З моманту свайго адкрыцця гімназія № 10 Маладзечна з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай па ўкараненні інавацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс. А перамогі ў рэспубліканскіх і міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах не толькі павышаюць якасць навучання, але і стымулююць асобасны рост і развіццё навучэнцаў. Што дапамагае вучням кожны год дасягаць высокіх вынікаў у прадметных алімпіядах, а настаўнікам заставацца зацікаўленымі ў гэтым, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар гімназіі № 10 Маладзечна Таццяна Камкова.
— Таццяна Генадзьеўна, раскажыце, калі ласка, якім быў ваш шлях у педагогіку? Ці можна сказаць, што прафесія вам дасталася ў спадчыну?
— Пасля таго як у 1988 годзе скончыла сярэднюю школу № 9 Маладзечна з сярэбраным медалём, я паступіла на біёлага-хімічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага (сёння — БДПУ).
У 1993 годзе маладым спецыялістам мяне накіравалі на работу на малую радзіму. У якасці выхавальніка групы прадоўжанага дня ўпершыню пераступіла парог сярэдняй школы № 3 Маладзечна. У гэтай установе адукацыі я прайшла ўсе этапы адміністрацыйна-кіраўніцкай дзейнасці, назапасіла вопыт выхаваўчай, сацыяльнай, метадычнай і вучэбнай работы і ў ліпені 2011 года ўзначаліла гімназію № 10 Маладзечна.
З’яўляючыся дырэктарам гімназіі, прайшла перападрыхтоўку ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці “Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” з прысваеннем кваліфікацыі “менеджар у сферы адукацыі”.
Што тычыцца прафесіі ў спадчыну, то, магчыма, педагагічны дух насамрэч закладзены ў генетычным кодзе маёй сям’і. Генеалагічнае дрэва яшчэ патрабуе дадатковага вывучэння, але своеасаблівую педагагічную дынастыю на ім можна прасачыць. Дзядуля Мікалай Іванавіч Самаль скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, родная цётка па лініі бацькі Людміла Мікалаеўна Губіна атрымала адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У.І.Леніна і пачынала сваю працоўную дзейнасць сельскім настаўнікам хіміі ў Астравецкім раёне.
Але вызначальную ролю ў выбары будучай прафесіі адыгралі настаўнік біялогіі Сямён Сямёнавіч Чарнецкі і настаўніца хіміі Тамара Мікалаеўна Лявошка, прафесіяналізм і харызма якіх дапамаглі спыніцца на прыродазнаўчых дысцыплінах.
— Напрыканцы года ваша навучальная ўстанова адзначыла юбілей. Якія адукацыйныя традыцыі, закладзеныя яшчэ ў той час, падтрымліваеце і цяпер?
— Так, 24 лістапада 2023 года гімназія адзначыла 50-гадовы юбілей з дня заснавання ўстановы адукацыі. Адкрыццё сярэдняй школы № 10 Маладзечна адбылося 31 жніўня 1973 года. “Настаўніцкая газета” пра новабудоўлю пісала так: “Гэтая школа будзе ў горадзе не толькі самай буйной. Яна павінна стаць яшчэ і ўзорам арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, прыкладам належнага ажыццяўлення кабінетнай сістэмы навучання, тэхнічнай аснашчанасці класаў і лабараторый нагляднымі дапаможнікамі. Будучыня гэтай школы захапляючая…”
Гэта былі гады станаўлення калектыву, пошукаў творчага выкарыстання педагагічных навінак. З 1974 па 1999 год установай кіраваў Барыс Уладзіміравіч Вайцяхоўскі. За першыя 17 гадоў педагагічным калектывам школы была створана трывалая матэрыяльна-тэхнічная і вучэбна-метадычная база. На той час школа была адзінай у вобласці пілотнай — высокаўзроўневай, паказальнай па шэрагу напрамкаў і адной з лепшых у краіне.
У 1991 годзе сярэдняя школа № 10 Маладзечна была рэарганізавана ў Маладзечанскую беларускую гімназію, адзіную ў горадзе і раёне ўстанову новага тыпу. Навучанне ў гімназіі вялося па культурна-эстэтычным, грамадска-гуманітарным, фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным профілях.
Сёння ўстанова адукацыі працуе ў рэжыме развіцця. З моманту прыходу ў гімназію, на працягу 13 гадоў, імкнуся накіроўваць дзейнасць педагагічнага калектыву на развіццё шматфункцыянальнага здароўезберагальнага адукацыйнага асяроддзя, якое спрыяе пашырэнню і ўмацаванню каштоўнасна-сэнсавай сферы асобы навучэнца.
— На працягу апошніх пяці гадоў навучэнцы гімназіі становяцца пераможцамі міжнародных алімпіяд па хіміі. Толькі ў мінулым навучальным годзе вашы вучні прывезлі ў Мінскую вобласць чатыры сярэбраныя медалі з міжнародных хімічных спаборніцтваў. Як удаецца дасягаць такіх вынікаў? Чаму менавіта хімія найбольш папулярная сярод гімназістаў?
— Сапраўды, на працягу апошніх пяці гадоў навучэнцы вынікова выступалі на міжнародных алімпіядах па хіміі. У 2019 годзе навучэнец 11 класа Іван Мамчыц узнагароджаны дыпломамі ІІІ ступені і бронзавымі медалямі 53-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды па хіміі і 51-й Міжнароднай хімічнай алімпіяды ў Парыжы. У 2020 годзе навучэнец 11 класа Мацвей Навасёлаў перамог на 54-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі, заваяваўшы дыплом ІІ ступені і сярэбраны медаль.
У 2023 годзе на 57-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі ў Рэспубліцы Казахстан навучэнец 10 класа Павел Батура і навучэнец 11 класа Аляксандр Шарайчук сталі ўладальнікамі дыпломаў II ступені і сярэбраных медалёў. На 1-й Міжнароднай алімпіядзе па хіміі імя Абу Райхана Аль-Беруні ў Рэспубліцы Узбекістан Павел Батура атрымаў дыплом II ступені і сярэбраны медаль, навучэнец 11 класа Аляксандр Шарайчук удастоены сярэбранага медаля 55-й Міжнароднай хімічнай алімпіяды ў Швейцарыі.
Фактарам паспяховасці ў пошуку і прыцягненні высокаінтэлектуальных навучэнцаў, абуджэнні іх матывацыі да глыбокага вывучэння хіміі, прывіцці працавітасці і фарміраванні мэтанакіраванасці з’яўляюцца асабістыя якасці настаўніцы Аксаны Каляды. Яна дасканала валодае вучэбным прадметам, методыкай выкладання і псіхалагічнымі аспектамі ўзаемадзеяння з алімпіяднікамі і іх сем’ямі.
Традыцыйна скарбонка гімназічных перамог на рэспубліканскім узроўні таксама папаўняецца за кошт нямецкай і кітайскай моў — за апошнія 5 гадоў заваявана 8 дыпломаў.
У нашай установе закладзена трывалая аснова выкладання замежных моў, падабраны кадравы рэсурс, які не толькі перадае змястоўны вопыт, але і спрыяе фарміраванню прафесійных кампетэнцый маладых педагогаў.
— Якая роля ў рабоце з адоранымі дзецьмі адводзіцца інтэлектуальнай школе “Тытул”, што дзейнічае ў гімназіі? Чаму яна была створана?
— З 2013 года ва ўстанове адукацыі для адораных навучэнцаў функцыянуе інтэлектуальная школа “Тытул”. У канікулярны час па 15 вучэбных прадметах педагогі гімназіі рыхтуюць вучняў 6—11 класаў да рэспубліканскай алімпіяды. У летні перыяд алімпіяднікі праходзяць зборы для пераможцаў і ўдзельнікаў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды ў раённых і абласных аздараўленчых лагерах SMART CAMP і “Біт”.
