Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі сталіцы да пачатку новага навучальнага года ў самым разгары. Па словах першага намесніка старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Людмілы Барысенка, аб’ём фінансавання на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі Мінска да навучальнага года штогод павялічваецца. Сёлета на гэтыя мэты выдзелена больш за 128 млн рублёў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Да 1 верасня чакаецца ўвод у эксплуатацыю школы-новабудоўлі ў жылым раёне Лябяжы, а таксама дзіцячага сада ў раёне вуліц Скрыпнікава — Адзінцова — Лабанка.
У Лябяжым будаўніцтва школы, якая разлічана на 1020 вучняў, выходзіць на фінішную прамую. Як расказалі ў “Мінскбудзе”, у актавай зале завяршаецца ўкладка паркету, а ў спартыўных залах на наступным тыдні плануюць пачаць мантаж гімнастычных снарадаў. Басейны фактычна гатовы да запаўнення вадой, засталося толькі прыбраць будаўнічы пыл. Мэбля расстаўлена па класах, паступова ўстанаўліваецца вучэбнае абсталяванне. У харчаблоку ўсё неабходнае абсталяванне ўжо зманціравана і гатова да падключэння. Практычна на ўсім аб’екце на змену аддзелачнікам прыйшлі наладчыкі, каб усё за- пусціць і праверыць.
На прылеглай тэрыторыі вядзецца добраўпарадкаванне. Будаўнікі пачалі ўкладку сучаснага пакрыцця бегавых дарожак і спартыўных пляцовак, якое складаецца з гумавай крошкі і поліўрэтанавага злучэння. Акрамя таго, трэба яшчэ дамасціць плітку, зманціраваць агароджу спортпляцовак і ганкаў, дабавіць малыя архітэктурныя формы.
Адной з задач праекціроўшчыкаў было стварэнне вялікіх спарткомплексаў, каб кожны вучань мог знайсці сабе актыўнасць на свой густ. Так, напрыклад, на цокальным паверсе школы будзе абсталяваны цір.
У горадзе завяршаецца капітальны рамонт сярэдніх школ № 53, № 95 і № 115, гімназій № 10 і № 36, а таксама спартыўнага стадыёна гімназіі № 14. Сярод устаноў адукацыі сталіцы, якія падлягаюць капрамонту, ёсць шэраг пераходных аб’ектаў. Так, у сярэдняй школе № 4 Ленінскага раёна будаўніча-мантажныя работы распачалі, але завяршыць іх плануецца ў наступным годзе. Для школы № 63 Першамайскага раёна зараз вызначаюць падрадную арганізацыю для правядзення капрамонту, які, як чакаецца, таксама будзе выкананы ў наступным годзе.
Актыўна вядуцца работы і па бягучым рамонце школ і дзіцячых садоў. На гэтыя мэты з бюджэту горада выдзелена больш за 63 млн рублёў, у тым ліку 15,7 млн рублёў — на замену аконных блокаў. Для ўстаноў адукацыі набываецца вучэбнае, гандлёва-тэхналагічнае абсталяванне і інш.
Школы і дашкольныя ўстановы таксама праходзяць комплексную падрыхтоўку да маючага адбыцца ацяпляльнага сезона. Атрымаць пашпарты гатоўнасці да зімы ім неабходна ў тэрмін да 15 жніўня.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА