Раскрыць у вучняў спартыўныя здольнасці, дапамагчы дзецям вырасці здаровымі і спрытнымі — на гэтым будуюць сваю дзейнасць педагогі Занарацкай сярэдняй школы Мядзельскага раёна.
Гэтая ўстанова адукацыі значылася першай у маршруце падчас чарговага прэс-туру прадстаўнікоў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”. У мінулым годзе дзякуючы падтрымцы старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына тут быў пабудаваны школьны стадыён. Сёння не толькі падчас урокаў, але і пасля заняткаў навучэнцы могуць прыходзіць на тэрыторыю навучальнай установы і займацца на сучасным абсталяванні, розным па сваім функцыянале.
“У нас з’явілася шматфункцыянальнае спартыўнае ядро, — расказвае дырэктар Занарацкай сярэдняй школы Вікторыя Кумішча. — У цэнтры стадыёна знаходзіцца агароджаная пляцоўка для гульні ў футбол. Побач з ёю — пляцоўка для баскетбола і валейбола. Таксама ёсць яма для скачкоў у даўжыню, месца, дзе можна ўдасканальваць свае навыкі ў сілавых і гімнастычных практыкаваннях, а таксама варкаўт-пляцоўка”.
Пасля таго як у школе з’явіўся сучасны стадыён, ён стаў любімым месцам для вучняў. Настаўнікі ведаюць: калі дзяцей няма ў класе, значыць, яны ўсе на пляцоўцы.
“Створаныя ўмовы дапамагаюць падчас канікул аздараўліваць навучэнцаў з усяго Мядзельскага раёна, — дадае дырэктар установы. — Так, у першыя летнія месяцы 56 дзяцей пройдуць у нас аздараўленне. Безумоўна, для гэтага будзе выкарыстоўвацца спартыўная пляцоўка, бо школьнікі вельмі любяць футбол, валейбол і іншыя рухавыя гульні. Дарэчы, па вечарах тэрыторыя школьнага стадыёна адкрыта да 22 гадзін. Гэта дазваляе мясцовым жыхарам таксама займацца тут спортам”.
Ва ўстанове адукацыі вялікую ўвагу ўдзяляюць выхаванню беражлівых адносін да таго, што створана карпатлівай працай. Вікторыя Кумішча гаворыць, што павагу не толькі да роднай вёскі, але і да ўсёй краіны трэба выхоўваць паступова і на ўласным прыкладзе. Для гэтага навучэнцы і педагогі разам наводзяць парадак на школьнай тэрыторыі.
“Не кожная вясковая школа можа пахваліцца тым, што ў яе ёсць такая багатая спартыўная база, — зазначае Вікторыя Генадзьеўна. — Мы заўсёды нагадваем дзецям, што ўсё патрабуе догляду, за ўсім, калі хочаш нешта зберагчы, трэба сачыць”.
Гэтаму вучыць сваіх выхаванцаў і настаўнік фізічнай культуры і здароўя Аляксандр Жыхар. Па словах педагога, пасля таго як у школе пабудавалі спартыўны комплекс, вучні яшчэ больш палюбілі фізкультуру.
“Не буду хаваць: нават мне прыемна знаходзіцца на новых пляцоўках, што ўжо гаварыць пра дзяцей, — заўважае Аляксандр Мікалаевіч. — Добрая спартыўная база дазваляе праводзіць урокі максімальна насычана”.
За час, пакуль працуе ў школе, педагог выгадаваў не адно пакаленне ўлюбёных у спорт дзяцей. Пра сябе настаўнік гаварыць не вельмі любіць, затое пра вучняў, якія дасягнулі поспеху ў спорце, можа расказваць доўга. А расказаць ёсць што. Дзякуючы захопленасці Аляксандра Мікалаевіча спортам і ўласнаму падыходу да выкладання, навучэнцы Занарацкай сярэдняй школы ўжо многа гадоў становяцца пераможцамі шматлікіх спартыўных мерапрыемстваў.
“Нашы навучэнцы штогод займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў спорце, — акцэнтуе Вікторыя Кумішча. — Прычым яны паказваюць выдатныя вынікі не толькі ў раённых спаборніцтвах, але і на вобласці. Да таго ж вучні 2—4 класаў прымаюць удзел у рэспубліканскім праекце “300 талентаў для Каралевы”.
Калі ў раёне праводзяцца спаборніцтвы па гульнявых відах спорту, судзіць іх заўсёды запрашаюць настаўніка фізкультуры з Занарацкай сярэдняй школы. У Мядзеле ўсе, хто звязаны са спортам, ведаюць, што лепшага суддзі ім не знайсці: справядлівы, тактоўны, ён увесь час імкнецца да дасканаласці.
На пытанне, адкуль такая любоў да спорту, Аляксандр Мікалаевіч сціпла адказвае, што ўсё здарылася ў той час, калі ён сам хадзіў у школу.
“Я вучыўся ў звычайнай вясковай установе адукацыі. У нас не было спартыўных пляцовак і залы. Нягледзячы на гэта, я заўсёды выходзіў на вуліцу і займаўся спортам, і было няважна, лета за акном ці зіма”, — падзяліўся настаўнік.
З цягам часу адносіны са спортам у Аляксандра Жыхара толькі ўмацаваліся. Мяркуйце самі: ва ўзросце 59 гадоў у складзе зборнай каманды педагог заняў 1-е месца ў раёне па пляжным валейболе.
Скарбонка знаходак
Разважаючы над тым, што дапамагае дасягаць поспеху ў розных кірунках, дырэктар нарацкай сярэдняй школы № 2 Генадзь Крыштафовіч сказаў, што складнікаў шмат, але галоўныя — гэта адданасць сваёй справе і ўменне падтрымліваць цікавасць дзяцей да прадмета.
Яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца дзейнасць настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Святланы Валер’еўны Гатоўкі. Акрамя сваіх асноўных дысцыплін, педагог ужо 10 гадоў займаецца тэмай фінансавай дасведчанасці. Вынікам стаў праект “Фарміраванне і развіццё ў навучэнцаў праектна-прадпрымальніцкіх кампетэнцый ва ўмовах сацыяльнага партнёрства сродкамі вучэбнага стартапа “PROект”.
Па словах педагога, гэтым кірункам дзейнасці яна зацікавілася ў 2014 годзе, калі яе вучні першы раз удзельнічалі ў алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці.
“Гэтая падзея падштурхнула да збору адпаведнай інфармацыі, — расказала С.Гатоўка. — Вынікам карпатлівай працы стала перамога Уладзіслава Шалкоўскага ў абласным і ўдзел у рэспубліканскім этапах алімпіяды па фінансавай дасведчанасці. Пасля самыя актыўныя навучэнцы сабралі каманду “Чырвонец” і заваявалі кубак і дыплом III ступені ў конкурсе па фінансава-эканамічнай дасведчанасці выпускнікоў школ 2016 года. Каманда “Залаты злітак” на наступны год паўтарыла вынік сваіх папярэднікаў, а каманда “Плаціна” ў 2020 годзе стала другой у VI конкурсе выпускнікоў школ “Фінансавая і лічбавая дасведчанасць пакалення Z”.
Асаблівае захапленне настаўніцы — краязнаўства. Менавіта гэтай тэме прысвечаны сацыяльны лакальны праект Святланы Валер’еўны “Людзі Нарачанскага краю”.
“Сваёй задачай лічу прыцягненне навучэнцаў да пошукава-краязнаўчай дзейнасці праз вывучэнне, даследаванне і выяўленне малавядомых і згубленых фактаў пра гісторыю Мядзельскага раёна, — дадае настаўніца гісторыі. — У конкурсе “Скарбонка краязнаўчых знаходак”, які праводзіўся ў межах рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”, навукова-даследчая работа “Пошук артэфактаў вузкакалейнай чыгункі Нарач — Лынтупы” Ігната Малько заняла 1-е месца.
Праекты-эксперыменты
Урокі біялогіі Марыны Федзічкінай, настаўніцы нарацкай сярэдняй школы № 2, заўсёды пабудаваны ў форме даследавання.
Усё пачынаецца з маленькага доследу, які пасля вырастае ў вялікі даследчы праект.
“Біялогія — вельмі цікавы прадмет, бо па кожнай тэме можна праводзіць даследаванне, — расказвае Марына Вячаславаўна. — Прычым займацца гэтым могуць дзеці з любым узроўнем паспяховасці, галоўнае, каб ім гэта падабалася, каб гарэлі вочы”.
Сваю галоўную задачу педагог фармулюе наступным чынам: паказаць школьнікам, што даследаванне — гэта цікава. Сёлета Марына Федзічкіна і яе вучні займаліся некалькімі распрацоўкамі, сярод якіх вывучэнне лішайнікаў і змяненне клімату.
“Мы вывучалі стан навакольнага асяроддзя пры дапамозе лішайнікаў і ліхенаіндыкацыі, — тлумачыць настаўніца. — Для даследавання выбралі ў нашым пасёлку пяць асноўных пунктаў. Лішайнікі — добрыя біяіндыкатары, яны вельмі актыўна растуць у тым месцы, дзе бруднае паветра. Пасля доследу зрабілі наступныя вынікі: паветра ў нашым рэгіёне забруджваецца ў асноўным выхлапнымі газамі”.
Яшчэ адзін праект, які рэалізавалі настаўніца і вучні, называецца “Уплыў дзейнасці чалавека і ліўневай каналізацыі на стан вады ў ручаі на тэрыторыі курортнага пасёлка Нарач”. Каманда школьных біёлагаў брала пробы вады і пры дапамозе спецыялістаў вывучала іх у лабараторыі.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА