Педагог-арганізатар школьнага лагера Алена Старасценка падрыхтавала сцэнарый незвычайнай спартландыі

- 12:50Репортаж

— Кірык, гані хутчэй! — Уля, не скачы, рабі шырэй крок! — Мая, імгненна бінтуй! — крыкам (а як інакш?) давалі адно аднаму парады ўдзельнікі ваенна­-спартыўнай гульні.

Гэта былі прадстаўнікі каманд “Патрыёт” і “Расток” летняга аздараўленчага лагера дзённага знаходжання ваенна-патрыятычнага кірунку сярэдняй школы № 2 гарадскога пасёлка Хоцімска Магілёўскай вобласці. Лагер, дзе дзеці ўмацоўваюць і сілу, і дух, таксама носіць ганаровую назву “Патрыёт”.

Дзве каманды па 6 чалавек (па вайсковых мерках — падраздзяленні) спаборнічалі ў спрыце і кемлівасці. Вядучая ваенна-спартыўнай гульні педагог-арганізатар школьнага лагера Алена Старасценка (дарэчы, настаўніца пачатковых класаў) падрыхтавала цікавы сцэнарый не­звычайнай спартландыі. Мэта простая — захаванне і ўмацаванне традыцый, звязаных з патрыятычным выхаваннем школьнікаў, у фармаце ваенна-спартыўнай гульні. Урачыста прывітаўшы каманды, балельшчыкаў і гасцей, Алена Уладзіміраўна адзначыла, што спаборніцтвы прысвечаны тым, хто ахоўваў, ахоўвае і будзе ахоўваць рубяжы Радзімы і мірнае неба над нашай галавой.

Па камандзе “Пад’ём!” удзель­нікі панесліся да крэсла, дзе знаходзілася ваенная форма — гімнасцёрка і пілотка. Першымі па трывозе пабеглі, як гэта прынята ў эстафеце, а ў войску асабліва, камандзіры — Глеб Саянкоў (“Патрыёт”) і Кірыл Лысенка (“Расток”).

 “Аты-баты — мы цяпер салдаты!” — амаль разам даклалі аб праходжанні этапу каманды. Затым юныя байцы сталі ўзбройвацца: перада­ваць з рук у рукі аўтамат Калашнікава. Зроблены ён з дрэва, размаляваны, памеры блізкія да арыгінала — атрымалася нядрэнная копія аўтамата. “Растку” і “Патрыёту” ён саслужыў добрую службу, і конкурс “Аўтаматная чарга” атрымаўся нескладаным.

Цяжэй было наладжваць сувязь са штабам, пракладваючы тэлефонны кабель. Два ўдзельнікі нацягвалі вяроўку, а адзін знаходзіўся ў сярэдзіне абруча, які перапраўляўся на другога “сувязіста” праз гэтую самую вяроўку. Часам адбывалася ў прамым сэнсе слова блытаніна…

Перамяшчацца па балоце з дапамогай двух абручоў хутчэй атрымлівалася ў дзяўчынак. Яны і падскокваць паспявалі, і не забывалі пра шырэйшы крок. А вось конкурс “Снеданне салдата”, які складаўся з паядання цукерак кожным прадстаўніком каманды на хут­касць, быў на­кшталт бонусу ад галоўнага каман­дзіра — Алены Уладзіміраўны. Бег з пагонамі па ўжо асвоеным балоце (на кожнае плячо прыкладваліся гэтыя знакі адрознення) аказаўся нялёгкім. Крыху хутчэй крок — і пагон (добра, калі адзін, а то і два) пачынаў прыкра спаўзаць уніз. Тут пашанцавала тым, у каго шырэйшыя плечы.

З трыма падрастаючымі асілкамі — Глебам Саянковым, Кірылам Папыркам і Косцем Кучанковым — удалося пазнаёміцца напярэдадні ваеннай спартландыі. Хлопцы разміналіся на добра абсталяванай вулічнай пляцоўцы. Любімы прадмет ва ўсіх траіх — фізкультура. Якраз па тэме! Плануецца конкурс мастацкай самадзейнасці, дык спевы і чытанне стануць прыярытэтнымі. Хоцімскія хлопцы такія — таленавітыя і хвацкія! Пагоны, дарэчы, Глеб, Кірыл і Косця пранеслі лёгка і на ўсіх этапах выступілі годна.

Група падтрымкі абедзвюх каманд давала шмат шуму, эмацыянальна дапамагаючы рухацца да перамогі ўдзель­нікам ваенна-спартыўнай гульні. Па загадзе Алены Уладзіміраўны яны паказвалі лётчыкаў, расстаўляючы рукі-крылы, глядзелі ва ўмоўны бінокль, ахоўваючы мяжу, і па-матроску гналі рукамі “хвалю”. Такая артыстычная паўза давала ўдзельнікам гульні магчымасць перавесці дух.

Пасля “палявога шпіталя”, аказаўшы медыцынскую дапамогу параненым, юныя байцы скончылі бітву з роўным лікам. Капітаны-камандзіры Глеб Саянкоў і Кірыл Лысенка прапанавалі ўсім паціснуць адно аднаму рукі. Перамагло, сапраўды, сяброўства.

 Тамара ХАМІЦЭВІЧ
Фота аўтара