Новыя спецыяльнасці прадставілі школьнікам у Гродзенскім дзяржаўным каледжы галіновых тэхналогій

- 11:06Образование

Новыя спецыяльнасці “Выраб мясной прадукцыі” і “Перапрацоўка мяса” прадставілі школьнікам — патэнцыяльным навучэнцам у Гродзенскім дзяржаўным каледжы галіновых тэхналогій, паведаміў карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На дзень адкрытых дзвярэй у каледж прыйшлі вучні школ Гродна. У гэтым годзе выпускнікі 9-х класаў ра­зам з традыцыйнымі кваліфікацыямі, такімі як “кухар, кандытар”, “афіцыянт, бармен”, “прадавец, кантралёр-касір (кантралёр)”, “кухар, прадавец”, змогуць выбраць новыя кваліфікацыі — “вытворца мясных паўфабрыкатаў”, “саставіцель фаршу”, “жылоўшчык мяса і субпрадуктаў”.

Новыя спецыяльнасці адкрываюцца па заяўцы ААТ “Гродзенскі мясакамбінат”, дзе ў далейшым выпускнікі навучальнай установы змогуць працаваць.

Педагогі каледжа пабывалі на мясакамбінаце, азнаёміліся з умовамі працы, сацыяльным пакетам, атрымалі рэкламны матэрыял для правядзення прафарыентацыйнай работы сярод школьнікаў.

Выпускнікі 11-х класаў у Гродзенскім дзяржаўным каледжы галіновых тэхналогій могуць атрымаць кваліфікацыі “кухар”, “прадавец, кантралёр-касір (кантралёр)”, а таксама на завочнай форме магчыма атрыманне прафесіі лесавода.

У маладых людзей, якія маюць прафесійна-тэхнічную адукацыю, што адпавядае профілю спецыяльнасці, ёсць магчымасць пайсці на скарочаны тэрмін навучання і стаць таваразнаўцамі, тэхнікамі-тэхнолагамі. Прычым экзамены здаваць не трэба, конкурсны набор на ўсе прафесіі ажыццяўляецца на падставе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. А ў далейшым яны могуць зноў на скарочанай форме завочна атрымаць вышэйшую адукацыю — адпаведныя дагаворы заключаны паміж каледжам і Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, Беларускім дзяржаўным універсітэтам харчовых і хімічных тэхналогій.

Маладыя людзі азнаёміліся не толькі з умовамі прыёму і навучання, магчымасцямі працаўладкавання, але і з базай установы, пабывалі ў цэнтры кампетэнцый у сферы грамадскага харчавання. Юнакі і дзяўчаты з задавальненнем прынялі ўдзел у рабоце пляцовак па прафесіях. Ім вельмі спадабаліся конкурсныя работы навучэнцаў каледжа, зробленыя з шакаладу і масцікі. Загадчыца аддзялення грамадскага харчавання Алена Горбач запэўніла, што ўсіх, у каго ёсць жаданне стаць кухарамі і кандытарамі, у каледжы змогуць навучыць не толькі пячы булачкі, але і рабіць такія шэдэўры.

Дарэчы, формы прафарыентацыйнай работы ў каледжы разнастайныя. Акрамя дзён адкрытых дзвярэй у самой установе адукацыі, педагогі праводзяць сустрэчы са старшакласнікамі непасрэдна ў школах з абавязковымі майстар-класамі, прычым выязджаюць ва ўсе раёны Гродзенскай вобласці.

Сваю сённяшнюю назву Гродзенскі дзяржаўны каледж галіновых тэхналогій атрымаў у верасні 2022 года. А гісторыя ўстановы адукацыі пачалася яшчэ ў 1976 годзе. Прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 127 хімікаў тады рыхтавала спецыя­лістаў для гродзенскага прадпрыемства “Хімвалакно”. Гады ішлі, патрэба ў такіх спецыялістах змяншалася. У 2007 годзе навучальная ўстанова (тады — прафесійна-тэхнічны каледж хімічнай прамысловасці) была рэарганізавана ў Гродзенскі дзяржаўны прафесійны тэхналагічны каледж шляхам зліцця з ПТВ № 225 гандлю.

— Рэарганізацыя дазволіла кале­джу развівацца, арганізоўваць навучанне для атрымання рабочай спецыяльнасці на ўзроўні не толькі прафесійна-тэхнічнай, але і сярэдняй спецыяльнай адукацыі: вялася падрыхтоўка кіраўнікоў сярэдняга звяна па скарочанай праграме, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Вольга Карпенка. — Радуе, што сёння ў нашай установы адукацыі сучасная база: 24 вучэбныя кабінеты, 2 лабараторыі камп’ютарных тэхналогій, лабараторыя гатавання гарачых страў.

На базе каледжа дзейнічае абласны цэнтр кампетэнцый па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне”. Ён складаецца з дзвюх майстэрань — кухара і кандытара.

Авалодаць прафесійнымі навыкамі ў цэнтры кампетэнцый могуць навучэнцы не толькі каледжа, але і іншых навучальных устаноў вобласці, дзе вядзецца падрыхтоўка па сумежных спецыяльнасцях.

— Вельмі важна, што адукацыя ў нашым каледжы практыка-арыентавая, — падкрэсліла В.Ф.Карпенка. — Мы не толькі даём тэарэтычныя веды па асноўных спецыяльных прадметах, але і праводзім лабараторна-практычныя заняткі. Напрыклад, калі навучэнцы адпрацоўваюць тэму “Супы”, то самі гатуюць іх, а затым ацэньваюць якасць і форму падачы. Падчас практыкі на прадпрыемствах яны замацоўва­юць атрыманыя навыкі.

Выклікаюць вялікую гордасць шматлікія перамогі педагогаў і навучэнцаў каледжа ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. У абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі шмат гадоў запар каледж займае 1-е або 2-е месца. Штогод навучэнцы атрымліваюць прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага аблвыканкама. Навучэнцы — пераможцы рэспубліканс­кіх конкурсаў ProfSkills Belarus, Міжнароднага кулінарнага кубка, чэмпіянату кандытарскага майстэрства, абласнога адкрытага конкурсу-выставы кандытарскага і кулінарнага майстэрства “Бацькаўшчына”, агляду-конкурсу “АРТ-вакацыі”, рэспубліканскага агляду “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафадукацыі”. Ва ўстанове вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю творчых здольнасцей моладзі і яе фізічнаму здароўю.

Расказваючы пра сваю ўстанову адукацыі школьнікам, навучэнцы кале­джа адзначылі, што, паступіўшы пасля 9-ці класаў, яны будуць атрымліваць тут бясплатны абед, а пасля 11-ці класаў — стыпендыю, якая залежыць ад паспяховасці. Усе, хто мае ў гэтым патрэбу, атрымаюць месца ў інтэрнаце. Сённяшнія навучэнцы ад усёй душы заклікалі моладзь зрабіць выбар на карысць каледжа галіновых тэхналогій.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара