Дзеці вайны — асаблівае пакаленне. Былі сярод іх тыя, чые імёны назаўжды засталіся ў гісторыі дзякуючы подзвігам.
Дзеці вайны — асаблівае пакаленне. Яны праводзілі бацькоў на фронт, чакалі вестачак, з надзеяй узіраліся ў будучыню. І не заўважалі, як самі за кароткі час сталелі… Замяняючы бацькоў у полі і ля станка, дзеці працавалі нароўні з дарослымі, стараючыся яшчэ і вучыцца, таму што ведалі: вайна скончыцца і яны будуць жыць далей. Былі сярод іх тыя, чые імёны назаўжды засталіся ў гісторыі дзякуючы подзвігам. Піянераў-герояў Валю Зенкіну, Марата Казея, Зіну Партнову і многіх іншых ведаюць і помняць усе пасляваенныя пакаленні. Але колькі яшчэ дзяцей сталі ахвярамі жудаснай вайны, колькі страцілі сваё дзяцінства…
Забыць нельга. Трэба перадаць памяць наступным пакаленням.
У кнізе кароткіх апавяданняў “Под ласковым солнцем воскресенья” пісьменніца Эльвіра Вашкевіч расказвае школьнікам гісторыі іх равеснікаў, якія жылі ў гады вайны і адразу пасля яе. Яна нагадвае пра жыццё пад акупацыйнымі ўладамі, пра пасляваенную разруху, але разам з тым — пра гераізм і чалавечнасць.
У кнізе “Украденное детство. Великая Отечественная война глазами детей” — яшчэ больш кранальныя гісторыі. Бо яны рэальныя. Ніна Пісарэнка сабрала ўспаміны тых, чыё дзяцінства было разбурана вайной. У прадмове яна піша: “Вельмі хацелася паспець запісаць успаміны жывых сведкаў. Прачытайце іх гісторыі — і вы зразумееце, чаму людзі гэтага пакалення заўсёды гаварылі і марылі только аб адным: каб быў мір”. Сапраўды, калі ўглядаешся ў твары і чытаеш пра жыццё тых, хто ўжо ў вельмі паважаным узросце, і разумееш, што ў іх не было дзяцінства, што яны быццам ніколі і не былі маладымі, то моцна адчуваеш гэтае адзінае жаданне міру.
Такое ж уражанне выклікае і выданне “Я помню ўсё…”, у якім сабраны ўспаміны вядомых беларускіх пісьменнікаў, якія былі дзецьмі — апошнімі сведкамі крывавага ліхалецця — у часы Вялікай Айчыннай вайны. Гісторыі шчымлівыя, трагічныя, але праўдзівыя і тым больш страшныя.
Аўтар кнігі “Мы не забудзем” Таццяна Дамаронак праз сучасных дзяцей і падлеткаў, іх успрыманне падзей вайны нагадвае: захаваць памяць могуць толькі наступныя пакаленні. Таму вельмі важна заўважаць тое, што побач. Прыслухоўвацца да тых, хто перажыў жудасныя часы.
Кніга Барыса Савінава “Триумф и трагедия семьи Казей” расказвае пра ўнікальную беларускую сям’ю Казей. Менавіта ў сям’і дзецям — Марату і Арыядне — былі прывіты тыя якасці, якія дазволілі ім здзейсніць подзвіг у ваенны час і працоўны подзвіг у мірны. У выданні аўтар раскрывае вытокі тых каштоўнасных установак з арыентацыяй на сям’ю, без якіх у наш час немагчыма выхаваць дастойнага чалавека.
…Калісьці вайна прымусіла дзяцей забыць пра дзяцінства. Увяла ў бездань дарослага ваеннага жыцця — на палях, ля станкоў, са зброяй у руках супраць ворага, часам без прытулку, ежы, адзення, без абароны і дапамогі дарослых. Кожны з іх унёс пасільны ўклад у Перамогу. Будзем жа памятаць пра гэта. І перадаваць гэтую памяць наступным пакаленням як галоўную каштоўнасць.
***
У адпаведнасці з загадам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь да Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” далучаны Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Выдавецтва “Вышэйшая школа” і Выдавецкае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Народная асвета”. Цяпер усе кнігі аб’яднаных выдавецтваў можна купіць на сайтах дзяржаўнага прадпрыемства “Адукацыя і выхаванне”, у кнігарнях і вучэбных цэнтрах.
Па матэрыялах выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”
Фота на прэўю pixabay.com