У выдавецтве “Адукацыя і выхаванне” выходзіць серыя кніг па прававой тэматыцы, арыентаваных на юных грамадзян. Выданні можна выкарыстоўваць і настаўнікам у вучэбным, выхаваўчым працэсе. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Валянцін Навагродскі, дырэктар выдавецтва “АіВ”, даўно ў сістэме адукацыі, некаторы час быў памочнікам рэктара, дырэктарам вучэбна-выдавецкага цэнтра Мінскага дзяржаўнага педінстытута імя А.М.Горкага. Па ходзе размовы згадаў, што выкладаў гісторыю ў адной з сярэдніх спецустаноў адукацыі Мінска і неяк задаў навучэнцам пытанне: якія галіны ўлады ў нашай рэспубліцы яны ведаюць?
“Юныя грамадзяне, маючы па 16—17 гадоў, блыталіся і плавалі ў адказах, і давялося нам асобна гэта разгледзець, звярнуўшыся да Канстытуцыі, дзе ўсё дакладна прапісана, — гаворыць Валянцін Янавіч. — Тое ж і з пытаннем пра паўнамоцтвы верхняй і ніжняй палат парламента, які ажыццяўляе заканадаўчую ўладу. А што такое ўрад, што такое Савет Міністраў, розныя гэта паняцці альбо ідэнтычныя? Была б тады ў мяне вось гэтая кніжка “Детям о Конституции” — мы б хутчэй справіліся: адказы на пытанні тут выкладзены зразумела і даступна. Выдавецтва як бы “на выраст” спрацавала: па вялікім рахунку, аб прававой культуры школьнікаў, навучэнцаў шырэй трэба гаварыць, а можа, нават і прымаць адпаведныя рашэнні на дзяржаўным узроўні”.
Калі ў 2023 годзе выдавецтва распачало серыю “Просто о главном”, то рухала праект і ўпэўненасць дырэктара і яго калег: ёсць патрэба, ёсць сацыяльны запыт на падобныя выданні ў грамадстве.
Менавіта пра такую ініцыятыву знізу і гаварыў мне пазней Рыгор Васілевіч, аўтарытэтны правазнавец і адзін з аўтараў згаданай серыі кніг. А сутнасць праекта ў тым, каб расказваць дзецям пра сур’ёзныя, дзяржаўнай важнасці рэчы — даходлівай для іх мовай.
“Мы яшчэ раз пераканаліся, што ў правільным кірунку рухаемся, калі Прэзідэнт нядаўна праводзіў нараду па пытаннях адукацыі, — працягвае дырэктар. — Чарговы раз ён падкрэсліў: падручнікі, вучэбныя выданні, кнігі для дзяцей і юнацтва павінны быць цікавымі, добра ілюстраванымі, з высокай паліграфічнай якасцю. Такія выданні прывабяць чытачоў. А то ж, бывае, падручнік школьны — а ўсе выкладкі ў ім, нібы на вучоным або метадычным савеце, нават даросламу “не заходзяць”, кажучы мовай школьнікаў. Вось і ўзнікла ідэя расказаць дзецям, даступна і з добрымі малюнкамі, пра нашу Канстытуцыю”.
Серыя “Просто о главном” развіваецца, ёсць задумы на перспектыву. Трымаючы руку на пульсе часу, выдаўцы разумеюць: жыццё ляціць, старшакласнікі хутка стануць удзельнікамі электаральных кампаній, выбараў. Пойдуць галасаваць. А значыць, трэба даць ім у даступнай форме веды пра самі выбары, іх гісторыю, традыцыі. Гартаем разам з суразмоўнікам сёлетнюю кнігу “Детям о выборах”. Аўтары яе Рыгор Васілевіч, Таццяна Кісялёва, Аляксандр Корзюк падалі цікавыя звесткі пра тое, як людзі галасавалі ў старажытнасці, у даўнія часы. Як на старабеларускіх землях збіралася і працавала Полацкае веча, для чаго, напрыклад, людзі падкідвалі ўгару шапкі, хто мог у тым экзатычным, на сённяшні погляд, галасаванні ўдзельнічаць.
“Вось глядзіце: усё пададзена лаканічна, — гартае кнігу Валянцін Янавіч. — Імкнёмся тэксту шмат не даваць, арыентуемся на сучаснае, кліпавае мысленне юных чытачоў, падладжваемся пад яго. Таму ёсць драбненне на кароценькія раздзелы, падраздзелы. Вылучаем важныя абзацы. Ёсць лінейкі, малюнкі, схемы, карты”.
Сапраўды, сучасная стылістыка вёрсткі, сучасныя хады ў рабоце з інфармацыяй. Кароткі тэкст — а побач візуальныя выявы, інфаграфіка. Усё ў звязцы лягчэй запамінаецца, выклікае асацыяцыі. Паступова ў кнізе пераходзім ад гісторыі да сучаснасці. Тут ужо размова пра выбраных, іх адказнасць перад выбаршчыкамі. Хто асноўны суб’ект выбараў? Як рэалізаваць прынцыпы выбарчага права? І пра тое, што кожны можа не толькі ўдзельнічаць у выбарах, але і сам быць выбраным: стаць дэпутатам мясцовых Саветаў, парламента. Паўдзельнічаць у рабоце выбарчай камісіі, стаць даверанай асобай кандыдата. Важныя і практычныя парады: дзе атрымаць інфармацыю пра свій выбарчы ўчастак, як вылучаюцца кандыдаты, дзе праходзяць рэгістрацыю. Карацей, грунтоўны даведнік, прычым і на перспектыву. Мне нават падаецца, што калі школьнікі ўважліва прачытаюць кнігу, то змогуць і старэйшым у сям’і нешта падказаць, заахвоціць іх у выбарах паўдзельнічаць.
А што на перспектыву?
“Беларускі народ у наступным годзе будзе выбіраць Прэзідэнта, і мы плануем уключыцца ў гэты працэс, — прыадкрывае планы Валянцін Навагродскі. — У кнізе пра выбары ёсць пачатак размовы аб статусе Прэзідэнта: чым займаецца, якія мае паўнамоцтвы. Але, думаю, гэта будзе асобны праект”.
Між тым, акрамя згаданых кніг, у “АіВ” да сёлетніх выбараў выйшла невялікая брашура “Выбары. Будучаму выбаршчыку” — сумесны праект пры падтрымцы ЦВК і Мінадукацыі. Ён, заўважым, рэалізаваны ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў “Аб прававым выхаванні і асвеце грамадзян на 2024—2029 гады”.
Што да аўтараў, то пра Рыгора Васілевіча многія ведаюць. Таццяна Кісялёва — малады юрыст, вучаніца Рыгора Аляксеевіча. Іх сумесная праца — сведчанне пераемнасці традыцый у гэтай справе. А пры рабоце над кнігай “Детям о Конституции” яго суаўтарам стала Юлія Еўдакімава, галоўны рэдактар дзіцячага пазнавальна-гульнявога часопіса “Рюкзачок”, які выдаецца пад дахам “АіВ”. На думку дырэктара, іх супрацоўніцтва дало цікавы плён. З аднаго боку, ёсць веданне, вопыт, сістэмнасць выкладання, а рэдактар часопіса адаптавала тэксты для дзяцей — выклала мовай, якая ім больш зразумелая. З гордасцю дырэктар адзначае, што першыя 3000 тыражу кнігі “Детям о Конституции” ўжо разышліся, надрукавана другое выданне. Абедзве кнігі серыі, дарэчы, выйшлі пры непасрэдным удзеле Мінадукацыі, летась першая прэзентавалася на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, і сёлета днямі там жа будуць прадстаўлены абедзве.
На нядаўняй прэс-канферэнцыі міністр адукацыі Андрэй Іванец расказаў журналістам, якія адукацыйныя навінкі можна будзе пабачыць на XXХI Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Ён паведаміў, што выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” рыхтуе прэзентацыю кніг “Детям о Конституции” і “Детям о выборах”: “Гэта два выданні, якія мы рабілі сумесна з Цэнтральнай выбарчай камісіяй. Даступнай мовай для нашых дзяцей, моладзі апісана, што такое іх грамадзянскае права быць выбаршчыкам, наколькі важна прымаць удзел у выбарах і якую ролю яны адыгрываюць у станаўленні і развіцці нашай краіны”.
Асобна міністр праанансаваў і прэзентацыю кнігі “Образование в Беларуси: истоки, история, современность”. Пры гэтым выказаў упэўненасць, што “пры знаёмстве з кнігай не толькі маладыя людзі, але і кожны дарослы чалавек запазычыць шмат цікавай, новай інфармацыі пра выдатных людзей асветы, пра нашы навучальныя ўстановы і тое, што адукацыі на землях Бацькаўшчыны больш за тысячу гадоў. Гэта вельмі важная і добрая нагода для гордасці за нашу краіну”.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара