Рыхтуючыся да развітальных выпускных вечароў, якія сёння пройдуць ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі краіны, кіраўнікі школ паспяваюць аналізаваць вынікі іспытаў, дзяліцца меркаваннем аб умовах іх правядзення. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сёлета 32 выпускнікі сярэдняй школы № 27 Гомеля здавалі ЦЭ на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, што ў крокавай даступнасці ад установы адукацыі.
— Для навучэнцаў школы ўніверсітэцкія сцены добра знаёмы, бо на працягу двух гадоў у рамках прафарыентацыі старшакласнікі рэгулярна наведваюць гэтую ўстанову вышэйшай адукацыі. Тут жа яны правяраюць свае веды на рэпетыцыйным тэсціраванні. Так што ніякага стрэсу з-за новых сцен і невядомых аўдыторый ніхто з выпускнікоў не перажываў. Усё было арганізавана на высокім узроўні. Адзінаццацікласнікі маглі цалкам сканцэнтравацца выключна на сваіх ведах, каб прадэманстраваць добры вынік, — гаворыць дырэктар школы Святлана Кубышкіна. — Больш за тое, раней адзінаццацікласнікам даводзілася праходзіць выпрабаванні двойчы: здаваць выпускныя экзамены ў школе, а затым — ЦТ. Цяпер стрэсавая нагрузка скарочана ўдвая. Безумоўна, гэта аблягчае правядзенне ўступнай кампаніі для дзяцей.
Сам фармат экзамену, па словах кіраўніка школы, паспяхова прыжыўся як сярод навучэнцаў, так і сярод педагогаў:
— Лічым, што за ўсе гады існавання тэсціравання фармат “ЦЭ+ЦТ” — гэта самы лепшы варыянт арганізацыі выпускных экзаменаў і ўступных выпрабаванняў.
Самымі папулярнымі прадметамі на першым ЦЭ сярод выпускнікоў гэтай гомельскай школы сталі матэматыка, гісторыя Беларусі і грамадазнаўства. На другім экзамене 28 навучэнцаў аддалі перавагу рускай мове, а чацвёра выбралі беларускую мову.
— Калі 7 і 11 чэрвеня сталі вядомы вынікі ЦЭ на сайце РІКВ, мы радаваліся, што нашы навучэнцы пацвердзілі свае вынікі на ўсе 100%, — адзначае Святлана Васільеўна. — На жаль, у нас няма стабальных вынікаў, але шэсць навучэнцаў атрымалі на ЦЭ 98—99 балаў. Тых, хто пацвердзіў свае гадавыя адзнакі, 31%, а хто палепшыў, — 69% дзяцей.
Даведка
Сёння апошні дзень рэгістрацыі на ЦТ у рэзервовыя дні для тых, хто не змог прайсці выпрабаванні па ўважлівых прычынах у асноўныя тэрміны. Абітурыенты павінны звярнуцца ў камісію аднаго з шасці пунктаў правядзення выпрабаванняў, размешчаных у абласных цэнтрах, прыклаўшы апраўдальныя дакументы. 19 чэрвеня пройдуць ЦТ па ўсіх прадметах, 21 чэрвеня — ЦЭ і ЦТ па профільных прадметах і 23 чэрвеня — ЦЭ і ЦТ па рускай і беларускай мовах.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота прадастаўлена суразмоўніцай