Любоў да творчасці і спорту — на гэтым падчас летніх канікул робяць акцэнт педагогі Лідскага раёна

- 13:02Репортаж

Раскрываць у дзецях таленты і дапамагаць у іх развіцці, заўважаць прыгажосць вакол сябе і прымнажаць яе — на гэтым робяць акцэнт у выхаванні дзяцей педагогі Лідскага раёна.

Кніга стыхій

Гэты рэгіён невыпадкова быў выбраны першым у Гродзенскай вобласці, куды запланавалі летні прэс-­тур прадстаўнікі Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”. Начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк — адданы сябар і даўні партнёр “Настаўніцкай газеты”.

“Сістэма адукацыі Лідскага раёна працуе зладжана і заўсёды на вынік, — адзначыла Вольга Зігмундаўна. — Што тычыцца лета, то плануем аздара­віць 4755 дзяцей, з іх 2922 навучэнцы адпачнуць у лагерах з дзённым знаходжаннем, а ў загарадных лагерах, падведамасных упраўленню адукацыі, частку канікул правядуць 1853 школьнікі”.

Былі вызначаны некалькі кірункаў аздараўлення дзяцей. Так, у лагеры “Зялёны мегаполіс” з дзённым знаходжаннем Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства рэалізуецца праграма лагернай змены “ЗОВВ природы” эколага-біялагічнага профілю. Дырэктар установы Жанна Цехановіч расказала, што сёлета на рэспубліканскім конкурсе метадычных рапрацовак “Лабараторыя канікул “Лета-2024” праект адзначаны дыпломам ІІІ ступені Міністэрства адукацыі ў намінацыі “Праграма профільнай змены”.

“Слова “ЗОВВ” у назве змены мае сваё значэнне, — раскрывае сэнс абрэвіятуры Жанна Мікалаеўна. — Літара “З” — гэта зямля, “О” — у перакладзе з рускай агонь, а дзве “В” — гэта вада і ў перакла­дзе з рускай паветра. Усе гэтыя элементы з’яўляюцца неад’емнай часткай прыроды і ўвасабляюць яе сілу, прыгажосць і гармонію”.

Для таго каб змена выхаванцам запомнілася, педагогі цэнтра распрацавалі цікавую праграму, у якой усё прадумана да дробязей. Па словах Ж.Цехановіч, дні знаходжання дзяцей у лагеры аб’яднаны адзі­ным сюжэтам тэматычнай гульні: навучэнцы знаёмяцца з легендай пра чатыры прыродныя стыхіі. У залежнасці ад перыяду змены атрад выхаванцаў атрымлівае імя аднаго з народаў: паветраныя качэўнікі, водныя плямёны, каралеўства Зямлі і вогненная нацыя.

Прадстаўнікі кожнай групы, выконваючы заданні і прымаючы ўдзел у мерапрыемствах, набываюць здольнасці кіравання адной са стыхій. На першы погляд, гэта банальная гульня ў казку, але яна вельмі падабаецца дзецям. За актыўны ўдзел у мерапрыемствах тыдня ўдзельнікі атрымліваюць значкі: каменьчык — сімвал зямлі, кропельку, якая з’яўляецца пачаткам і прадаўжэннем воднай стыхіі, палена — з ім сябруе агонь, а таксама паветраны шарык, які падпарадкоўваецца паветру.

“Значкі прыклейваем у асабістую заліковую кнігу стыхій, — дадае Жанна Цехановіч. — Пасля праходжання кожнага этапу ўдзель­нікам прысвойваюцца званні захавальніка паветра, захавальніка вады, захавальніка агню і захавальніка зямлі. Акрамя таго, атрад атрымлівае татэм: жаба ўвасабляе стыхію вады, чарапаха — зямлі, матылёк — паветра, жар-птушка — агню. Калі змена заканчваецца, кожнаму ўдзельніку ўручаецца сертыфікат захавальніка стыхій”.

“Зялёны мегаполіс” — гэта не проста лагер, а творчы даследчы цэнтр, у якім дзяцей вучаць заўважаць прыгажосць прыроды і берагчы яе. У многім на гэта накіравана пляцоўка “Водар зямлі беларускай”, на якой гаспадарыць загадчыца аддзела экалогіі і навукова-даследчай дзейнасці Вольга Піліпчык. Педагог вучыць дзяўчынак ствараць габелен з тых траў, што растуць на тэрыторыі цэнтра.

“У межах работы гуртка “Флора” мы пляцём габелены, — гаворыць Вольга Аляксандраўна. — Перш чым іх стварыць, вывучаем расліны і іх уласцівасці: важна ведаць, які сэнс яны ў сабе нясуць. Для таго каб зрабіць габелен, неабходна працаваць з жывымі, нявысушанымі раслінамі, бо апошнія бу­дуць ламацца. Для работы над сваімі творамі прымяняем шматлікія тэхнікі. Так, сёння навучэнкі працу­юць з галінкамі бярозы, язмінам, каласкамі жыта, шалфеем. А каркасам для кампазіцыі служыць сахалінская грэчка”.

У школьным “Рытме”

У вясковых школах Лідскага раёна арганізавана работа трох лагераў працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем.

Адна з такіх устаноў — Тарноўская сярэдняя школа. Тут ужо не першае лета працуе лагер “Рытм”. 13 навучэнцаў 7—10 класаў, якія яго наведваюць, выязджаюць на міжвідавую праполку зерневых культур і капусты.

“Працаваць у лагеры маюць права дзеці, якім споўнілася 14 гадоў, — нагадвае дырэктар Тарноўскай сярэдняй школы Аляксандр Іосіфавіч Раўко. — Дагавор на праполку ў нас заключаны з РСУП “Мажэйкава”. За тры тыдні, на працягу якіх вучні працуюць у полі, ім будуць выплачаны грошы”.

Для таго каб сабраць дзяцей на аздараўленчую змену, многа часу не спатрэбілася. Аляксандр Іосіфавіч адзначае, што гэтым летам вучні самі прыходзілі і прасіліся, каб іх залічылі ў лагер. Гэта тычыцца не толькі тых, хто наведвае лагер працы і адпачынку, але і навучэнцаў, якія адпачываюць у дзённым школьным лагеры.

Распарадак дня ў школьнікаў, якія захацелі папраца­ваць, просты. З самай раніцы каманда едзе ў поле. Навучэнцаў на аўтобусе забіраюць прадстаўнікі РСУП “Мажэйкава”, і яны ж прывозяць назад. Пасля таго як неабходны аб’ём работы ­выкананы, вучні вяртаюцца ў школу на абед. Астатні час знаходжання ў лагеры адводзіцца для спартыўных і інтэлектуальных гульняў.

“Для ўсіх дзяцей у нас запланавана свая праграма, — дадае дырэктар Тарноўскай школы. — У пераліку мерапрыемстваў ёсць экскурсіі, дадатковая творчасць. Мы ўпэўнены, што школьны лагер — гэта добрая магчымасць і для адпачынку, і для сумеснай работы”.

Спартыўныя надзеі

Першая змена ў загарадным лагеры “Спадарожнік” прысвечана спорту. Штогод на аздараўленне сюды прыязджаюць навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Каратэ” Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Для будучых спартсменаў (сёлета іх 54) арганізаваны профільныя атрады, а гэта значыць, што часу на трэніроўкі ў іх больш чым дастаткова. Заняткі з дзецьмі праводзяць педагогі дадатковай адукацыі Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі браты Андрэй і Іван Сямашкі. Маленькія каратысты, якія займаюцца ў таленавітых майстроў, прызналіся, што трэніроўкі не прапускаюць: ім вельмі хочацца быць падобнымі да настаўнікаў, а зна­чыць, трэніравацца трэба вельмі адказна. Тое, што вучні любяць Івана Уладзіміравіча і Андрэя Уладзіміравіча, відаць няўзброеным вокам. Нават пасля трэніроўкі дзеці не адыходзяць ад педагогаў, а гэта гаворыць пра многае.

Каратэ для братоў Сямашкаў — і работа, і захапленне, якому яны прысвячаюць увесь свой час. У іх спартыўным мінулым — шматлікія перамогі на рэспубліканскіх і міжнародных першынствах і турнірах па каратэ, а сярод важных узнагарод — чорныя паясы.

“Мы з Андрэем, старэйшым братам, амаль адначасова пачалі займацца адзінаборствамі, — расказвае Іван Сямашка. — Андрэй выбраў для сябе каратэ, а я пайшоў на тэквандо”.

Калі вучыліся ў школе, браты любілі глядзець фільмы, дзе дэманструюцца баявыя тэхнікі. Акцёры, якія з экранаў паказвалі бездакорнае валоданне ўсімі прыёмамі, натхнялі Андрэя і Івана і дарылі надзею на тое, што абсалютна ва ўсім можна дасягнуць самых высокіх вяршынь. Толькі трэба прытрымлівацца аднаго правіла — не збочваць з вызначанага шляху. І яны не збочвалі, верылі адзін у аднаго і пачалі яшчэ больш працаваць над сабой.

“Я пачаў шмат часу аддаваць тэквандо, — працягвае малодшы брат. — Калі вучыўся ў 8 класе, мяне прынялі ў Гро­дзенскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву. Праз год заняў 2-е месца ў чэмпіянаце па тэквандо сярод дарослых, выканаў разрад майстра спорту Рэспублікі Беларусь”.

Пасля гэтага ў Івана было яшчэ многа перамог, як і ў яго старэйшага брата. Першынствы краіны, міжнародныя спаборніцтвы, на якіх паказвалі дастойныя вынікі, папаўнялі спіс дасягненняў Сямашкаў.

Але што прывяло братоў у педагогіку? Як настаўніцтва сумяшчаецца са спортам і ці ўдалося сярод навучэнцаў разгледзець такіх жа апантаных адзінаборствамі дзяцей, якімі былі самі Андрэй і Іван? Адказы на гэтыя пытанні знойдзеце на старонках часопіса “Спорт time”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА