Школьнікі з Астраўца паспяхова дэбютавалі на конкурсе па зборцы робатаў у Ніжнім Ноўгарадзе

- 16:00Новости

У канцы мая ў Ніжнім Ноўгарадзе прайшоў расійскі этап EUROBOT — адкрытага чэмпіянату мабільных робатаў, створаных маладзёжнымі камандамі з усяго свету. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сёння рух EUROBOT аб’ядноўвае 450 каманд з 30 краін свету. Расійскі этап спаборніцтваў праводзіцца з 2007 года, і сёлета нашы вучні на ім сталі адзінымі прадстаўнікамі Беларусі, — падзялілася дырэктар сярэдняй школы № 3 Астраўца Людміла Сасноўская.

Каманда “Імпульс”, у склад якой увайшлі Арцём Арцем’еў, Мікіта Апанасевіч і Данііл Бруйка, выступіла ў лізе Junior для ўдзельнікаў ад 7 да 18 гадоў. Робат каманды быў сабраны на базе Lego Mindstorms EV3. Удзельнікі паказ­валі дастойны вынік на працягу трох раўндаў спаборніц­тваў і ў выніку былі ўзнагароджаны дып­ломам у намінацыі “За лепшы дэбют”.

Па словах Людмілы Сасноўскай, шмат у чым такога роду тэхнічным захапленням школьнікаў спрыяе матэрыяльна-тэхнічная база створанага ва ўстанове атамкласа. Яго абсталяванне дазваляе вучням не толькі праводзіць разнастайныя даследаванні з дапамогай партатыўнай лабараторыі SenseDisc па хіміі, біялогіі і фізіцы. З цікавасцю ў атамкласе навучэнцы займаюцца 3D-мадэляваннем, праграмаваннем робатаў з канструктара LEGO.

— Удзел установы адукацыі ў праграме “Школы Расатама” дазволіў стварыць інавацыйнае адукацыйнае асяроддзе, дзе ў нашых вучняў сапраўды шмат магчымасцей. Вядома, і роля педагогаў вялікая — зацікавіць, улюбіць дзяцей у свой прадмет, праводзіць заняткі нестандартна. З 2021 года ў нас арганізавана аб’яднанне па інтарэсах па робататэхніцы. Кожны тыдзень вучні розных узростаў з цікавасцю спяшаюцца на заняткі да педагога Ірэны Ромаш, якая паспяхова спраўляецца з гэтай задачай, — дадае кіраўнік установы адукацыі.

І такая цікавасць заканамерна прыносіць перамогі ў скарбонку дасягненняў навучэнцаў. У сакавіку гэтага года вучні 3-й школы Астраўца сталі другімі з 33 каманд у конкурсе па робататэхніцы, які право­дзіўся ў рамках Асацыяцыі школ Расіі і Беларусі. У мінулым годзе ў ліку лідараў яны былі і ў абласным конкурсе юных робататэхнікаў.

— Мы рады, што нашага робата заўважылі і ацанілі падчас апошніх спаборніцтваў. Сярод 201 каманды з усёй Расіі мы выйшлі ў фінал нараўне з 31 наймацнейшай. Мне здаецца, гэта ўпэўнены старт і адначасова толькі пачатак шляху. Сёння ведаем, над чым трэба працаваць, каб дасяг­нуць большага. Спадзяёмся прыняць удзел у “Еўрабоце” ў наступным годзе і вярнуцца ў Астравец з перамогай, — падзяліўся ўдзельнік спаборніцтваў васьмікласнік Арцём Арцем’еў.

Разам з яшчэ двума паспяховымі канкурсантамі ён плануе на працягу ўсяго лета прадоўжыць займацца робататэхнікай, і ва ўстанове адукацыі толькі рады такому настрою. Хлопцы, дарэчы, ужо сёння добра ведаюць, з чаго пачнецца іх наступны навучальны год. Разам з педагогам Ірэнай Ромаш яны плануюць захапіць сваім любімым заняткам яшчэ больш дзяцей малодшага школьнага ўзросту. І гатовы дзяліцца з імі ў тым ліку ведамі і ўменнямі, якія адкрылі для сябе дзякуючы ўдзе­лу ў конкурсе ў Ніжнім Ноўгарадзе.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара