Як выкінуць непрыемнасці ва «Урну праблем», ведаюць у магілёўскай школе № 19

- 16:03Новости, Психолог в школе

Псіхалагічнае здароўе школьніка з’яўляецца адной з ключавых умоў адукацыйнага працэсу. Паспяховасць навучання і ўсебаковага развіцця дзіцяці ў школьным узросце залежыць ад яго псіхалагічнага дабрабыту.

Згодна з меркаваннем медыцынскіх работнікаў, узрост ад 1 да 15 гадоў найбольш важны для захавання будучага здароўя. Менавіта ў гэты перыяд закладваюцца асновы будучага дарослага чалавека, яго звычкі, фарміруецца шкала каштоўнасцей, жыццёвых прыярытэтаў. Таму адной з ключавых задач педагога-псіхолага ўстановы адукацыі з’яўляецца захаванне і карэкцыя парушэнняў псіхалагічнага здароўя.

Псіхалагічнае здароўе — аснова жыццяздольнасці дзіцяці, якому ў дзяцінстве і малалецтве даводзіцца выра­шаць самыя няпростыя задачы свайго жыцця: вучыцца валодаць уласным целам і паводзінамі, несці адказнасць за сябе і іншых, асвой­ваць сістэму навуковых ведаў і сацыяльных навыкаў, развіваць свае здольнасці і ствараць вобраз “Я”.

Паколькі псіхалагічнае здароўе — умова жыццёвай паспяховасці і гарантыя даб­рабыту чалавека ў жыцці, мы ва ўстанове адукаці прыкладаем усе намаганні для яго фарміравання ў дзяцінстве.

На працягу навучальнага года ажыццяўляецца псіхолага-педагагічнае суправаджэнне розных катэгорый навучэнцаў. Праводзяцца групавыя і індывідуальныя заняткі, трэнінгі і іншыя прафілактычныя і карэкцыйна-развіццёвыя заняткі па фарміраванні жыццесцвярджальных каштоў­насцей.

Прапаганда каштоўнасцей жыцця сярод навучэнцаў, бацькоў і педагогаў адбываецца пры правядзенні тэматычных дзён, тыдняў, месячнікаў.

Каб умацоўваць псіхалагічнае здароўе і прадухіляць стрэс, у сярэдняй школе № 19 Магілёва імя М.Ф.Сафонава сістэматычна працуе “Аптэчка для душы”, дзе педагагічныя работнікі могуць узяць вітамінку ў выглядзе салодкай цукеркі з пажаданнем, што заўсёды падымае настрой. Вельмі маляўніча і прывабна для ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу выглядае “Паляна настрою”, на якой адлюстроўваюцца іх эмоцыі. Мноства станоўчых эмоцый у навучэнцаў выклікае “Пошта кампліментаў”, бо чуць прыемныя словы і пажаданні вельмі прыемна.

Вялікай папулярнасцю карыстаюцца мерапрыемствы, дзе патрабуецца актыў­насць навучэнцаў у сацыяльных сетках. Так, у нас прайшоў фотачэлендж “Пазітыўная вясна”, падчас якога пазітыўныя фота навучэнцаў і педагогаў размяшчаліся на старонцы ўстановы адукацыі ў Instagram. Усім таксама спадабалася бяспройгрышная латарэя ад жартаўлівай адміністрацыі школы. Пры­мераць маску дырэктара і яго намеснікаў, а таксама пабываць у іх ролі маглі не толькі работнікі школы, але і навучэнцы, што падарыла мноства станоўчых эмоцый.

Штогод у школе праводзіцца дзень у дамашніх тапачках і вясёлых шкарпэтках. Такі дзень па-дамашняму напоўнены цеплынёй і ўтульнасцю, зарад бадзёрасці і энергіі, пазітыву і радасці напаўняе сэрцы навучэнцаў і ўсяго педагагічнага калектыву. У гэты дзень усе жадаючыя могуць пачаставацца цёплым чаем з пячэннем ці салодкай цукеркай, а таксама зарадзіцца энергіяй, прыняўшы ўдзел у танцавальных флэш-мобах.

Псіхалагічны дабрабыт навучэнцаў не­пасрэдна залежыць ад настрою і эмацыянальнага стану педагогаў. Таму для падтрымання іх псіхалагічнага камфорту раніца ў школе пачынаецца незвычайна: пад прыемнае музычнае суправаджэнне педагогі могуць узбадзёрыцца кубачкам кавы, чаю ці соку. Выпіўшы напітак, яны ўбачаць матывуючае выказванне ці пажаданне на дне шклянкі. Затым педагогі могуць змяць плас­тыкавы кубачак, як быццам змінаюць усе свае праблемы, і адправіць ва “Урну праблем”. Бадзёрыя, поўныя энергіі і аптымізму, яны ідуць дарыць веды сваім вучням. Такая прыемная раніца падымае настрой і зараджае пазітыўнай энергіяй, якая перадаецца навучэнцам падчас правядзення ўрокаў.

Сёння клопат пра псіхалагічны дабрабыт школьнікаў становіцца абавязковым мэтавым арыенцірам у рабоце кожнай школы, паказчыкам дасягнення сучаснай якасці адукацыі.

Наталля КАЗЛОВА,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 19 Магілёва імя М.Ф.Сафонава