На пытанне, што прымушае кожнае лета вяртацца ў загарадны аздараўленчы лагер “Фатон” Нацыянальнай акадэміі навук і працаваць з дзецьмі некалькіх змен запар, педагогі ў адзін голас адказваюць: атмасфера і любоў да настаўніцтва. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Атмасфера тут сапраўды адметная і натхняльная. Стварае яе каманда прафесіяналаў, якой на працягу ўжо больш як 30 гадоў кіруе Валерый Куніцкі. Калі ў 1993 годзе ехаў у лагер упершыню, Валерый Васільевіч думаў, што гэта на адно лета, але памыліўся: работа з вучнямі захапляе і не адпускае яго і сёння.
Любоў да дзяцей і ўменне весці іх за сабой — менавіта на гэтыя якасці дырэктар “Фатона” звяртае ўвагу, калі да яго прыязджаюць і маладыя, і вопытныя настаўнікі. Валерый Васільевіч упэўнены: калі спецыяліст валодае адзначаным талентам, на наступны год ён абавязкова вернецца. Яскравы прыклад — старшы выхавальнік педагог спецыяльнай школы № 14 Мінска для дзяцей з парушэннямі слыху Вікторыя Піварчук. Яна прыязджае ў лагер ужо 10 гадоў.
“Мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі, асабліва летам у лагеры, — расказвае Вікторыя Сяргееўна. — Спачатку я была выхавальнікам, а сёння ўжо старшы выхавальнік. “Фатон” — гэта тое месца, дзе адпачываюць не толькі вучні, але і педагогі. Разам мы адна вялікая дружная сям’я. Кожны раз, калі заканчваецца навучальны год і пачынаецца аздараўленчая кампанія, адразу ж збіраюся і еду сюды”.
Да работы з дзецьмі Вікторыя Піварчук падыходзіць вельмі патрабавальна і гэтага ж чакае ад калег: адразу бачна, чыя гэта школа.
“Я многаму вучылася ў Валерыя Васільевіча. Мне было важна не падвесці яго і нашых выхаванцаў, — прызнаецца В.Піварчук. — Бездакорнасць у зносінах, уменне разумець дзяцей, чуць іх і працаваць у камандзе — вось на што звяртаю ўвагу, калі да нас прыходзяць новыя выхавальнікі”.
Падбор педагагічных кадраў — гэта непасрэдны абавязак старшага выхавальніка. Вікторыя Сяргееўна ведае, што ад таго, наколькі адказна яна падыдзе да падбору спецыялістаў, будзе залежаць і настрой дзяцей, і энергетыка ў лагеры.
“Мы цесна супрацоўнічаем з БДПУ і да сябе на работу і на практыку прымаем выключна студэнтаў, якія ўваходзяць у склад педагагічных атрадаў, — адзначае педагог. — Сёлета падчас першай змены да нас прыехалі будучыя настаўнікі-філолагі, якія ўваходзяць у атрад “Шыпшына-3”. Сярод іх пяць практыкантаў, а значыць, яны ўпершыню працуюць са школьнікамі ў фармаце аздараўленчага лагера. На другую змену ў “Фатон” прыедуць студэнты, якія ўваходзяць у склад “Беларусачкі” — педатрада Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ. Наступныя тры змены з намі будуць педагогі, якія ўжо працуюць у школах, але раней, калі вучыліся ва ўніверсітэце, прайшлі фатонаўскую школу”.
А што рабіць з тымі, хто не ўваходзіць у склад педагагічных атрадаў, але вельмі хоча паспрабаваць сябе ў амплуа важатага? Вікторыя Піварчук расказала, што дае ім магчымасць праявіць сябе.
“З такімі студэнтамі праводжу анкетаванне, размаўляю, — тлумачыць старшы выхавальнік. — Працаваць іх стаўлю ў каманду з вопытным педагогам, каб было ў каго павучыцца. Калі бачу, што чалавек не спраўляецца, мы з ім развітваемся. Акрамя таго, для мяне вельмі важна, каб дзеці кожнае лета вярталіся да сваіх важатых. Я ўпэўнена, што ў лагеры галоўныя менавіта выхавальнікі. Гэта яны ствараюць камфортны мікраклімат і пастаянна знаходзяцца побач з дзецьмі і на сувязі з бацькамі. За змену ў іх толькі два выхадныя дні, але многія абыходзяцца без гэтага, бо работа ў “Фатоне” з атрадам — гэта лад жыцця”.
Запрашэнне вярнуцца ў каманду ад старшага выхавальніка летась атрымала студэнтка 3 курса філалагічнага факультэта БДПУ ўдзельніца педатрада “Шыпшына-3” Юлія Шылько. Дзяўчына прызналася: яна вельмі рада, што яе сапраўдная педагагічная дзейнасць пачалася менавіта ў “Фатоне”.
“У школе я яшчэ не працавала, а што тычыцца лагера, то знаходзіцца тут — адно задавальненне, — гаворыць будучы філолаг. — Дзеці, якія сюды прыязджаюць, цікаўныя, смелыя, адкрытыя. Я ўпэўнена, што размаўляць з імі трэба на адной мове, а яшчэ іх трэба любіць, прычым усіх аднолькава. У педагогіцы інакш быць не можа. Я ўвесь год з нецярпеннем чакала, калі пачнецца першая змена, каб сустрэцца са сваімі выхаванцамі. Мы з імі падтрымлівалі зносіны, перапісваліся. І вельмі прыемна, што сустрэліся зноў. Для таго каб прыехаць у “Фатон” у чэрвені, датэрмінова здала сесію. Гэта абавязковае правіла, яно дзейнічае для ўсіх, хто едзе працаваць у лагер”.
Правілы гульні са сваім першым атрадам Юлія Паўлаўна абмеркавала адразу. Калі паміж дзецьмі будзе ўзнікаць непаразуменне, з гэтым трэба разбірацца разам. А для таго каб навучыцца камунікаваць адно з адным, школьнікі і педагог вечарамі прыходзяць “на свечку” (так называюць месца агульнай сустрэчы каманды) і размаўляюць.
“Дамовіліся, што паміж намі будзе ўзаемаразуменне, што будзем супрацоўнічаць і падтрымліваць адно аднаго, — дадае Ю.Шылько. — Калі ў пэўных сітуацыях выхаванцы нам у нечым дапамагаюць, то і мы іх заахвочваем”.
Каб гэтае лета маленькія “фатонаўцы” запомнілі на ўвесь год, старшы выхавальнік і важатыя атрадаў прыдумалі цікавую і насычаную праграму.
“Дзень у нас распісаны па мінутах, — звяртае ўвагу педагог. — У пераліку мерапрыемстваў ёсць і найбольш любімыя дзецьмі — “Міс “Фатон”, “Містар “Фатон” і “Фатонабачанне”. Мы разам рыхтуемся да ўсіх конкурсаў і пражываем з дзецьмі ўсе эмоцыі, ставім танцы і прадумваем вобразы. За час, пакуль знаходзімся разам, вельмі збліжаемся, таму расставанне — гэта заўсёды цяжка”.
Разважаючы пра сваю педагагічную будучыню, Юлія Шылько расказала, што пасля заканчэння ўніверсітэта паедзе працаваць па размеркаванні ў Мядзел, але “Фатон” — гэта назаўжды.
“Фатон” — гэта не проста каманда прафесіяналаў, гэта сям’я, — падсумоўвае выхавальнік. — Дзякуючы Валерыю Васільевічу і Вікторыі Сяргееўне, мы вучымся многаму, і гэтыя ўрокі самыя каштоўныя”.
Школьная планета
Сваю “Галактыку” стварылі ў гімназіі № 1 Валожына. Менавіта такую назву атрымаў школьны тэматычны лагер, які з чэрвеня пачаў працаваць ва ўстанове адукацыі.
Ідэя зрабіць падчас змены касмічную тэматыку ключавой належыць педагогу-арганізатару “Галактыкі” настаўніцы англійскай мовы Надзеі Сухадолец. Рэалізацыю задумы педагог пачала ў мінулым годзе. Тады атрады вывучалі планеты, а сёлета — сузор’і і галактыку ў цэлым.
“На галоўным стэндзе, які прэзентуе лагер і атрады, напісана легенда пра Агеньчыка, — расказвае пра лагер Н.Сухадолец. — Менавіта ён і стаў галоўным героем нашай змены. Навучэнцы дапамагаюць герою вывучаць космас. Кожны атрад за ўдзел і перамогі ў конкурсах, якія праводзім, атрымлівае зорку”.
У праграме лагера не толькі школьныя спаборніцтвы, але і выязныя мерапрыемствы. Педагогі і вучні ездзяць з экскурсіямі ў аграсядзібы, на шматлікія майстар-класы.
“Хочацца, каб дзеці атрымалі як мага больш пазітыўных эмоцый, — тлумачыць педагог. — Таму мы вельмі адказна падыходзім да арганізацыі экскурсійнай праграмы”.
Сябры лесу
Першы летні месяц навучэнцы сярэдняй школы № 1 Валожына праводзяць у лагеры працы і адпачынку “Пунсовыя ветразі”.
Установа адукацыі заключыла дагавор з Валожынскім лясгасам, што і вызначыла пералік работ для вучняў. Так, дзеці пад наглядам выхавальніка лагера настаўніцы англійскай мовы Любові Патапчанка штодзень, калі дазваляе надвор’е, выязджаюць на пасадку сасновага лесу.
“У лагеры адна змена, яна доўжыцца 15 дзён, — растлумачыла Л.Патапчанка. — Сёлета ў “Пунсовыя ветразі” залічаны 17 навучэнцаў 8 класа, якім ужо ёсць 14 гадоў. Менавіта з гэтага ўзросту, згодна з Працоўным кодэксам, дзеці могуць працаваць 4 гадзіны ў дзень”.
Распарадак дня ў школьнікаў, якія выбралі для сябе такі адпачынак, просты. З самай раніцы каманда едзе ў лес. Пасля таго як неабходны аб’ём работы выкананы, вучні вяртаюцца ў школу на абед. Астатні час знаходжання ў лагеры адводзіцца на спартыўныя гульні і экскурсіі.
“Мы ўжо наведалі ваенкамат, вайсковую часць, — дадала педагог. — Вельмі любім хадзіць у фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, а таксама ў цэнтр творчасці, дзе прымаем удзел у шматлікіх майстар-класах, кіналекторыях. Калі надвор’е дажджлівае і не дазваляе працаваць, застаёмся ў школе, гуляем у баскетбол, валейбол. Васьмікласнікі вельмі любяць гэтыя гульні. У суботу і нядзелю дзеці таксама прыходзяць у атрад, але на работу мы не выязджаем”.
Для таго каб гэтым летам арганізаваць лагер працы і адпачынку, многа часу не спатрэбілася. Па словах педагога, жадаючых запісацца ў “Пунсовыя ветразі” было дастаткова, таму каманда сабралася вельмі хутка.
“Дзеці ведаюць, што за 15 дзён работы атрымаюць грошы, якія змогуць патраціць на сябе, — гаворыць Любоў Юр’еўна. — Калі разважалі наконт таго, ці падабаецца ім такі спосаб арганізацыі часу, усе адказалі станоўча. Увогуле, лагер працы і адпачынку — гэта не толькі пра работу. Сумесная дзейнасць спрыяе пашырэнню камунікацыі паміж дзецьмі, а ў іх узросце гэта вельмі важна”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА