У старажытным Тураве 60 гадоў назад энергічны Мікола Котаў стварыў гурт “Прыпяць”. З вялікага энтузіязму і ўпартай працы тураўцаў вырас народны ансамбль, які выступаў па ўсёй Беларусі і нават за яе межамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
”Прыпяць” узвысіла, вывела ў людзі маладога харэографа, яна ж праславіла Тураў, Палессе, нашу Беларусь — і пайшоў адтуль моцны імпульс для развіцця танцавальнага мастацтва па ўсім наваколлі, за межы Гомельшчыны. Удзячныя тураўцы (дарэчы, яны сябе называюць тураўцы) прысвоілі рупліўцу, які шмат зрабіў для развіцця, пашырэння мясцовых фальклорных традыцый, званне “Ганаровы жыхар Турава”.
І ён жа фалькларыст, рэжысёр народных свят, аўтар кніг, у мінулым выкладчык БДУ, лірык у душы… Такіх называюць дзецьмі вайны, яе падранкамі. Праз усё жыццё смыляць у іх душэўныя раны, атрыманыя ў дзяцінстве. Бацьку прызвалі ў войска ў першы ж дзень вайны, і радавы Конан Котаў прапаў без вестак на доўгі час у ліхалецці. Сын убачыў свет у акупацыі, восенню ў 1941-м, — і ўсё чакаў-чакаў татачку з вайны пасля Перамогі. Не ведаў, што асірацеў да нараджэння. Стала вядома ўжо ў наш час: у 1941 годзе салдат Котаў згінуў у лагеры для ваеннапалонных пад Баранавічамі.
У суровай пасляваеннай рэальнасці хлопец-паляшук з Рэчыцкага раёна змог выстаяць, не ачарсцвеў душой, збярог прыродны аптымізм. Строгасць і парадак у працы — на рэпетыцыях, выступленнях. Дабрыня і спагадлівасць у зносінах з людзьмі. Знайшоў “залатую сярэдзіну”, “намацаў танцамі” свой шлях у жыцці. Вывеў на высокую арбіту творчасці “Прыпяць” у Тураве, у Верасніцы стварыў “Верасок”, ансамбль “Ніва” — у Рамлі, на Століншчыне. Дзясяткі ўдзячных жыхароў гэтых паселішчаў, іх ваколіц пайшлі ў далейшае жыццё праз Котава і танцы.
Дарэчы, у народзе кажуць: навучыся танцаваць, а ўсяму іншаму жыццё навучыць. Парадокс? Ды не! Калі танцы правільныя, народныя, а такія ў асноўным танцавалі вучні Котава, то і сама народная культура танцораў вядзе. Пачуццё рытму і прасторы, локця і меры, пачуццё прыгажосці, гармоніі руху, сацыяльнай іерархіі — многае засвойвае танцор. Адукацыя і выхаванне напаўняюць яго душу і розум праз танец. Пра гэта чуў не раз ад Міколы Конанавіча, які і сам у фальклорнай традыцыі як асоба вырас.
І ў такой жа культурнай плыні актыўным застаецца, хоць гады сваё бяруць: размяняў дзявяты дзясятак. Нядаўна расказваў, як цёпла сустракалі яго з сябрамі ў Тураве і ваколіцах: адзначалі 60-годдзе “Прыпяці”. Да юбілею разгорнутыя, працуюць і сёння экспазіцыі ў гарадской бібліятэцы, у 2-й школе Турава. Пра што ў рэдакцыю паведамілі, даслалі фотаздымкі настаўніца Таццяна Сілкова, яе сын Аляксей Мароз — намеснік дырэктара 2-й школы па выхаваўчай рабоце, загадвае школьным гістарычным музеем імя Кірылы Тураўскага. Вобразна ў школе “Прыпяць” ушанавалі: на вышываным абрусе, тканай посцілцы (сімвалізуюць народныя традыцыі) сама экспазіцыя — здымкі, публікацыі, дакументы для яе перадаў Мікола Котаў. Казаў мне, што юныя, маладыя людзі ў Тураве, нібы крынічкі, праз усе 60 гадоў падпітваюць творчыя сілы “Прыпяці”.
Удзячныя тураўцы ўшанавалі Міколу Конанавіча: сустрэлі з хлебам-соллю на ручніку. Былі прадстаўнікі гарсавета, устаноў культуры, былыя танцоры — яго сябры па жыцці. Месца сустрэч у цэнтры горада: паблізу кафедральнага сабора ў імя свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх. Там да 55-годдзя “Прыпяці” ўсталявалі памятны знак у гонар усіх артыстаў ансамбля, танцораў розных гадоў.
“Некаторыя з маіх былых танцораў, музыкантаў паехалі на фэст “Кліч Палесся”, але і ў Тураве душэўна было, — гаворыць Мікола Конанавіч. — Мы ўшанавалі памяць самадзейных артыстаў Жыткавіцкага раёна і ля крыжа ў Запясоччы: яго паставіў пры роднай вёсцы былы танцор “Прыпяці”, потым афіцэр, а сёння пенсіянер Іван Матох. Усклалі кветкі да крыжа. Потым на старадаўніх Барысаглебскіх могілках аддалі даніну памяці былым артыстам ансамбля, іх бацькам”.
Танцавальныя традыцыі на Тураўшчыне маюць працяг. Юныя і цяпер, як і раней, — асноўныя танцоры ва ўзорным ансамблі “Прыпяць”, які развіваецца пад кіраўніцтвам Таццяны Нічыпарук.
Хоць родам яна з Рэспублікі Комі, але ж дзяды-прадзеды — з Тураўшчыны: “З 2007 года працую ў Доме культуры ў Тураве, і тады ж прыйшла танцаваць у “Прыпяць”, — гаворыць Таццяна Міхайлаўна. — Кіраваў ансамблем Аляксандр Пяшэвіч, вучань Міколы Котава. Я стварыла і ансамбль “Дэгажэ”. Некаторы час мы разам з Аляксандрам Міхайлавічам кіравалі “Прыпяццю”, так што ёсць пераемнасць традыцый. Але я прыўношу ў танцы і свае навацыі. У ансамблі 29 чалавек, у асноўным дзяўчынкі абедзвюх гарадскіх школ. У рэпертуары пераважаюць народныя, але стылізаваныя танцы: “Каліначка”, “Плёткі”, “Капустка”, “Рэчанька”… Хлопчыкі амаль не ходзяць да нас, на жаль. Цяпер я набіраю падрыхтоўчую групу, то чакаю, затаіўшы дыханне, каб і яны прыйшлі. Выступаем на розных гарадскіх, раённых святах — усюды запрашаюць. Рыхтуемся да рэгіянальнага фестывалю “На зямлі Кірылы Тураўскага”. І практычна ўсюды, як выступаем, падыходзяць да мяне былыя танцоры з “Прыпяці”, бо ансамбль — гэта моцны творчы магніт, які ўсіх нас яднае”.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота з архіваў Міколы КОТАВА і Таццяны НІЧЫПАРУК