Гэтым летам для многіх юных вандроўнікаў краіны настольным даведнікам стаў зборнік турыстычна-экскурсійных маршрутаў “Праваслаўныя святыні Беларусі”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Выданне ўбачыла свет нядаўна і прызвана сарыентаваць групы школьнікаў, калі яны будуць складаць экскурсіі, звязаныя з праваслаўнай культурай і гісторыяй Беларусі. Маршруты былі распрацаваны навучэнцамі пад кіраўніцтвам педагогаў у рамках іх удзелу ва ўсебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства” і ў рэспубліканскім грамадзянска-патрыятычным праекце “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”.
Настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Петрыкава Т.М.Серадзюк знаёміць з гісторыяй Свята-Мікалаеўскага храма
Абгрунтоўваючы нагоду сабраць гэтыя маршруты ў адзін зборнік, Алена Ануфровіч, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, адзначае:
— Мы ўсе ведаем святыні Полацка, Жыровіч, храм-помнік Усіх Святых… Але, акрамя іх, у нас ёсць шмат іншых цікавых храмаў, якія заслугоўваюць не меншай увагі. І хочацца, каб пра іх таксама ведала як мага больш людзей.
Аўтары зборніка слушна адзначаюць, што Беларусь — краіна з багатай гісторыяй, якая пакінула свой след у выглядзе мноства ўнікальных помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры. Праваслаўныя святыні Беларусі — гэта не проста архітэктурныя аб’екты, гэта месцы, дзе захоўваецца духоўная спадчына народа, дзе людзі знаходзяць суцяшэнне і натхненне. Турыстычна-экскурсійныя маршруты па праваслаўных святынях маюць вялікае значэнне як для навучэнцаў устаноў адукацыі, так і для паломнікаў і звычайных турыстаў. Яны дазваляюць людзям азнаёміцца з гісторыяй і культурай праваслаўя рэгіёна, наведаць старажытныя манастыры і храмы, паглыбіцца ў атмасферу духоўнасці.
Зборнік турыстычна-экскурсійных маршрутаў “Праваслаўныя святыні Беларусі” быў апублікаваны абмежаваным тыражом. Натуральна, што задаволіць попыт усіх жадаючых яго атрымаць немагчыма, але знайсці яго можна і ў адкрытым доступе — на сайце РЦЭіК.
Загадчыца аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання РЦЭіК Аляксандра Кравец дадае:
— Наш зборнік — гэта вынік дзейнасці навучэнцаў па даследаванні, праходжанні гэтых маршрутаў, наведванні іх аб’ектаў менавіта на тэрыторыі сваёй малой радзімы. Калі распрацоўваеш маршрут па сваім рэгіёне, то ўключаеш у яго нават самыя маленькія храмы. Такія ёсць амаль у кожным населеным пункце, але не заўседы ёсць гісторыя пра іх. Таму нашай мэтай было не столькі сабраць самі маршруты, колькі далучыць дзяцей да даследаванняў галоўных аб’ектаў на іх. Мы акцэнтавалі ўвагу не на агульнавядомых аб’ектах, пра якія шмат інфармацыі ў інтэрнэце, а на маленькіх цэрквах, храмах, манастырах, жываносных крыніцах, пра якія асабліва нічога з інтэрнэту не даведаешся. Для іх вывучэння дзеці звярталіся і да святароў, і да мясцовых жыхароў.
І хачу заўважыць, што гэты зборнік ствараўся ў супрацоўніцтве з Беларускай Праваслаўнай Царквой, таму ў яго ўключаны толькі праваслаўныя святыні. Але на нашай зямлі шмат храмаў іншых канфесій, таму ў нашых планах працягнуць гэты праект і стварыць зборнік духоўных святынь роднага краю, у якім будуць прадстаўлены і праваслаўныя, і каталіцкія, і мусульманскія, і пратэстанцкія, і іншыя святыні.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота Ігара ГРЭЧКІ