Гордасць сярэдняй школы № 12 імя Героя Савецкага Саюза І.К.Кабушкіна Баранавіч — музей Кабушкіна — захоўвае сотні ўнікальных экспанатаў. Кажуць, што менавіта гэтая прастора паспрыяла таму, каб ва ўстанове адукацыі з’явіўся клас інжынернага напрамку. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Навучэнцы сярэдняй школы № 12 часта прымаюць удзел у гарадскіх навукова-практычных канферэнцыях. Такое пастаянства падштурхнула педагогаў да распрацоўкі праекта па прафарыентацыі. Ідэя была рэалізавана ў кароткія тэрміны, прычым дзякуючы музею.
“Тут ёсць куток, дзе размешчаны старажытныя рэчы, якія належаць людзям розных прафесій, — расказвае кіраўнік музея настаўніца гісторыі Валянціна Уладзіміраўна Сачыловіч. — Вучні са старшых класаў, калі праводзяць экскурсіі, знаёмяць з гэтымі прадметамі. Многія дзеці, калі даходзіць чарга да інжынерных інструментаў, спыняюцца ля іх, разглядаюць, цікавяцца прынцыпам работы”.
Убачыўшы, што гэта запатрабаваная тэма, педагогі вырашылі адкрыць першую профільную групу інжынернага кірунку з павышаным узроўнем вывучэння хіміі і матэматыкі. Як аказалася, не прагадалі: набор у клас прайшоў паспяхова.
“Далучэнне школьнікаў да адпаведнай дзейнасці адбываецца ўжо з малодшых класаў, — дадае дырэктар установы Вольга Пшанічная. — Малышы з цікавасцю наведваюць аб’яднанні па інтарэсах па Scratch-праграмаванні, а падрыхтоўчая работа да залічэння ў інжынерную групу вядзецца ў 8—9 класах. Навучэнцы наведваюць факультатыўныя і стымулюючыя заняткі па матэматыцы і хіміі. У 10—11 класах у межах прафесійнага навучання ў групе інжынернага кірунку праводзяцца факультатыўныя заняткі “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”.
Вучэбную праграму курса для баранавіцкіх школьнікаў распрацавалі ў вядучай тэхнічнай УВА краіны — БНТУ. У ёй праведзены ўнікальныя міжпрадметныя сувязі, якія лагічна аб’ядноўваюць фізіку, матэматыку, геаграфію, біялогію, хімію, інфарматыку. Педагогі, якія выкладаюць у інжынернай групе, вопытныя і творчыя настаўнікі вышэйшай катэгорыі.
Для таго каб рэалізаваць праграму курса, упраўленне па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама заключыла з Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам трохбаковы дагавор. Так, у межах модуля “Лічбавыя і інтэлектуальныя тэхналогіі ў інжынерыі” навучэнцы выкарыстоўваюць лічбавыя, інтэлектуальныя, адытыўныя, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, неабходныя для паспяховага асваення інжынерных спецыяльнасцей.
“Інфармацыйны блок прадугледжвае агляд ІКТ-тэхналогій у сферы матэрыяльнай вытворчасці і інжынернай дзейнасці, — дадае Вольга Пшанічная. — Таксама разглядаецца паняцце 3D-мадэлі і яе прызначэнне, праводзіцца знаёмства са спецыялізаваным праграмным забеспячэннем для стварэння чарцяжоў і камп’ютарных мадэлей. Што тычыцца практычнага навучання, то сюды ўваходзіць вывучэнне камп’ютарызаваных працоўных месцаў і аўтаматызацыі дзейнасці інжынераў: канструктара, тэхнолага. У выніку асваення праграмы факультатыўных заняткаў навучэнцы авалодваюць базавымі тэхналагічнымі кампетэнцыямі, развітым мысленнем, знаёмяцца з сучасным узроўнем тэхналогій і зместам прафесійнай дзейнасці ў вытворчай сферы”.
У інжынернай групе вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю функцыянальнай пісьменнасці школьнікаў. Выбар матэматыкі і хіміі, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, абумоўлены тым, што гэтыя прадметы неабходна здаваць пры паступленні на многія інжынерныя спецыяльнасці: біямедыцынская інжынерыя, тэхналогіі ў сферы хімічнай прамысловасці, лясная гаспадарка, інжынер па сертыфікацыі, хімік-эколаг, хімік-фармацэўт, даследчык і выкладчык хіміі і інш.
“У наступным навучальным годзе мы плануем удзел у навукова-практычных канферэнцыях па хіміі, — адзначае дырэктар школы. — Што тычыцца сёлетняй уступнай кампаніі, то нашы выпускнікі з інжынернай групы залічаны ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт (“Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій”), у БНТУ (“Машынабудаўнічая вытворчасць”) і ў Беларускую дзяржаўную акадэмію сувязі (“Аўтаматызацыя тэхналагічных вытворчасцей”)”.
Напісаць свой летапіс
Цікавасць да гісторыі роднага краю і малой радзімы, павага да працы і адказнасць за свае ўчынкі — гэтаму педагогі Баранавіч вучаць навучэнцаў і летам, падчас аздараўленчай кампаніі.
Чарговы прэс-тур прадстаўнікі Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” запланавалі ў Баранавічы. Для гэтага ў журналістаў прыемная нагода: начальніку ўпраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Таццяне Шастак уручылі дыплом і 3D-прынтар за актыўны ўдзел у конкурсе на лепшую падпіску на “Настаўніцкую газету” за першае паўгоддзе.
“З профільным выданнем нас звязвае даўняе сяброўства, — прызналася Таццяна Іванаўна. — “Настаўніцкую” заўсёды прыемна чытаць, і вельмі ганарова, калі бачым на яе старонках артыкулы пра нашы ўстановы адукацыі і пра калег, іх педагагічны вопыт”.
А ён у настаўнікаў багаты, прычым увагі вартая і дзейнасць у летні перыяд. Таццяна Шастак звярнула ўвагу на тое, што за гэтае лета ў Баранавіцкай зоне аздаровіцца больш за 5400 дзяцей з Баранавіч і Брэсцкай вобласці, у тым ліку выхаванцы Баранавіцкіх спартыўных школ. Сярод профіляў летнікаў — ваенна-патрыятычны, бяспекі жыццядзейнасці і інш.
“У лагерах упраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама “Зорачка” і “Лясная вясёлка” з кругласутачным знаходжаннем былі арганізаваны шматлікія тэматычныя кірункі, сярод якіх фізкультурна-аздараўленчы, турыстычны, спартыўны, экалагічны і іншыя”, — паведаміла Таццяна Іванаўна.
Расказваючы пра дасягненні сістэмы адукацыі горада за мінулы год, начальнік упраўлення звярнула ўвагу на тое, што ён быў для іх знамянальны: школы ўпершыню прымалі ўдзел у грамадзянска-патрыятычным праекце “Не забываючы мінулага, глядзець у будучыню”, які быў арганізаваны сумесна з міжраённай пракуратарай. Рэалізацыя ініцыятывы доўжылася больш чым паўгода. Кожны яго этап патрабаваў таго, каб навучэнцы працавалі над новай ідэяй. У першую чаргу дзеці збіралі звесткі пра родных, хто быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, і афармлялі іх успаміны ў выглядзе сачынення. Акрамя гэтага, у праекце былі іншыя рубрыкі: навучэнцы чыталі вершы пра вайну, пісалі лісты ветэранам. Да апошняй ініцыятывы далучыліся дырэктары школ горада і начальнік упраўлення па адукацыі.
“У маёй сям’і ёсць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, таму я не магла пакінуць без увагі гэтую прапанову, — заўважыла Таццяна Іванаўна. — А для таго, каб вызначыць пераможцаў, установы адукацыі стваралі свой летапіс, які складаўся не толькі з сачыненняў вучняў. У іх — франтавыя фота, успаміны ўдзельнікаў мінулых падзей, апавяданні пра подзвіг пакалення пераможцаў. Усё гэта збіралі і дзеці, і бацькі, і настаўнікі. Вынікам работы сістэмы адукацыі і пракуратуры стала вызначэнне пераможцаў. Новы навучальны год ужо не за гарамі, а значыць, педагогі і навучэнцы Баранавіч будуць і далей дэманстраваць свае здольнасці ў розных напрамках”.
Камандная работа
У сярэдняй школе № 20 Баранавіч вядзецца капітальны рамонт фасадаў.
Работы тут пачаліся яшчэ ў маі. У наступным годзе школе споўніцца 40 гадоў, і гэта першы маштабны рамонт з моманту яе адкрыцця.
“Улічваючы гэта, мы разумелі, што да рамонту патрэбен грунтоўны падыход, — гаворыць дырэктар школы Міхаіл Віктаравіч Мішын. — На сённяшні дзень з будынка збілі старую дробнаштучную плітку. Пасля гэтага наступае яшчэ адзін важны крок — сцены фасада ўцяпляюцца, пасля чаго пачынаецца аддзелка дэкаратыўнай тынкоўкай”.
У школе ўжо замянілі старыя вокны на блокі ПВХ, пафарбавалі некаторыя сцены. Для таго каб паспець у вызначаныя тэрміны, спецыялісты прыступаюць да сваіх абавязкаў у 5 гадзін раніцы: спякотнае надвор’е ўжо пасля абеду не дазваляе прадукцыйна працаваць.
“Да работы ў майстроў прафесійны падыход, — дадае Міхаіл Мішын. — Кожную пятніцу да нас прыязджае начальнік упраўлення адукацыі, і мы разам ацэньваем вынік. У Дзень ведаў больш як 1000 навучэнцаў пераступяць ганак прыгожай, утульнай, добраўпарадкаванай школы”.
Што тычыцца рамонту кабінетаў, холаў і калідораў, то яго ва ўстанове ўжо даўно зрабілі ўласнымі сіламі. Дапамагалі і бацькі навучэнцаў.
“Калі гавару пра нейкае пачынанне, то заўсёды ўжываю займеннік мы, — акцэнтуе Міхаіл Віктаравіч. — У нашай школе працуе выдатная каманда прафесіяналаў, якія заўсёды падтрымліваюць адно аднаго. І мне вельмі ганарова весці іх наперад”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА