Утульна, з густам. Тэрыторыя і будынак сярэдняй школы № 1 Шаркаўшчыны здзіўляюць гасцей

- 16:00Репортаж

На летніх канікулах настаўнікі, вучні і тэхперсанал сярэдняй школы № 1 Шаркаўшчыны дружна добраўпарадкоўваюць тэрыторыю ўстановы адукацыі і дапамагаюць у рэканструкцыі спартыўнай пляцоўкі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Не толькі футбольнае поле

Урачыстае адкрыццё абноўленага спартыўнага аб’екта адбу­дзецца ў Дзень Незалежнасці і стане чарговым падарункам школе і ўсім жыхарам райцэнтра.

— У мінулым годзе да свайго паўвекавога юбілею наша ўстанова адукацыі ўжо атрымала выдатны падарунак: быў праведзены капітальны рамонт яе будынка з мадэрнізацыяй. Змяніўся яго знешні і ўнутраны выгляд. Цяпер чарга за спартыўнай пляцоўкай, — паведаміла дырэктар школы Ірына Рычардаўна Рымдзёнак.

Спартыўны аб’ект будзе ўключаць у сябе футбольнае поле і бегавую дарожку са спецыяльным пакрыццём, сумешчаную баскетбольную і валейбольную пляцоўкі, абсталяванае месца для скачкоў, варкаўта. Гэта будзе шматфунк­цыянальная спартыўная пляцоўка, дзе кожны, незалежна ад узрос­ту, зможа знайсці сабе куточак для карыснага баўлення часу.

Нягледзячы на тое, што пляцоўка знаходзіцца на балансе ўстановы адукацыі, тут будуць право­дзіцца спартыўныя спаборніцтвы раённага і абласнога ўзроўняў, напрыклад, матчы 2-й лігі чэмпіянату Віцебскай вобласці па футболе або валейбольныя баталіі.

Валейбол, дарэчы, актыўна папулярызуецца ў школе па асабістай ініцыятыве дырэктара. Яна ў свой час актыўна наведвала заняткі секцыі валейбола ў спартыўнай школе. Цяпер да свайго спартыўнага захаплення далучае вучняў і калег. Ёсць і вынікі: школьнікі рэгулярна прадстаўляюць каманду раёна на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, становяцца іх прызёрамі. Але самае галоўнае, што дзякуючы валейболу яны фізічна развіваюцца, павышаюць самаацэнку, знаходзяць новых сяброў.

Зроблена з густам

Летам работа кіпіць не толькі на тэрыторыі школы, але і ў самім будынку. Тут працягваецца эстэтычнае афармленне вучэбных кабінетаў. Новую мэблю, сучасную камп’ютарную тэхніку цудоўна дапаўняе прыгажосць інтэр’ераў. Прычым прыгажосць, створаная з густам. Усё гэта — вынік сумеснай творчай працы кіраўніц­тва ўстановы адукацыі, настаўнікаў, а таксама начальніка аддзела па адукацыі Шаркаўшчынскага райвыканкама Кацярыны Рыгораўны Міхнёнак. Кожны ўносіў свае прапановы па ўнутраным афармленні кабінетаў, але канчатковае слова было ўсё ж за педагогамі. Яны вырашалі, якая колеравая гама будзе пераважаць у іх кабінеце, якіх адценняў будуць жалюзі і г.д.

— Цяпер мы актыўна афармляем кабінеты матэматыкі, біялогіі, пачатковых класаў. Кожны настаўнік укладвае ў гэта свае фізічныя і творчыя сілы. Асабліва шчыруе настаўніца працоўнага навучання Таццяна Валер’еўна Гембіцкая. Яна не лічыцца з вольным часам і дзякуючы сваім творчым здольнасцям робіць кабінеты больш утульнымі, а кожны лесвічны праём упрыгожвае арыгінальнымі мастацкімі работамі, — адзначыла Ірына Рычардаўна.

Школьная прастора падзелена на некалькі тэматычных рэкрэацый. “Тэрыторыя памяці” прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. Калідор гэтай рэкрэацыі ўпрыгож­вае выява Аляксандра Іванавіча Халаева, пад камандаваннем якога воіны 44-й мотастралковай брыгады 1-га Прыбалтыйскага фронту вызвалялі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Будынак школы, дарэчы, знаходзіцца на вуліцы імя Халаева. Упрыгожва­юць рэкрэацыю і стэнды, прысвечаныя генацыду беларускага народа, а таксама драўляная 3D-карта памяці. Яшчэ тут абсталяваны кабінет міру, паколькі ў мінулым годзе ўстанова адукацыі была ўдастоена ганаровага звання “Школа міру”.

У рэкрэацыі “Экалогія” можна ўбачыць выяву знакамітага ўраджэнца Шаркаўшчынскага раёна, селекцыянера, заслужанага агранома БССР Івана Паўлавіча Сікоры. Афармленне рэкрэацыі пачатковых класаў накіравана на ўсебаковае развіццё малодшых школьнікаў. У “Тэатральнай гасцінай” праводзяцца сустрэчы з цікавымі людзьмі, прадстаўнікамі педды­настый.

— Мы хочам, каб нашы выпускнікі вярталіся працаваць на малую радзіму, а тыя, хто выбраў педагагічную сцяжыну, — у родную школу. У гэтым годзе мы заключалі мэтавы дагавор з выпускніком Міхаілам Падобам, які наведваў заняткі педгрупы. Праз некалькі гадоў чакаем яго ў якасці калегі. Калі гаварыць пра поспехі сёлетніх выпускнікоў, то варта адзначыць, што з 30 навучэнцаў 11 класа 13 удастоены звання “Вучань года” раё­на. Таксама ў нас 9 залатых медалістаў. Выдатныя вынікі паказалі выпускнікі і на ЦЭ. Некаторыя набралі 97—99 балаў па рускай мове, матэматыцы і грамадазнаўстве. Усе пацвердзілі свае адзнакі, — паведаміла дырэктар.

Цэнтральнае месца ў рэкрэацыі “Краязнаўства” займае інтэр­актыўная выстава “Шаркаўшчына ў старых фотаздымках”. Яе падрыхтавала і аформіла настаўніца гісторыі Аксана Анатольеўна Бабоўская. Тут прадстаўлены копіі старых чорна-белых здымкаў Шаркаўшчыны. Дзякуючы ім, можна здзейсніць захапляльнае падарожжа ў мінулае. А QR-код, размешчаны каля выяў помнікаў архітэктуры, зробіць гэтае падарожжа больш цікавым і інфарматыўным.

Ад чаго залежыць будучыня?

Падчас экскурсіі па краязнаўчай выставе акцэнт робіцца на прафесіях, папулярных у Шаркаўшчыне ў розныя перыяды яе гісторыі. Гэта цалкам лагічна, паколькі прафарыентацыйнай рабоце ў школе ўдзяляецца асаблівая ўвага. Створана і асобная рэкрэацыя, да афармлення якой педагогі таксама падышлі крэатыўна. Так, сцяну ўпрыгожвае выява Юрыя Аляксеевіча Гагарына як прыклад чалавека, які сваім жыццём праславіў Радзіму. А побач такія словы: “Будучыня залежыць ад таго, што ты робіш сёння”.

Яны сталі своеасаблівым дэвізам для сённяшніх педагогаў і навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Шаркаўшчыны. Дзеля будучыні яны працуюць у дні летніх канікул на тэрыторыі ўстановы і ў яе будынку. Прычым працуюць з задавальненнем, бо цудоўна ўсведамляюць, што ствараюць прыгажосць і ўтульнасць не толькі для сябе, але і для наступных пакаленняў.

Будзеце ў Шаркаўшчыне — наведайце 1-ю школу. Тут заўсёды рады новым знаёмствам і плённаму супрацоўніцтву.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара