У свяце «Дзень агурка» ў Шклове былі задзейнічаны ўсе ўстановы адукацыі раёна

- 17:08Репортаж

Разнасолы, варэнне, ліманады і нават тарты з агуркоў — у Шклове ярка і смачна прайшоў фестываль збору летняга ўраджаю. У свяце “Дзень агурка” былі задзейнічаны ўсе ўстановы адукацыі раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Цяперашні фестываль — васямнаццаты па ліку. Праводзіць яго напрыканцы жніўня стала ўжо традыцыяй горада. Агурок — своеасаблівы брэнд нашай зямлі. Шклоўскія агуркі шырока вядомыя яшчэ з XVI стагоддзя, — расказала начальнік аддзела па адукацыі Шклоўскага райвыканкама Таццяна Лодава. — Актыўны ўдзел у арганізацыі фестывалю прымаюць навучальныя ўстановы. Педагогі і вучні прэзентуюць свае таленты і захапленні на ўсіх пляцоўках мерапрыемства.

Настаўнікі Шклоўшчыны — людзі вельмі творчыя. Яны заяўляліся ў кожную конкурсную намінацыю фестывалю. Асабліва яскрава праявілі сябе калектывы адукацыйнай галіны ў афармленні стылізаваных падворкаў. Так, экспазіцыя Чарнаруцкай сярэдняй школы прываблівала незвычайнымі дэкаратыўнымі вырабамі. З агародніны педагогі стварылі жар-птушку, агурковы букет і нават туфлі для Папялушкі.

— Штогод з задавальненнем прымаем удзел у фестывалі, шукаем цікавыя ідэі. Сёлета прадставілі дэкаратыўную твор­часць і мноства аўтарскіх страў. Сярод іх — ролы па-чарнаруцку і агурковы торт, — расказала дырэктар Іна Маісенка.

Кулінарнымі вынаходствамі здзіўлялі і настаўнікі Уланаўскай базавай школы. Педагогі распрацавалі рэцэптуру для агурковага варэння, а яшчэ частавалі смажанымі агуркамі.

— Нарэзаць, пасаліць, дадаць спецыі, паніроўку і смажыць агуркі на сланечнікавым алеі. Гатуецца страва хутка і проста, але гэта вельмі смачна, — падзялілася настаўніца матэматыкі Тамара Парфёнава.

photo_2024-08-20_10-59-22
photo_2024-08-20_10-59-20 (2)
photo_2024-08-20_10-59-24
photo_2024-08-20_10-59-25
photo_2024-08-20_10-59-14
photo_2024-08-20_10-59-26
photo_2024-08-20_10-59-26
photo_2024-08-20_10-59-17
photo_2024-08-20_10-59-27
photo_2024-08-20_10-59-22 photo_2024-08-20_10-59-20 (2) photo_2024-08-20_10-59-24 photo_2024-08-20_10-59-25 photo_2024-08-20_10-59-14 photo_2024-08-20_10-59-26 photo_2024-08-20_10-59-26 photo_2024-08-20_10-59-17 photo_2024-08-20_10-59-27

Падворак гімназіі Шклова вылучаўся маляўнічымі фотазонамі. Установа прымае фестываль на сваёй тэрыторыі, таму да падрыхтоўкі тут падыходзяць карпатліва і адказна.

— Імкнёмся пастаянна прыўносіць у стылістыку падворка нешта новае. Акцэнт робім на фотазонах, якія падабаюцца наведвальнікам. Прадстаўляем таксама шырокі асартымент саленняў. У адпачынку нашы педагогі закаталі шмат кансервацыі. Акрамя ўсім вядомых нарыхтовак, у слоіках — агурковыя рулецікі, агурок у пялёначцы, агурковая ікра, вяленыя таматы, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марына Селіфонтава.

Экспазіцыя Александрыйскай сярэдняй школы дэманстравала выкарыстанне агурка ў стравах розных народаў. Ва ўстанове рэалізуюць праект “Школа міру”, на падворку гэта знайшло сваё адлюстраванне.

— Вырашылі паказаць, як агурок крочыць па свеце. Згатавалі стравы з агуркоў па рэцэптах жыхароў Казахстана, Карэі, Кітая, Кыргызстана, Беларусі, Расіі. Распрацавалі таксама інтэрактыўную гульню і сувенірную прадукцыю, — расказала настаўніца біялогіі Ганна Табэрка.

Арыгінальна прэзентавалі ўласна вырашчаную садавіну і агародніну на падворках Ордацкай і Гавядскай школ. Экспазіцыя адной установы была аздоблена рука­дзеллем, другой — пагружала прысутных у марскую тэматыку. А вось калектывы дзіцячага сада № 2 райцэнтра і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аграгарадка Александрыя з фантазіяй падышлі да распрацоўкі касцюмаў.

Безумоўна, кожны падворак быў па-свойму адметны. Са звычайных прыродных матэрыялаў педагагічныя работнікі стварылі сапраўдныя шэдэўры. Крэатыўнасць навучальных устаноў раёна не засталася незаўважанай. Пасля завяршэння фестывалю ўсе калектывы атрымалі дыпломы.

 Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара