Таццяна Сіманоўская — пра арганізацыю занятасці дзяцей і моладзі летам

- 10:06Компетентно

Арганізацыя занятасці дзяцей і моладзі ў летні перыяд стала асноўнай тэмай размовы карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з начальнікам упраўлення па справах моладзі Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццянай Сіманоўскай.

— Таццяна Анатольеўна, раскажыце, як Міністэрства адукацыі вырашае пытанні працоўнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі?

— Працоўнае выхаванне з’яўляецца адным з прыярытэтаў у рабоце з моладдзю. Яго напрамкі пастаянна развіваюцца і ўдасканальваюцца як у рамках вучэбных заняткаў, так і ў пазаўрочны час. Акцэнт робіцца на ўключэнні занятасці навучэнцаў у сістэму працоўных адносін, фарміраванні ў іх працоўных навыкаў, стварэнні ўмоў для прафесійнага самавызначэння, працаўладкавання і кар’ернага росту ў будучыні. Гэтыя падыходы замацаваны на заканадаўчай аснове ў адпаведных нарматыўных актах — у Законе Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”, Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Праграме бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі на 2021—2025 гады, Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі да 2023 года, а таксама ў шэрагу ўказаў і пастаноў Савета Міністраў і галіновага міністэрства. Занятасць непаўналетніх у вольны ад вучобы час з’яўляецца перш-наперш магчымасцю навучэнскай моладзі правесці канікулы з выгадай, падзарабіць законным шляхам. Гэта і прафілактычная мера, своеасаб­лівая прафарыентацыя, дапамога ў атрыманні першых працоўных навыкаў.

— Якім чынам забяспечваецца занятасць непаўналетніх у вольны ад вучобы час?

— Перш за ўсё гэта часовая працоўная занятасць. У гэтым напрамку цесна супрацоўнічаем з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Такая занятасць арганізуецца ва ўзаемадзеянні з органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароны гар(рай)вы­кан­камаў. Спецыяліс­ты аналізуюць склад моладзі, магчымасці наймальнікаў па арганізацыі іх часовай працоўнай занятасці. Таксама фарміруюцца банкі даных аб наяўных у наймальнікаў свабодных працоўных месцах (вакансіях) для часовага працаўладкавання навучэнскай моладзі, забяспечваецца іх своечасовае інфармаванне аб відах работ, аб’ёмах і ўмовах іх правя­дзення. Выдаткі бюджэтных арганізацый на арганізацыю часовай працоўнай занятасці навучэнскай мола­дзі пакрываюцца за кошт фінансавых сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Акрамя таго, непаўналетнім можна працаўладкавацца ў лагерах працы і адпачынку або працаваць індывідуальна.

— Ці плануецца пашы­рыць працоўную занятасць непаўналетніх? Можа, бу­дзе павялічаны пералік тых відаў работ, якія для іх прызначаны?

Міністэрствам адукацыі, упраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, установамі адукацыі прымаюцца меры, каб арганізацыя працоўнай занятасці навучэнцаў мела больш маштабны характар. У гэтым го­дзе па прадстаўленых даных аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама плануецца ахапіць рознымі формамі занятасці каля 120 тысяч маладых людзей, з якіх больш за 70 тысяч — непаўналетнія. Так, у прыватнасці, лагерамі працы і адпачынку плануецца ахапіць больш за 10 тысяч непаўналетніх, у складзе студэнцкіх атрадаў будзе працаваць каля 24 тысяч непаўналетніх, каля 40 тысяч непаўналетніх будзе працаўладкавана пры са­дзейнічанні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гар(рай)выканкамаў на свабодныя месцы (вакансіі) наймальнікаў, у тым ліку на часовыя дадаткова створаныя месцы.

Для павелічэння ахопу навучэнскай моладзі ў 2022 го­дзе сумеснымі намаганнямі міністэрс­тваў адукацыі, працы і сацыяль­най абароны і аховы здароўя пашыраны Пералік лёгкіх відаў работ для асоб ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў (пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 23 жніўня 2022 года № 50 “Аб змене пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2010 года № 144”). Дзеючы пералік дапоўнены такімі відамі работ, як работа ў сродках масавай інфармацыі; работа ў гандлёвых кропках па камплектаванні, сартаванні, упакоўцы тавараў; сервіроўка сталоў і прыбіранне ў аб’ектах грамадскага харчавання; ручная мыйка аўтамабіляў і інш. Выбар вялікі, было б толькі жаданне працаваць.

— Таццяна Анатольеўна, раскажыце, як будуць працаваць студэнцкія атрады? Ці ёсць асаблівасці?

— Міністэрствам адукацыі пашыраны магчымасці працы байцоў студатрадаў. Нормамі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 лютага 2020 года № 58 “Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь” прадугледжана магчымасць для студэнтаў не толькі папрацаваць у вольны ад вучобы час, але і пры неабходнасці прайсці кароткатэрміновае практыка-арыентаванае сертыфікаванае навучанне і атрымаць рабочую прафесію.

У перыяд з 1 студзеня па 1 мая 2024 года ў складзе 243 атрадаў працаўладкаваны 3641 чалавек (у параўнанні з мінулым годам — у складзе 184 атрадаў працаваў 2861 чалавек). Калі браць у разрэзе рэгіёнаў, то ў Мінску створаны 104 атрады, у Гомельскай вобласці — 44, Брэсц­кай — 30, Гро­дзенскай — 18, Магілёўскай — 24, Віцебскай — 19, Мінскай вобласці — 4 атрады. У разрэзе профіляў атрадаў яны даволі разнастайныя: сэрвісныя, экалагічныя, вытворчыя, будаўнічыя, педагагічныя, медыцынскія, сельскагаспадарчыя. Адметна, што ў складзе студэнцкіх атрадаў на 1 мая гэтага года працаўладкавана 1717 непаўналетніх, з іх 53 падлеткі, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, і 22 падлеткі, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы.

— Гэты год адзначаны шэрагам знакавых падзей для нашай краіны і ў прыватнасці для маладзёжнага руху. Як гэта паўплывае на работу студэнцкіх атрадаў?

— Так, гэты год багаты на знакавыя падзеі. Сярод іх 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 65-годдзе Усесаюзнага руху студэнцкіх атрадаў, 50-годдзе пачатку будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі (БАМ), 40-годдзе ўзнікнення педагагічных атрадаў у БССР, 20-годдзе першых мала­дзёжных будоўляў суверэннай Беларусі (МК “Хатынь” і МК “Курган Славы”). У пералік прымаючых арганізацый, аб’ектаў, відаў работ і колькасці працоўных месцаў для ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў унесена 1616 аб’ектаў на 45 163 працоўныя месцы. Летась лічба была меншай і складала 1330 аб’ектаў на 40 608 працоўных месцаў. Па сутнасці, у Мінску і ў кожнай вобласці плануецца работа студатрадаў у сярэднім на больш чым 200 аб’ектах. У рамках прамысловага праекта “Выбіраем студатрад” па апошніх звестках заяўкі на работу ў студэнцкіх атрадах падалі 20 966 чалавек. Заключана 485 дагавораў на работу 8319 чалавек.

— Якія працоўныя праекты плануецца рэалізаваць сёлета?

— У трэцім працоўным семестры збіраемся ажыццявіць маладзёжны вытворчы працоўны праект “Атлант”, міжпрофільны працоўны праект “Трактарабудаўнік” на ААТ “МТЗ”, рэспубліканскі вытворчы працоўны праект “Аўтазаводзец” на ААТ “МАЗ”, рэс­публіканскі галіновы працоўны праект “Дарога магчымасцей” (работа праваднікамі і манцёрамі пуцей на аб’ектах Беларускай чыгункі), рэспубліканскі медыцынскі працоўны праект “Медыкус” у Полацку і Наваполацку. Статус абласной (Мінскай гарадской) маладзёжнай будоўлі ў 2024 го­дзе прысвоены шэрагу аб’ектаў. Напрыклад, у Віцебскай вобласці гэта рэканструкцыя лячэбнага корпуса № 2 Віцебскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы, у Гродзенскай вобласці — будаўніцтва дзіцячага сада ў мікрараёне Грандзічы; у Магілёўскай вобласці — будаўніцтва музея воінскай славы Магілёўскай вобласці ў раёне комплексу “Буйніцкае поле”; у Мінску — рэканструкцыя збудавання спецыялізаванага фізкультурна-аздараўленчага і спартыўнага прызначэння стадыёна “Дынама”.

З мэтай усебаковага інфармавання навучэнскай моладзі і баць­коў аб актуальных вакансіях для працаўладкавання ў вольны ад вучобы час у сацыяльных сетках і на інтэрнэт-сайтах устаноў адукацыі, мясцовых органаў улады, у СМІ размяшчаецца неабходная інфармацыя аб наяўных вакансіях, відах работ, аб’ёмах і ўмовах іх выканання, у тым ліку за кошт правядзення кірмашоў вакансій. Таксама на платформе “Моладзь Беларусі” размешчана актуальная інфармацыя па працаўладкаванні моладзі ў вольны ад вучобы час. Можна звяртацца і на платформу сайта Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

 Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА