На дапамогу аграрыям прыйшлі педагогі і супрацоўнікі Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы

- 9:00Главная, Новости

Педагогі і супрацоўнікі Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна летам працуюць на жніве. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На камбайне разам з мужам

Настаўніца пачатковых класаў Алена Яўгеньеўна Дулуб працуе памочнікам камбайнера ў адным экіпажы са сваім мужам Мікалаем Сцяпанавічам. І калі раней Алена Яўгеньеўна ў гарачую ўборачную пару раніцай адпраўляла мужа на работу і сустракала позна ўвечары, то цяпер яны з ранку да заходу сонца поруч на палях ­РСКУП “Ваўкавыскае”. Для жанчыны гэта першы вопыт работы ў сельскай гаспадарцы.

— У гэтым годзе майму мужу далі новы камбайн Palesse GS12 A1, а памочніка не было, таму я вырашыла паспрабаваць сябе ў гэтай ролі, — расказвае Алена Яўгеньеўна. — У мае абавязкі ўваходзіць утрыманне камбайна ў чысціні, праверка якасці ўборкі пасля абмалоту, дапамога камбайнеру ў абслугоўванні камбайна. Але калі побач муж, то з гэтай работай спраўляцца значна прасцей, ён ва ўсім дапамагае, беражэ мяне і многаму ву­чыць. Прыемна здзівілі калегі мужа: заўсёды прыходзяць на дапамогу, калі бачаць, што мне як жанчыне нешта цяжка зрабіць.

Алена Дулуб прызнаецца, што спачатку было вельмі няпроста, бо праца сапраўды мужчынская, патрабуе шмат сіл, аднак з часам асвоілася. Асабліва цяжкімі выдаліся першыя тыдні. Але потым пайшлі дажджы і ўдалося крыху адпа­­чыць, набрацца сіл.

— Любы вопыт карысны, — упэўнена А.Я.Дулуб. — Калі бярэш­ся за нейкую новую справу, то не толькі атрымліваеш веды, навыкі, але і выпрабоўваеш сябе, свае магчымасці. Я задаволена тым, што пайшла працаваць памочнікам камбайнера. Цяпер лепш разумею мужа, ведаю, як ён працуе. Відаць, цяпер буду больш яго шкадаваць, калі будзе вяртацца з работы стомленым.

Скончыцца жніво, і Алена Яўгеньеўна сустрэне ў Вялікаэсмантаўскай школе першакласнікаў. Традыцыйна ў першыя вераснёўскія дні дзеці расказваюць, як правялі лета. Магчыма, і настаўніца падзеліцца сваім вопытам, раскажа аб працы камбайнера і яго памочніка.

14-е працоўнае лета

Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Уладзімір Анатольевіч ­Габрусевіч 14-ы год падчас летняга адпачынку працуе на мясцовым сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Варанецкі”. 13 гадоў ён быў памочнікам камбайнера, а сёлета пайшоў на зернесушыльны комплекс.

— Прывык ужо працаваць летам, не хочацца два месяцы дома сядзець, — расказаў Уладзімір Анатольевіч. — Спачатку два тыдні працаваў у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Бераставіцкі”. Веласіпедам дабіраўся да лагера, 21 кіламетр туды і назад, і так кожны дзень. Потым уладкаваўся на зернесушыльны комплекс. Працую на пагрузчыку, дапамагаю прыбіраць збожжа. Прыходзіць лета, і заўсёды цягне папраца­ваць рукамі, а потым, як скончыцца жніво, быццам чагосьці не хапае.

Уладзімір Габрусевіч з дзяцінства займаўся спортам, захапляўся футболам, хакеем, лыжамі, кожную вольную хвіліну праводзіў на школьным стадыёне. Вучыўся ён у Вялікаэйсмантаўскай школе, дзе сёння і працуе. Праўда, тады на заняткі прыхо­дзілася каля двух кіламетраў ез­дзіць на веласіпедзе з суседняй вёскі. З тых часоў не расстаецца з двухколавым сябрам, як і не перастае займацца рознымі іншымі відамі спорту.

— У мяне ў школе быў цудоўны выкладчык фізкультуры Віктар Мікалаевіч Краўчук, які прывіў любоў да спорту. Мы ездзілі на раённыя, рэспубліканскія і нават саюзныя спаборніцтвы, — расказ­вае У.А.Габрусевіч. — Было ў школе і аддзяленне барацьбы, заняткі вёў Іван Уладзіміравіч Кавалевіч, дзякуючы якому я захапіўся барацьбой. Нават на рэс­публіцы грымела наша школа барацьбы разам з бераставіцкай. Не дзіўна, што я выбраў спорт сваёй прафесіяй. Спачатку адслужыў у арміі, а затым паступіў у Гродзенскі тэхнікум фізкультуры, завочна скончыў Акадэмію фізічнага выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь.

У школу Уладзімір Анатолье­віч трапіў не адразу пасля вучобы. Доўгі час працаваў у мясцовай сельскай гаспадарцы. Але і там не расставаўся са спортам, адстойваў гонар гаспадаркі і раёна на шматлікіх спартыўных спаборніцтвах. У школу прыйшоў у 2007 годзе. 

— Ад настаўніка многае залежыць, таму стараюся сваім прыкладам захапіць дзяцей ­займацца спортам. На ўроках не проста паказваю ўсе элементы, а выконваю іх разам з дзецьмі. Я з імі і на бегавой дарожцы, і на лыжні. Мае навучэнцы гуля­юць у валейбол, футбол, баскетбол. Некалькі чалавек захапіліся барацьбой і прадаўжаюць займацца гэтым відам спорту ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе, ездзяць на трэніроўкі нават у Бераставіцу, часта выступаюць на спаборніцтвах, — расказаў педагог.

У 2021 годзе У.А.Габрусевіч атрымаў залаты значок “Фізкультурнік Беларусі”. Па слядах бацькі пайшла малодшая дачка Ілона Габрусевіч: яна скончыла Салігорскі педкаледж па спецыяльнасці “Фізічнае выхаванне” і завочна Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Цяпер вядзе фізкультуру ў дзіцячым садзе.

Дружба і супрацоўніцтва

Не толькі педагогі школы працуюць на ўборцы. Шмат гадоў у час летняга адпачынку працуе на зернесушыльным комплексе работнік школы Алена Іванаўна Янкоўская. А рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў Валянцін Аляксеевіч Македон 30 гадоў адпрацаваў на камбайне.

— Наша школа і КСУП “Варанецкі”, якое ўзначальвае Ю.К.Ярэміч, сябруюць многія гады, — падкрэсліла дырэктар Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Галіна Аляксееўна Македон. — Як прыклад, нашы работнікі працуюць на жніве. Ды і на працягу ўсяго года педагогі і навучэнцы, калі трэба, дапамагаюць прадпрыемству на сельскагаспадарчых работах. Гэта ўдзяч­насць за садзейнічанне, якое КСУП “Варанецкі” аказвае ў выхаванні падрастаючага пакалення. Кіраўніцтва і спецыялісты заўсёды прыходзяць на нашы лінейкі, мерапрыемствы, актыўна ўдзельніча­юць у рэспубліканскім праекце “ШАГ”. Па выніках навучальнага года штогод лепшым навучэнцам выдаецца стыпендыя ад гаспадаркі. Прадпрыемства дапамагае будматэрыяламі, выдзяляе транспарт, калі трэба. Летась пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года нам адрамантавалі агароднінасховішча, пазалетась на першым паверсе замянілі падлогу. Адным словам, у нас склаліся сяброўскія ўзаемаадносіны.

 Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва А.Я.ДУЛУБ