Адзінаццацікласнікі з Мастоў штогод папаўняюць здымкам на фоне пунсовых ветразяў школьную алею выпускнікоў

- 16:20Новости

На працягу многіх гадоў выпускнікі сярэдняй школы № 2 Мастоў імя Героя Савецкага Саюза В.П.Жукава прымаюць пажаданні дырэктара каля школьных пунсовых ветразяў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Юнакі і дзяўчаты нязменна робяць памятныя здымкі на фоне знакамітага сімвала надзеі і веры ў цуд. А гэтыя здымкі папаўняюць алею выпускнікоў розных гадоў у адным са школьных холаў.

— Сёння мы шмат гаворым аб павазе да мінулага. Яна пачынаецца з малога — павагі да гісторыі сваёй сям’і. Для педагогаў і вучняў школа — няйначай як сям’я. І, думаю, важна паказаць дзецям: мы памятаем тых, хто ўзнімаўся на алімп ведаў у папярэднія гады, — гаворыць дырэктар школы Аляксандр Старавойтаў, імя якога сёлета было занесена на раённую Дошку гонару.

Падчас гутаркі ля алеі выпускнікоў кіраўнік установы адукацыі раз-пораз ро­біць адступленні і расказвае, як склалася студэнцкая гісторыя ўчарашніх школьнікаў. Выпускнікоў не проста памята­юць, а цікавяцца іх лёсам пасля таго, як іх школьныя сшыткі спісаны да апошняй старонкі.

Нязменны герой здымкаў выпускнікоў — карабель з пунсовымі ветразямі — у невялікім, але ўтульным школьным дворыку з’явіўся 15 гадоў назад. У сугуччы з творам Аляксандра Грына для сённяшніх і ўчарашніх школьнікаў ён сімвалізуе шчырасць, чысціню душы і сапраўднае каханне.

— Фота на фоне парусніка — больш чым проста традыцыя. Хочацца верыць, што для нашых выпускнікоў гэта захаваныя ў здымку мары аб добрай і светлай будучыні. І магчыма, праз гады ў дзень сустрэчы выпускнікоў яны ўспомняць пра гэтыя мары і не здрадзяць ім, — працягвае Аляксандр Старавойтаў.

Дарэчы, у гэтым навучальным годзе школа № 2 у Мастах стала імянной. З 16 кастрычніка яна носіць імя 22-гадовага сяржанта, які загінуў пры вызваленні Мастоўшчыны ў 1944 годзе. І 55 выпускнікоў сёлета пачнуць яшчэ адну традыцыю: у святочны дзень развітання са школай яны ўскладуць кветкі да брацкай магілы, дзе пахаваны Герой Савецкага Саюза Васіль Пятровіч Жукаў.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі