Пад пільным кантролем: як арганізавана харчаванне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі

- 11:10Компетентно, Школа управления

Аб арганізацыі харчавання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік упраўлення развіцця матэрыяльна-­тэхнічнай базы Міністэрства адукацыі Андрэй Дзем’яновіч.

Пад пільным кантролем

— У нашай краіне сфарміравана сістэма арганізацыі харчавання дзяцей ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, якая дзейнічае больш за 30 гадоў. Дзіцячае харчаванне з’яўляецца часткай сістэмы грамадскага харчавання, і пытанні яго належнай арганізацыі ва ўстановах адукацыі знаходзяцца на асаблівым кантролі кіраўніка дзяржавы і ўрада. У адпаведнасці з артыкулам 38 Кодэкса аб адукацыі забеспячэнне харчаваннем з’яўляецца мерай сацыяльнай абароны навучэнцаў, і згодна з артыкулам 40 гэтага дакумента навучальныя ўстановы абавязаны ства­раць неабходныя ўмовы для арганізацыі харчавання дзяцей.

Міністэрства адукацыі ўдзяляе вялікую ўвагу арганізацыі якаснага і бяспечнага харчавання навучэнцаў, цесна супрацоўнічае ў гэтым кірунку з іншымі зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіравання. Сярод іх міністэрствы антыманапольнага рэгулявання і гандлю, аховы здароўя, фінансаў, сельскай гаспадаркі і харчавання, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і непасрэдна яе Навукова-практычны цэнтр па харчаванні, а таксама мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.

У функцыі Міністэрства адукацыі ўваходзяць каардынацыя работы па пытаннях арганізацыі харчавання навучэнцаў, распрацоўка нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць гэтае пытанне. У іх ліку грашовыя нормы расходаў на харчаванне ў дзень на аднаго навучэнца ў залежнасці ад узросту, тыпу (віду) установы адукацыі, арганізацыя харчавання ва ўстановах адукацыі, прадастаўленне бясплатнага харчавання асобным катэгорыям навучэнцаў. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і ганд­лю распрацоўвае і забяспечвае выкананне заканадаўства аб закупках прадуктаў харчавання і сыравіны, а таксама цэнавае рэгуляванне на іх — вызначаюцца фіксаваныя гандлёвыя надбаўкі і нацэнка на прадукцыю грамадскага харчавання, якая рэалізуецца ва ўстановах адукацыі.

Акрамя таго, удасканалена метадалогія бухгалтарскага ўліку пры ўкараненні колькасна-вартаснага ўліку на ўсіх этапах вытворчасці прадукцыі грамадскага харчавання, у тым ліку ва ўстановах адукацыі. Міністэрствам аховы здароўя ўстанаўліваюцца нормы фізіялагічных патрэбнасцей у энергіі і харчовых рэчывах для розных узроставых груп дзяцей, нормы харчавання ў колькасным выражэнні ў дзень на аднаго навучэнца, патрабаванні да зместу і аснашчэння аб’ектаў грамадскага харчавання ўстаноў адукацыі, рацыёнаў харчавання дзяцей, тэхналогіі гатавання страў і асабістай гігіены работнікаў. Міністэрства фінансаў ажыццяўляе размеркаванне бюджэтных сродкаў, што выдзяляюцца на арганізацыю ў тым ліку бясплатнага харчавання. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, канцэрн “Белдзяржхарчпрам” вырашаюць пытанні, звязаныя з вытворчасцю прадуктаў харчавання і сыравіны, прызначаных для дзіцячага харчавання. Так, распрацавана новая лінейка прадукцыі, паўфабрыкатаў (пельменяў, замарожанай агародніны і інш.), якія выкарыстоўваюцца пры гатаванні страў для навучэнцаў.

Міністэрства прамысловасці ажыц­цяўляе рэгуляванне ў частцы вытворчасці абсталявання, інвентару для аб’ектаў грамадскага харчавання, у тым ліку ва ўстановах адукацыі. Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні распрацоўвае новую прадукцыю, якая адпавядае дзіцячай дыетыцы, у тым ліку для дзяцей, хворых на фенілкетанурыю. Мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а гэта абл-, рай-, гарвыканкамы, сумесна з органамі кіравання адукацыяй, установамі дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі прымаюцца меры па стварэнні неабходных умоў для арганізацыі харчавання навучэнцаў: прадастаўляюцца памяшканні (сталовыя, буфеты), якія адпавядаюць санітарна-эпідэміялагічным патрабаванням, набываецца неабходнае тэхналагічнае, хала­дзільнае, мыйнае і іншае абсталяванне, абе­дзенная мэбля, кухонны і сталовы посуд, інвентар, ажыццяўляюцца закупкі прадуктаў харчавання і сыравіны, распрацоўваюцца прыкладныя двухтыднёвыя рацыёны харчавання, арганізоўваецца работа па павышэнні ўзроўню ведаў кіраўнікоў устаноў адукацыі, персаналу аб’ектаў грамадскага харчавання ўстаноў адукацыі і іншых работнікаў па пытаннях выканання заканадаўства пры арганізацыі харчавання навучэнцаў.

Пераход на новы прынцып

Арганізацыя харчавання ажыццяўляецца сёння ў 2636 установах агульнай сярэдняй адукацыі. Харчаванне арганізоўваецца органамі кіравання адукацыяй (установамі адукацыі) для 41% навучэнцаў, камбінатамі школьнага харчавання, іншымі арганізацыямі і структурамі — для 59%, а таксама іншымі структурамі — для 1%. Закупка харчовых прадуктаў для ўстаноў адукацыі ажыццяўляецца з адной крыніцы ў адпаведнасці з пастановай урада ад 28 снежня 2022 года № 933, якая прадугледжвае такую працэдуру ў 2023—2024 гадах. Цалкам выключаны выпадкі неаднолькавага харчавання так званых платнікаў і льготнікаў.

Плата за харчаванне паступае непасрэдна ў бюджэт. Закупка прадуктаў ажыццяўляецца з адной крыніцы на ўсіх, хто харчуецца. Міністэрства адукацыі па ўзгадненні з Міністэрствам аховы здароўя падрыхтавала і размясціла ў адкрытым доступе на сваім сайце інфармацыйны зборнік тэхналагічных карт больш як 300 новых страў. Пераход школ на новыя прынцыпы харчавання ажыццяўляецца паэтапна з улікам матэрыяльных і кадравых рэсурсаў. З 1 верасня 2023 года і па 1 красавіка 2024 года на такую арганізацыю харчавання перайшлі больш за 2 тысячы школ (2078, або 79%), астатнія (558) пяройдуць з 1 верасня 2024 года. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школьных сталовых тых устаноў адукацыі, якія перайшлі на новыя прынцыпы арганізацыі школьнага харчавання, у 2023 годзе накіравана каля 26 млн рублёў, у тым ліку на правядзенне рамонтных работ у 173 школьных сталовых, набыццё звыш 4,6 тысячы адзінак абсталявання. Для завяршэння ўкаранення новых прынцыпаў арганізацыі школьнага харчавання для астатніх устаноў адукацыі неабходна набыццё больш як 900 адзінак тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання, а таксама посуду, кухоннага і дапаможнага інвентару. Для гэтых мэт да 1 верасня 2024 года плануецца накіраваць каля 7 млн рублёў.

У мэтах выхавання ў школьнікаў культуры харчавання з пачатку навучальнага года ў школах уведзены новы факультатыў “Размова аб культуры здаровага харчавання” (вучэбная праграма факультатыву зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі ад 31 жніўня 2023 года № 294). У школьных сталовых размешчаны інфармацыйныя стэнды з матэрыяламі аб здаровым і бяспечным харчаванні дзяцей, для баць­коў праводзяцца майстар-класы па гатаванні новых страў, выставы-дэгустацыі і іншыя мерапрыемствы. У 2023 годзе маніторынгамі арганізацыі школьнага харчавання, праведзенымі органамі дзяржкіравання, былі ахоп­лены ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі школы (звыш 2,8 тысячы).

Па даручэнні ўрада Міністэрства адукацыі раз на 2 месяцы накіроўвае маніторынгавыя групы з мэтай вывучэння функцыянавання ўстаноў адукацыі, у тым ліку па арганізацыі харчавання. Па ўсіх выяўленых недахопах прымаюцца меры рэагавання. Міністэрства адукацыі і іншыя зацікаўленыя ў цэлым выконва­юць пастаўленыя задачы. Нягледзячы на меры, якія прымаюцца, застаюцца праблемныя пытанні. У асноўным выяўленыя парушэнні носяць бягучы характар і абумоўлены недастатковай асабістай адказнасцю работнікаў школьных сталовых у шэрагу ўстаноў адукацыі. Неабходна адзна­чыць, што з 2019 года зніжэнне колькасці аб’ектаў грамадскага харчавання, у якіх дапушчаны парушэнні, склала 24%. З мэтай папярэджвання парушэнняў пры арганізацыі харчавання праводзяцца вучэбныя семінары з разборам найбольш тыповых парушэнняў, а таксама павышэнне кваліфікацыі кіруючых работнікаў, спецыялістаў, якія курыруюць пытанні харчавання, персаналу школьных сталовых.

Нарматыўнае рэгуляванне

Пастановай Савета Міністраў ад 27 красавіка 2013 года № 317 “Аб нормах харчавання і грашовых нормах расходаў на харчаванне навучэнцаў” устаноўлены нормы харчавання і грашовыя нормы расходаў на харчаванне ў дзень на аднаго навучэнца ў залежнасці ад узросту і кратнас­ці харчавання, тыпу (віду) установы адукацыі. Выкананне санітарна-эпі­дэміялагічнага заканадаўства пры арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі вызначана пастановай Савета Міністраў ад 7 жніўня 2019 года № 525 “Аб зацвярджэнні спецыфічных санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў”. Выкананне заканадаўства аб закупках прадуктаў харчавання і сыравіны рэгулюецца Законам “Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)”, пастановай Савета Міністраў ад 15 чэрвеня 2019 года № 395 “Аб рэалізацыі Закона Рэспуб­лікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)”.

Для ўстаноў адукацыі дазволена закупка прадуктаў харчавання і сыравіны з адной крыніцы. Цэнаўтварэнне рэгулюецца пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і ганд­лю ад 13 жніўня 2018 года № 66 “Аб парадку фарміравання цэн на прадукцыю грамадскага харчавання, якая рэалізуецца ва ўстановах адукацыі”. Акрамя таго, штогод актуалізуюцца метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі, якія зацвярджаюцца кіраўніцтвам чатырох міністэрстваў (Міністэрства адукацыі, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі). З нарматыўнымі дакументамі, якія рэгулююць арганізацыю харчавання, можна азнаёміцца на сайце Міністэрства адукацыі. 

***

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі бясплатным харчаваннем за кошт сродкаў бюджэту забяспечваецца шэраг катэгорый навучэнцаў школ, гімназій, ліцэяў: аднаразовым — 10 катэгорый; адна-, двух-, трохразовым у залежнасці ад працягласці знаходжання ва ўстанове адукацыі — 3 катэгорыі.

Таксама за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, што выдзяляюцца на ліквідацыю наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, прадастаўляецца бясплатнае харчаванне навучэнцам у залежнасці ад зоны радыеактыўнага забруджвання — 4 катэгорыям.

 Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваюцца ў якасці ілюстрацыі