Аб новых шляхах развіцця спецыяльнай адукацыі расказвае прадстаўнік Мінадукацыі Ала Вераценнікава

- 10:05Компетентно, Школа управления

У Міністэрстве адукацыі створаны аддзел адаптацыі і інтэграцыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які ўзначальвае вопытны спецыяліст у гэтай сферы Ала Вераценнікава. Аб асноўных напрамках развіцця спецыяльнай адукацыі яна расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”.

— Назва аддзела гаво­рыць сама за сябе. Мэтай яго дзейнасці з’яўляецца забеспячэнне і рэалізацыя асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў атрыманні адукацыі асобамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У нас створана цэласная сістэма аказання карэкцыйна-педагагічнай і адукацыйнай дапамогі дзецям з АПФР. Аднак з улікам таго, што колькасць дзяцей гэтай катэгорыі з кожным годам павялічваецца, мяняюцца формы і метады спецыяльнай адукацыі, мэтазгодна было ўдасканаліць арганізацыю работы па адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з АПФР, скаардынаваць яе належным чынам і забяспе­чыць нарматыўнае прававое і метадычнае суправаджэнне. Над гэтым і працуюць работнікі нашага аддзела.

— Ала Вячаславаўна, якая статыстыка ў сістэме адукацыі па колькасці дзяцей з АПФР?

— Па стане на верасень 2023 года ў банку даных асоб з асаб­лівасцямі псіхафізічнага развіцця знаходзіцца больш за 180 тысяч дзяцей. Найбольшы працэнт складаюць дзеці з парушэннямі маўлення (91,7%). Колькасць дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю складае 6,37%; з цяжкасцямі ў навучанні — 6,87%; з парушэннямі зроку — 1,4%; з парушэннямі апорна-рухальнага апарату — 1,37%; з парушэннямі слыху — крыху больш за 1%. Катэгорыя дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектра складае 2,4%.

— Якія ўстановы забяспеч­ваюць аказанне карэкцыйна-­педагагічнай і адукацыйнай дапамогі названай катэгорыі дзяцей?

— Сёння ў гэтай сферы задзейнічаны 236 устаноў спецыяльнай адукацыі, сярод якіх 141 цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, 47 спецыяльных школ, школ-інтэрнатаў, 48 спецыяльных дзіцячых садоў. Акрамя таго, арганізавана інтэграванае навучанне і выхаванне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Там створаны класы і групы інтэграванага навучання і выхавання, спецыяльныя класы і групы, у якіх вучацца больш за 70% дзяцей з АПФР. Так, у большасці школ Мінска доля такой катэгорыі дзяцей складае ад 2 да 14% ад агульнай колькасці навучэнцаў. Нашы намаганні накіраваны на рэалізацыю аднаго з асноўных прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі — прынцыпу інклюзіі. Як вынік, ахоп дзяцей з АПФР спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай складае 99,9%.

Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі замацаваны прынцып інклюзіі ў адукацыі. Улік асаблівых адукацыйных патрэб, магчымасць уключэння дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў сумесны адукацыйны працэс, стварэнне ўсіх неабходных умоў для яго максімальнай адаптацыі і сацыялізацыі, павышэнне якасці адукацыі для ўсіх дзяцей — вызначальныя напрамкі адукацыйнай палітыкі.

Неад’емнай часткай нашай работы з’яўляецца павышэнне якасці жыцця дзяцей з асаблівымі ­
патрэбамі ў навучанні і выхаванні, іх паспяховая адаптацыя ў навакольным асяроддзі. Мы канцэнтруем увагу на ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, дзе ў кантынгент навучэнцаў уваходзяць дзеці з АПФР, на забеспячэнні такіх устаноў спецыяльнымі сродкамі навучання. Гэта прадугледжана дзяржаўнымі праграмамі “Адукацыя і маладзёжная палітыка” і “Сацыяльная абарона” на 2021—2025 гады. Дзякуючы іх рэалізацыі, сёння элементы даступнага асяроддзя маюць больш за 80% устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Па магчымасці адукацыйны працэс для дзяцей з АПФР павінен быць арганізаваны па месцы жыхарства.

— Якімі функцыямі надзелены спецыяльныя ўстановы адукацыі? Якая роля рэсурсных цэнтраў?

— Сярод гэтых функцый забеспячэнне атрымання спецыяль­най адукацыі дзецьмі з АПФР з улікам структуры і ступені цяжкасці фізічнага і (або) псіхічнага парушэння і, што вельмі важна, стварэнне ўмоў для іх гарманічнага развіцця, сацыялізацыі, адаптацыі ў навакольным асяроддзі. Ставіцца задача падрыхтаваць дзяцей названай катэгорыі да прафесійнага самавызначэння, працоўнай дзейнасці, сямейнага жыцця, забяспечыць патранат выпускнікоў на працягу двух гадоў пасля заканчэння ўстановы адукацыі. Сёння мы імкнёмся пашырыць узаема­дзеянне такіх устаноў з установамі адукацыі іншых узроўняў і профіляў, з сацыяльнымі партнёрамі, грамадскімі аб’яднаннямі, установамі аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання, каб забяспе­чыць комплекснае суправаджэнне навучэнцаў і іх сем’яў цяпер і ў далейшым жыцці, стварыць умовы для развіцця іх творчых здольнасцей, прыцягваць усё больш дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў сістэму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, да заняткаў пэўнымі відамі спорту. Важна адзначыць, што бацькі дзяцей з АПФР з’яўляюцца не толькі паўнапраўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, якія прымаюць рашэнне аб выбары адукацыйнага маршруту для свайго дзіцяці. Яны становяцца своеасаблівымі памочнікамі, праваднікамі для сістэмы адукацыі ў пошуку аптымальных умоў для атрымання адукацыі і задавальнення адукацыйных патрэб дзіцяці і яго сям’і.

Адметная роля нале­жыць сёння рэсурсным цэнтрам,створаным на базе ўстаноў спецыяльнай адукацыі па кірунках дзейнасці. Яны з’яўляюцца іх структурнымі падраздзяленнямі і дапамагаюць у фарміраванні інклюзіўнай культуры і рэсурснай падтрымцы інтэграванага навучання і выхавання. У рэсурсных цэнтрах канцэнтруюцца ўнікальныя матэрыяльна-тэхнічныя, педагагічныя і інфармацыйныя рэсурсы па суправаджэнні навучэнцаў канкрэтнай назалагічнай групы. Актуальнасць іх дзейнасці заключаецца не толькі ў назапашванні вопыту, распрацоўцы сучаснага метадычнага забеспячэння, але і ва ўмелай арганізацыі і аператыўным распаўсюджванні наяўных рэсурсаў, што вызначае неабход­насць больш цеснага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі для максімальнага выкарыстання існуючага рэсурснага патэнцыялу.

— А як справы з кадрамі для сістэмы спецыяльнай адукацыі? Ці ёсць іх дэфіцыт?

— Цяжкасці ў кадравым забеспячэнні вызначаюцца не колькасцю, а перш за ўсё якасцю ­пад­рыхтоўкі педагогаў. Працэнт укамплектаванасці кадрамі складае больш за 99%, таму, як бачна, няма кадравай праблемы ў арганізацыі адукацыйнага працэсу для дзяцей з АПФР. Аднак паколькі спектр псіхафізічных парушэнняў у развіцці дзяцей даволі разнастайны, то гэта патрабуе спецыяльных падыходаў да падрыхтоўкі адпаведных педагагічных кадраў, перш-наперш павышэння яе якасці, карэкціроўкі зместу падрыхтоўкі згодна з патрабаваннямі часу. Сёння каля 40 тысяч педагогаў рэалізуюць адукацыйны працэс ва ўстановах спецыяльнай адукацыі і ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання, аказва­юць карэкцыйна-педагагічную дапамогу дзецям з лёгкімі парушэннямі развіцця. Пры гэтым 11,9 тысячы з іх — гэта настаўнікі-дэфектолагі, якія непасрэдна ажыццяўляюць навучанне і выхаванне дзяцей з АПФР.

Падрыхтоўка настаўнікаў-дэфектолагаў вядзецца на базе шасці ўстаноў вышэйшай адукацыі, галоўнай з якіх ужо шмат гадоў застаецца Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. На яго базе каля 10 гадоў дзейнічае Інстытут інклюзіўнай адукацыі, які ажыццяўляе падрыхтоўку настаўнікаў-дэфектолагаў па спецыяльнасцях “Лагапедыя”, “Сурдапедагогіка”, “Тыфлапедагогіка”, “Алігафрэнапедагогіка”.

З верасня 2023 года падрыхтоўка спецыялістаў ва УВА ажыццяўляецца па ўзбуйненай спецыяльнасці “Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя” з шасцю прафілізацыямі, пералік якіх пашыраны з улікам запытаў практычнай дзейнасці. Сярод новых — “Адукацыя асоб з расстройствамі аўтыстычнага спектра”, “Дашкольная лагапедыя”, “Лагапедычная дапамога дзецям школьнага ўзросту і дарослым”. У гэтым навучальным годзе ва ўстановах вышэйшай адукацыі па названых спецыяльнасцях вучацца 2630 чалавек, з іх на дзённай форме навучання — 1186. Атрымліваючы прафесію настаўніка-дэфектолага, будучыя спецыялісты набываюць навыкі работы з рознымі катэгорыямі дзяцей з АПФР, узаемадзеяння з іх бацькамі, з педагагічнымі работнікамі, у тым ліку і па фарміраванні культуры зносін дзіцяці з АПФР.

— У сучаснай школе пытанне арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання дзяцей з АПФР з’яўляецца актуальным.

— Мяркуючы па колькасці класаў і груп інтэграванага навучання і выхавання, створаных сёння ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі, гэты кірунак набывае новыя рысы і патрабуе ад педагога сучаснага зместу ў навучанні і асабістага падыходу. Асноўнай задачай настаўніка-прадметніка інтэграванага класа з’яўляецца падтрымка сацыяльнага і асобаснага развіцця дзіцяці з улікам яго патэнцыяльных магчымасцей, стварэнне ў класе роўных камфортных умоў для кожнага вучня. Задача педагога — не толькі даць пэўныя веды, але і забяспечыць развіццё асобасных якасцей, сфарміраваць характар, жыццё­вую пазіцыю выхаванцаў. У кожным дзіцяці настаўнік павінен бачыць асобу і ствараць для яго атма­сферу паспяховасці, узаемаразумення і павагі. Настаўніку трэба быць псіхалагічна і метадычна падрыхтаваным да правядзення ўрока, ён павінен супрацоўні­чаць з настаўнікам-дэфектолагам, сацыяльным педагогам, педагогам-псіхолагам. Міністэрства адукацыі распрацавала неабходныя рэкамендацыі для прафесійнага ўдасканалення настаўніка пры рабоце ў інтэграваных класах, што забяспечвае гатоўнасць звычайнага педагога правільна і эфектыўна вырашаць задачы, звязаныя з навучаннем дзяцей з АПФР, у тым ліку з расстройствамі аўтыстычнага спектра. Сёння пастаўлена задача: кожны педагог павінен умець працаваць з дзецьмі з АПФР.

— Як арганізавана павышэнне кваліфікацыі для кіраўнікоў і спецыялістаў сістэмы спецыяльнай адукацыі?

Павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці кіраўнікоў і спецыялістаў сістэмы спецыяльнай адукацыі мае на сённяшні дзень вялікае значэнне. Новыя патрабаванні да структуры і зместу прафесійных кампетэнцый, якія прадугледжваюць у якасці абавязковых складнікаў спецыяльныя прафесійныя кампетэнцыі па рабоце з дзецьмі з АПФР, вызначаюць неабходнасць распрацоўкі і рэалізацыі вучэбна-тэматычных планаў і вучэбных праграм павышэння кваліфікацыі па актуальных тэмах для ўстаноў адукацыі і асобных спецыялістаў. Так, у Акадэміі адукацыі рэалізуецца шэраг вучэбных праграм павышэння кваліфікацыі разнастайнай тэматыкі, якія адлюстроўваюць спецыфіку дзейнасці цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Для педагагічных работнікаў, якія з’яўляюцца спецыялістамі псіхолага-медыка-педагагічных камісій ЦКРНіР, вучэбныя праграмы павышэння кваліфікацыі рэалізуюцца з улікам вопыту работы спецыялістаў. Павышэнне кваліфікацыі таксама ажыццяўляецца ў абласных інстытутах развіцця адукацыі, Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі, ІПКіПК Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

 Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА