцца ў сярэдняй школе № 2 Смілавіч, адзіны ў краіне, дзе сабрана падрабязная гісторыя развіцця мануфактуры нашага краю. Акцэнт у экспазіцыі нададзены развіццю прамысловай вытворчасці Чэрвеньскага раёна: тут і сёння працуе валяльна-лямцавая фабрыка, дзе вырабляюць вядомыя на ўвесь свет валёнкі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Як па падручніку
Экспазіцыя музея налічвае шэсць раздзелаў, сярод якіх “Гісторыя стварэння мануфактуры”, “Мануфактура Беларусі канца XVIII стагоддзя”, “Каралеўская мануфактура XVIII стагоддзя”, “Мануфактура Беларусі XVII—XIX стагоддзяў”, “Рамёствы Беларусі XIX стагоддзя” і, безумоўна, “Гісторыя мястэчка Смілавічы”.
Экскурсаводы музея расказваюць пра гісторыю фарміравання прамысловасці ў нашай краіне, але ўвагу акцэнтуюць на асаблівасцях нацыянальных рамесных вытворчасцей. Сёння ў музеі можна прасачыць гісторыю станаўлення прамысловых арцелей з канца XVII да пачатку ХХІ стагоддзя.
“Мануфактурная вытворчасць у нашай краіне, як і ў Еўропе, з’явілася дзякуючы буйным феадалам — магнатам, дваранам, — знаёміць з музеем навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 2 Смілавіч экскурсавод музея Дар’я Бурак. — Для таго каб арганізаваць мануфактуры ў сваіх маёнтках, яны выкарыстоўвалі прыгонных у якасці таннай рабочай сілы”.
Пачатак стварэння мануфактурнай вытворчасці ў нашай краіне паклалі магнаты Радзівілы. Першым кірункам яе развіцця сталі гуты — падпрыемствы па вырабе шкла. Для таго каб наладзіць іх работу, у краіну былі запрошаны замежныя майстры. А ўжо ў 1717 годзе жонка канцлера Вялікага Княства Літоўскага Ганна Радзівіл паспрыяла таму, каб у Налібоках было пабудавана першае прадпрыемства мануфактурнага тыпу, звязанае з вытворчасцю шкла. Пазней менавіта Ганна Радзівіл арганізавала вытворчасць дываноў і шпалераў у Карэлічах і ў Нясвіжы. Радзівілам таксама належала адна з самых знакамітых мануфактур у гісторыі нашай краіны па вытворчасці шаўковых паясоў у Слуцку.
“У 1765 годзе Станіслаў Аўгуст назначае літоўскім падскарбіем адукаванага і прадпрымальнага Антонія Тызенгаўза, які быў добра знаёмы з гісторыяй прамысловых прадпрыемстваў, — працягвае з захапленнем расказваць экскурсавод музея. — Маючы грошы, Тызенгаўз разгарнуў маштабную дзейнасць па стварэнні мануфактур. Дзякуючы яму на тэрыторыі краіны вельмі хутка былі пабудаваны 22 прадпрыемствы”.
У Музеі гісторыі мануфактуры Беларусі некалькі соцень экспанатаў, якія дазваляюць дасканала прасачыць станаўленне прамысловых арцелей ажно да пачатку ХХІ стагоддзя.
“Экспазіцыя “Мануфактура Беларусі XVII—XIX стагоддзяў” знаёміць з мануфактурамі князя Пацёмкіна-Таўрычаскага, — тлумачыць Дар’я Бурак. — Гэта былі парусінавая фабрыка, канатны і шклозавод, суднаверф у Крычаве. Таксама тут можна даведацца пра Лагойскую ткацкую фабрыку, пра Добрушскую папяровую фабрыку і інш. Экспазіцыя “Рамёствы Беларусі ХІХ стагоддзя” знаёміць з рамёствамі і промысламі Беларусі і ў прыватнасці з вытворчасцю, якая была наладжана ў Смілавічах. У нашым пасёлку развівалася гарбарная, бондарная справа, кавальства, ткацтва, земляробства, жывёлагадоўля, гандаль”.
Смілавіцкі брэнд
Менавіта экспазіцыя “Гісторыя мястэчка Смілавічы” выклікае найбольшую цікавасць у навучэнцаў школы і гасцей музея. Тут сабрана мноства ўнікальнай інфармацыі пра арцелі “Чырвоная зорка” (пазней валяльна-лямцавая фабрыка) і стварэнне гарбарнага завода. Дарэчы, усяго гэтага магло б не быць, каб не цікавасць да тэмы былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Смілавіч Людмілы Драпеза.
“Музей быў адкрыты 10 гадоў назад, — расказвае кіраўнік музея настаўніца гісторыі Святлана Жыгалка. — Наш пасёлак Смілавічы — шматфункцыянальны. Але з-за абставін, якія складваліся ў далёкія часы, насельніцтва займалася своеасаблівай работай, сярод якой — вінаробства і валянне валёнак. Дзякуючы нашай настаўніцы беларускай мовы Людміле Вацлаваўне Драпеза, якая першая натхнілася вывучэннем мануфактуры мінулага, мы таксама захапіліся гэтым кірункам і далучыліся да ідэі педагога. Заключалася яна ў тым, каб сабраць увесь матэрыял па развіцці вытворчасці краіны і стварыць музей”.
За аснову развіцця музея былі ўзяты фота- і відэаматэрыялы, сабраныя са звестак Дзяржаўнага архіва фота- і відэадакументаў. У ім над зборам інфармацыі працавалі настаўніца беларускай мовы Людміла Драпеза і дырэктар сярэдняй школы № 2 Смілавіч Вячаслаў Марціновіч. Пасля шэрага пошукавых экспедыцый спецыяльна адведзенае школьнае памяшканне, якое пасля стала музеем, крок за крокам напаўнялася стэндамі і каштоўнымі для ўсёй краіны рарытэтамі.
Сёння ў музеі мануфактуры, які не мае аналагаў, праводзяць не толькі экскурсіі, але і ўрокі па беларускай мове і літаратуры, па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі. Дарэчы, музейны праект узбагаціў і экскурсійнае кола Чэрвеньскага краю.
“Сёння разам з педагогамі дадатковай адукацыі я распрацоўваю экскурсіі, — тлумачыць заснавальніца музея Людміла Драпеза. — Адна з іх — “Праз смугу стагоддзяў”. Яна накіравана на развіццё гістарычнай адукацыі і прызначана ў тым ліку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У межах экскурсіі наведваем знакамітыя смілавіцкія мясціны, напрыклад, такія як парк Ваньковічаў-Манюшкі і музей “Гісторыя мануфактуры Беларусі”. Перш чым стварыць яго, мы разам з вучнямі збіралі экспанаты. Чаму менавіта музей такога кірунку нам быў неабходны? Справа ў тым, што на тэрыторыі Смілавіч з даўніх часоў пражывалі не толькі славяне, але і яўрэі, татары. Менавіта апошнія складалі большую частку насельніцтва. Таму нам захацелася расказаць пра іх быт, пра працу, якой яны займаліся”.
У музеі наведвальнікам раскажуць, як папрасаваць валком і качалкай, пакажуць, як сплесці лапці, і навучаць валяць лямцавы зімовы абутак.
“Наш музей інтэрактыўны, — дадае настаўніца гісторыі. — Тэматычныя туры па Смілавіцкім краі і азнаямляльныя спектаклі па тэме першага стэнда праводзяць удзельнікі гуртка “Юныя экскурсаводы”. Дарэчы, такая ініцыятыва таксама адзіная ва ўсёй краіне”.
Юным знаўцам гісторыі ёсць чым пахваліцца. У Смілавічах працаваў знакаміты на ўвесь свет завод Каўхмана і адзіная ў краіне валяльна-лямцавая фабрыка, якая мае свае глыбокія традыцыі.
“Гісторыя ў фабрыкі вельмі багатая, — працягвае словы педагога навучэнка Дар’я Бурак. — Яна была створана як арцель у 1926 годзе па ініцыятыве некалькіх чалавек. У 1928 годзе арцель была пераўтворана ў фабрыку. Валёнкі, якія вырабляюць у Смілавічах, могуць служыць вельмі доўга, але толькі ў тым выпадку, калі захоўваць іх пры неабходных умовах. Яны, дарэчы, вельмі простыя”.
Сёлета Смілавічы адзначаць 541 год з дня заснавання. Гісторыя ў пасёлка багатая і цікавая. У палацы Ваньковічаў калісьці танцаваў мазурку мастак Напалеон Орда, а Валенцій Ваньковіч ствараў галерэю партрэтаў сваякоў. Тут жа пісаў оперу “Страшны двор” кампазітар Станіслаў Манюшка, які гасцяваў у дзеда. Нягледзячы на гэта, па ўсім свеце пра Смілавічы даведаліся выключна дзякуючы валёнкам.
Як выраблялі валёнкі
Попыт на валёнкі выклікаюць не толькі снежныя і марозныя зімы. Хадзіць у іх, са слоў спецыялістаў, камфортна нават у спякотнае надвор’е. Каб ператварыць воўну ў валёнкі, трэба выканаць 36 аперацый, на якія патрэбна нямала часу — ад 3 да 5 сутак. Мыццё і часанне воўны, механізаваныя работы заўсёды выконваліся выключна рукамі. Цікава, што першапачаткова валёнкі рабіліся вышэй за наш рост. Потым яны збіваліся ўручную і ў выніку атрымліваліся крыху ніжэй, чым да калена.
Каб даведацца пра гэта, неабавязкова прыязджаць у Смілавічы: можна наведаць віртуальную экскурсію. На сайце сярэдняй школы № 2 знаходзіцца яе інтэрнэт-версія.
“Больш за ўсё пашанцавала нашым навучэнцам, — запэўнівае Святлана Жыгалка. — Мы робім экскурсію інтэрактыўнай, дзякуючы чаму дзеці могуць паспрабаваць сябе ў тых кірунках, якімі займалася насельніцтва Смілавіч”.
Вырабляць валёнкі дзяцей таксама вучаць, але ў выглядзе сувеніраў. Так, іх робяць з такога ж матэрыялу, што і сапраўдны абутак, толькі ў паменшаным выглядзе. Пасля парныя валёнкі дораць на памяць гасцям школы і музея.
“Дзякуючы таму, што займаемся ў гуртках па інтарэсах, у нас ёсць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з мінулым роднага краю і глыбей вывучыць гісторыю Беларусі, — дадае Дар’я Бурак. — Калі расказваем пра Смілавічы, пра развіццё мануфактуры ў пасёлку, абавязкова пачынаем аповед з гісторыі развіцця валяльна-лямцавай фабрыкі, бо валёнкі — гэта адзін з нашых брэндаў. Дарэчы, дзякуючы таму, што педагогі прывілі любоў да гісторыі, я сёлета буду паступаць на гістарычны факультэт БДПУ”.
Першыя калодкі для вырабу валёнак былі драўлянымі. Калі параўнаць тыя валёнкі, якія вырабляліся выключна рукамі, і тыя, што ствараюцца пры дапамозе спецыяльнага абсталявання, то розніцу можна з лёгкасцю заўважыць: “ручныя” валёнкі больш мяккія. На фабрыцы машыны здзяйсняюць 36 аперацый, каб атрымаць пару абутку, а першапачаткова ўсе 36 крокаў рабіліся ўручную. Нядзіўна, што ў мінулым стагоддзі на вытворчасці працавалі выключна мужчыны.
Валёнкі са Смілавіч, якія выраблялі ў апошнія гады, маюць стыльны выгляд, і насіць іх можна з чым заўгодна. Так, гэты абутак ужо даўно не ў модзе. Але ж мода — гэта цыклічная з’ява, якая можа мяняць свой характар і паўтарацца, ці не так?
Наталля САХНО
Фота аўтара