З 2022/2023 навучальнага года для вучняў 3—4 класаў праводзіцца гімназічная алімпіяда “Лабірынты ведаў” па беларускай і рускай мовах, матэматыцы, дысцыпліне “Чалавек і свет”. Гэта дазваляе выявіць высокаматываваных навучэнцаў на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Пачынаючы з другой вучэбнай чвэрці прызёры гэтай алімпіяды далучаюцца да работы інтэлектуальнага руху: наведваюць заняткі па падрыхтоўцы да алімпіяды, удзельнічаюць у матывацыйных трэнінгах і брыфінгах, запрашаюцца на цырымоніі ўзнагароджання, дзе ім уручаюць дыпломы і салодкія прызы ў аўтарскіх скрыначках “Федэраткі”.
Пасля завяршэння кожнага этапу алімпіяды намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Міхайлаўна Сідаровіч праводзіць урачыстыя цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў, прычым кожны раз з новым зместам і формай (круглы стол, канцэрт, брыфінг, інтэрактыўную пляцоўку і г.д.).
Для зняцця залішняга напружання і фарміравання псіхалагічнай устойлівасці навучэнцаў педагогі-псіхолагі арганізуюць трэнінгі асобаснага росту “Рыхтуемся да алімпіяды, або Як пазбегнуць перагрузкі” для ўдзельнікаў другога этапу алімпіяды, “Пакараючы вяршыні” — для ўдзельнікаў трэцяга этапу, “Формула поспеху” — для ўдзельнікаў заключнага этапу. Кіраўнік інтэлектуальнай школы “Тытул” Вольга Пагірэйчык кожную чвэрць праводзіць матывацыйныя заняткі “Рух угору — час наперад!”.
— Таццяна Генадзьеўна, што для вашых педагогаў з’яўляецца імпульсам да прафесійнага росту? Якая роля ў гэтым належыць кіраўніку ўстановы?
— Імпульсам да прафесійнага станаўлення педагогаў служыць арганізаваная дзейнасць рэсурсных цэнтраў, якія працуюць у гімназіі: абласнога рэсурснага цэнтра па нямецкай мове, раённага рэсурснага цэнтра па працоўным навучанні і дапрызыўнай падрыхтоўцы.
У першую чаргу для кіраўніка важна любіць свой калектыў, атрымліваць задавальненне ад працэсу і вынікаў сваёй працы, ганарыцца сваім месцам работы.
Кіраўнік павінен быць прыкладам, хутка арыентавацца ва ўмовах шматзадачнасці, аддаваць сябе карпатлівай і тытанічнай працы, весці за сабой калектыў да новых дасягненняў і здзяйсненняў, шмат чытаць, мець зносіны, атрымліваць інфармацыю з розных крыніц, падтрымліваць дзелавыя і сяброўскія адносіны з сацыяльнымі партнёрамі.
Як дырэктар гімназіі вызначаю перспектыўную траекторыю руху калектыву аднадумцаў на шляху стварэння і падтрымання статусу лепшай установы на працягу сямі гадоў у раённым конкурсе па выніках работы ўстаноў адукацыі ў намінацыях “Лепшая гімназія Маладзечанскага раёна” і “Лепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаная ў гарадской мясцовасці”, а таксама занясення гімназіі на Дошку гонару Маладзечанскага раёна за дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі ў 2016, 2017, 2018, 2020, 2022 гадах.
Па выніках 2020 года наша гімназія ўзнагароджана дыпломам пераможцы абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” (1-е месца), а па выніках 2022 года ўнесена ў пералік лепшых прэтэндэнтаў ад Мінскай вобласці для занясення на рэспубліканскую Дошку гонару за дасягненне высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод арганізацый адукацыі.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА