Чатырохбаковы дагавор аб супрацоўніцтве, які тычыцца работы інжынерных класаў, падпісалі ГрДУ імя Янкі Купалы, аддзел адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна, сярэдняя школа № 39 імя І.Д.Лебедзева і РУП “Гроднаэнерга”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Сёння ў школах і гімназіях раёна створана 10 класаў і груп інжынернай накіраванасці. Ва ўзаемадзеянні з прадпрыемствамі горада, напрыклад, “Гродна Азот” і “Гроднааблгаз”, работа з вучнямі тут будавалася і раней. Падобнае супрацоўніцтва аб’ядноўвае ўсіх, хто зацікаўлены ў якасці і выніковасці такой прафілізацыі, — адзначыла начальнік аддзела адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Людміла Ніцкая.
Яна падкрэсліла, што пры падрыхтоўцы інжынерных кадраў сувязь школы, універсітэта і заказчыка кадраў — гэта правільны шлях. Узаемавыгаднае супрацоўніцтва кожнага звяна такога ланцужка дапаможа пазбегнуць сітуацый, калі чалавек пасля навучання раптам разумее, што апынуўся не на сваім месцы ў выбранай прафесіі.
Так, для вучняў вынікам падпісанага дагавора стане магчымасць ранняга знаёмства з прафесіяй і атрымання прафесійных кампетэнцый не праз дыялог з настаўнікам у вучэбным класе, а непасрэдна на вытворчасці. Што датычыцца патэнцыяльнага заказчыка кадраў, то для прадпрыемства такі фармат узаемадзеяння — магчымасць бачыць свайго будучага работніка падчас яго навучання ў школе і ва ўніверсітэце.
Важнасць падпісання дакумента, які дасць штуршок развіццю яшчэ больш якаснай падрыхтоўкі інжынерных кадраў, падкрэсліў і генеральны дырэктар РУП “Гроднаэнерга” Віктар Жук:
— Якасная падрыхтоўка будучых інжынерных кадраў — гэта перш за ўсё ўзаемадзеянне некалькіх бакоў: школы, УВА і прадпрыемства. І калі школа бярэ на сябе абавязацельствы забяспечыць набор навучэнцаў і арганізаваць адукацыйны працэс, а ўніверсітэт зацікаўлены ў падрыхтаваных, матываваных абітурыентах, то цікавасць з нашага боку, абласной энергасістэмы, — атрымаць пасля выпуску высакакласнага, матываванага спецыяліста. Бачым сур’ёзны прыкладны патэнцыял у падпісанні дагавора і ўпэўнены, што ён стане фундаментам эфектыўнай работы на карысць эканомікі вобласці і краіны ў цэлым.
У сярэдняй школе № 39 імя І.Д.Лебедзева Гродна групы інжынернай накіраванасці функцыянуюць з 2023 года. Сёння ў дзвюх такіх групах займаюцца каля 30 чалавек.
— У нас ужо ёсць некаторы вопыт супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і арганізацыямі горада, у тым ліку ў прафарыентацыйным кірунку. У цесным узаемадзеянні не першы год будуем такую работу са сваімі шэфамі, напрыклад, ААТ “Белдругпалімер”. Што датычыцца ўзаемадзеяння з энергетыкамі, плануем арганізаваць яго не толькі ў інтарэсах навучэнцаў. Размова ідзе аб тэматычных сустрэчах і экскурсіях на прадпрыемства, сумеснай арганізацыі практычных заняткаў і не толькі. Думаем падключыць у тым ліку і бацькоў да адпаведных тэматычных мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў прадпрыемства, бо выбар прафесіі, як правіла, вызначаецца не толькі жаданнем выпускніка, але і парадамі блізкіх, — адзначыла дырэктар школы Аксана Пятрова.
Прадстаўнікі ўсіх бакоў дагавора адзначаюць, што задача школы, універсітэта і прадпрыемства — не проста зацікавіць перспектывай будучай прафесіі, але і данесці да моладзі, што быць інжынерам — гэта цікава і прэстыжна.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота прадастаўлена ГрДУ імя Янкі Купалы