Анатоль Карпіцкі: «У Лепелі сёлета мы пачалі будаўніцтва дзіцячага сада на 230 месцаў»

- 12:00Планерка

На Лепельшчыне ганарацца тым, што 100% выпускнікоў мясцовых школ застаюцца жыць і працаваць у роднай Беларусі. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з начальнікам аддзела па адукацыі Лепельскага райвыканкама Віцебскай вобласці Анатолем Карпіцкім пра дасягненні ў галіне адукацыі і паслухала яго погляд на выхаванне сучаснай моладзі.

У рабоце з дзецьмі і моладдзю Анатолю Міхайлавічу заўсёды дапамагаў прыклад бацькоў, яго сям’і:

— Я нарадзіўся ў пасёлку Леніна Магілёўскай вобласці ў мнагадзетнай сям’і працаўнікоў, быў пятым сынам. Наш бацька Міхаіл Карпіцкі на радасць родным вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны, хоць доўга лічыўся зніклым без вестак. Прыйшоў інвалідам, без рукі. Нягледзячы на гэта, адразу пайшоў працаваць. Маці ўсё жыццё была даяркай. Мы, дзеці, як маглі дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Працавітасць увабралі ў сябе з дзяцінства, як і прагу да вучобы. Усе пяць сыноў атрымалі вышэйшую адукацыю, двое з нас — педагагічную: я і мой брат, які ўсё жыццё працаваў у Горацкім педагагічным вучылішчы. Не раз чуў ад бацькоў, што яны хочуць, каб іх дзеці жылі лепш, чым яны. Напэўна, гэта ўласціва кожнаму пакаленню. Вось і мы зараз марым, каб наша моладзь жыла лепш за нас. Таму я вельмі шчаслівы, што працую менавіта ў адукацыі: гэта тая галіна, якая непасрэдна клапоціцца пра нашу будучыню. У гэтай жа сферы знайшла сваё прызванне і мая жонка. Яна намеснік дырэктара ў адной з лепельскіх школ.

Анатоль Карпіцкі расказвае, што сваю педагагічную дзей­насць пачаў пасля трэцяга курса Віцебскага інстытута, дзе вучыўся на біёлага-хімічным факультэце. У гэтым годзе споўніцца 35 гадоў, як ён працуе на Лепельшчыне, з якіх 15 быў дырэктарам школы і шосты год знахо­дзіцца на сённяшняй кіраўнічай паса­дзе. Дасягненнямі сістэмы адукацыі раёна, у склад якой уваходзіць 31 установа і больш за 5 тысяч навучэнцаў, мой сураз­моўнік вельмі задаволены.

— Нам ёсць чым ганарыцца! Штогод школьнікі Лепельшчыны становяцца прызёрамі абласных і рэспубліканскіх адукацыйных мерапрыемс­тваў, — адзначае Анатоль Міхайлавіч. — Так, па выніках XXV навукова-практычнай канферэнцыі “Квант” навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і спецыяльнай адукацыі Віцебскай вобласці дыплом II ступені атрымала вучаніца гімназіі імя І.М.Ерашова Лепеля Паліна Заяц. Адным з самых яскравых дасягненняў з’яўляецца перамога адзінаццацікласніцы Дар’і Навіцкай з лепельскай сярэдняй школы № 3 у рэспубліканскім маладзёжным праекце “100 ідэй для Беларусі” ў намінацыі “Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі”. Па выніках ЦЭ мінулага года шэсць нашых выпускнікоў атрымалі стабальныя сертыфікаты, а паказчык паступлення ва УВА па раёне склаў 76%. Педагогі рэгулярна прымаюць удзе­л у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных семінарах і канферэнцыях. У скарбонцы нас­таўніцкіх дасягненняў за апошні год 10 дыпломаў І ступені, 14 — ІІ ступені, 19 — ІІІ ступені, шмат сертыфікатаў і падзяк. Нашы педагогі друкуюцца ў перыядычных выданнях, зборніках навукова-практычных канферэнцый.

“Настаўніцкую газету” выпісваю ўжо 35 гадоў. Колькі нумароў перачытаў — не падлічыць. Выданне вельмі дапамагае мне і ў педагагічнай, і ў кіраўніцкай дзейнасці.

Начальнік аддзела па адукацыі заўважае, што ў раёне працуюць сем рэсурсных цэнтраў: па фізіцы, грамадзянска-патрыятычным і маральна-духоўным выхаванні, лічбавай трансфармацыі, сеткавых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях, даследчай актыўнасці, выкарыстанні развіццёвых дапаможнікаў.

— У гэтым навучальным го­дзе 87% старшакласнікаў Лепельшчыны вывучалі прадметы на павышаным узроўні ў профільных класах, — дадае Анатоль Міхайлавіч. — У нас створана адна група аграрнага кірунку, дзве — педагагічнага і тры — ваенна-пат­рыятычнага. Для дзесяці- і адзі­наццацікласнікаў арганізавана прафесійная пад­рыхтоўка на базе Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа па прафесіях кухара і прадаўца. У Бароўскай сярэдняй школе імя Г.К.Жукава дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб “Кананір”.

Пачалося лета — час аздараўлення дзяцей і падлеткаў. Усяго за гэты сезон плануецца аздаравіць каля тысячы школьнікаў, амаль палова якіх з мнагадзетных сем’яў, а таксама дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці з рознымі парушэннямі развіцця. Вучні прымуць удзел у праграме “Другасная занятасць”, будуць працаваць у студэнцкіх атрадах.

— У Лепелі сёлета мы пачалі будаўніцтва новага дзіцячага сада на 230 месцаў, — паведамляе Анатоль Карпіцкі. — Пры падтрымцы кіраўніцтва раёна і Беларускай федэрацыі футбола ў Заслонаўскай сярэдняй школе ўжо здалі ў эксплуатацыю футбольную пляцоўку з сучасным пакрыццём. Завершана абсталяванне спартыўнай пляцоўкі на тэрыторыі гімназіі імя І.М.Ерашова (гэты праект рэалізаваны пры цесным супрацоўніцтве з Прэзідэнцкім спартыўным клубам). Вынікі і дасягненні вельмі задавальняюць, але галоўная наша мэта — зрабіць усё, каб пад­рыхтаваць дастойныя кадры і стварыць камфортныя ўмовы для работы нашых выпускнікоў тут, на роднай зямлі. Каб гэтая работа была для іх прывабнай. Асабліва гэта тычыцца педагогаў, бо сапраўднага патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара