Пра тое, як ужо сёння ў Крупскім раёне вядзецца падрыхтоўка да новага навучальнага года, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Крупскага райвыканкама Уладзімір Рогаў.
— Нягледзячы на тое, што бягучы навучальны год яшчэ не завершаны, мы актыўна рыхтуемся да новага. Ужо распачаты капітальны рамонт Крупскай раённай гімназіі. Акрамя гэтага, з абласнога бюджэту выдзелены сродкі на рамонт сярэдняй школы № 3. У ёй будуць адрамантаваны фасад, дах і інш. Таксама плануецца рамонт Крупскага цэнтра дзіцячай творчасці. У астатніх навучальных установах, дзе неабходна, будуць праведзены бягучыя рамонты: заменяць мэблю і вокны, прывядуць у парадак школьную тэрыторыю і інш.
Сёлета, дарэчы, першы год пасля маштабнай рэканструкцыі працуюць сярэдняя школа № 1 Крупак імя В.Дуніна-Марцінкевіча і Халопеніцкая сярэдняя школа імя Максіма Багдановіча.
— Нядаўна былі падведзены вынікі заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Ці ёсць чым пахваліцца Крупскаму раёну?
— Так, у нас ёсць вучні, якія паказалі высокія вынікі на заключным этапе алімпіяды. У Крупскай раённай гімназіі рускую мову і літаратуру выкладае Святлана Леанідаўна Хадатовіч. Яна штогод рыхтуе пераможцаў абласнога і рэспубліканскага этапаў. Навучэнка 10 класа Валерыя Цумарава ўдастоена дыплома ІІІ ступені на заключным этапе алімпіяды, а навучэнка 11 класа Ульяна Шчаўроўская атрымала пахвальны водзыў. Дарэчы, мінулым летам менавіта яна была ўдзельніцай праекта “Цягнік Памяці”. Сёлета мы таксама прайшлі на рэспубліканскі этап у ліку 10 удзельнікаў ад Мінскай вобласці.
У цяперашні час рыхтуемся да правядзення цэнтралізаванага экзамену, які будзе праходзіць у гімназіі. Яго рэпетыцыя была ўдалай: у нас два стабальныя вынікі па матэматыцы.
— Уладзімір Іванавіч, як у летні перыяд будзе арганізавана сістэма аздараўлення навучэнцаў?
— Як і ў папярэднія гады, інфармацыю аб арганізацыі аздараўлення ў школах можна ўбачыць на інфармацыйных стэндах і сайтах устаноў. Абавязковым з’яўляецца ўцягванне ва ўсе формы летняй занятасці дзяцей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, дзяцей з мнагадзетных, малазабяспечаных сем’яў, а таксама тых непаўналетніх, якія знаходзяцца на розных формах уліку.
Каб летняя кампанія была паспяховай, без няшчасных выпадкаў, напярэдадні канікул і падчас аздараўлення ва ўсіх установах адукацыі і лагерах праходзяць прафілактычныя мерапрыемствы. Найбольш папулярнымі сярод навучэнцаў Крупскага раёна з’яўляюцца палатачныя і кругласутачныя лагеры. Жадаючых адпачыць у дзённых лагерах на базе ўстаноў адукацыі, у лагерах працы і адпачынку таксама заўсёды многа.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА