У новым навучальным годзе ў ляхавіцкай гімназіі і 5 сярэдніх школах раёна — Ліпскай, Востраўскай, Жарабковіцкай імя М.Г. Мінкевіча, № 1 і № 2 Ляхавіч — адкрыты профільныя класы, дзе на павышаным узроўні вывучаюцца беларуская і руская мовы, матэматыка, біялогія, хімія і інш. Пра гэта карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала начальнік аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама Марыя Саракавік.
— Павялічылася колькасць класаў прафесійнай накіраванасці. Гэта педагагічныя, інжынерныя, ваенна-патрыятычныя і аграрны класы. Дарэчы, педагагічныя класы сёлета адкрыты ў кожнай гарадской установе адукацыі. Новаўвядзеннем бягучага навучальнага года стала адкрыццё класа медыцынскай накіраванасці ў сярэдняй школе № 2 Ляхавіч. У гімназіі працягваецца рэалізацыя праекта «Інжынерны клас», заснаванага на ўзаемадзеянні з БарДУ ў частцы праграмы факультатыўных заняткаў. У лютым — сакавіку ў раёне плануецца правесці мерапрыемства, на якім будзе прадстаўлены вопыт работы класаў прафесійнай накіраванасці, — адзначыла суразмоўніца.
З 2 верасня на базе гімназіі пачаў работу раённы цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі для навучэнцаў 10—11-х класаў устаноў горада. З запалам і энтузіязмам працягваюць работу адкрытыя ў мінулым годзе ваенна-патрыятычныя клубы «Фарпост» на базе СШ № 2 і «Фартэцыя» на базе СШ № 1 Ляхавіч.
У раёне складваецца добрая традыцыя ўвекавечваць памяць землякоў у назвах не толькі вуліц, але і ўстаноў адукацыі. Летась Навасёлкаўскай сярэдняй школе прысвоена імя поўнага кавалера ордэна Славы Г.Ф. Нагорнага, які ўнёс свой уклад у перамогу над фашызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Зараз Ліпская сярэдняя школа праводзіць актыўную работу па прысваенні імя поўнага кавалера ордэна Славы А.І. Малевіча.
— Гэта вялікая справа, якая звязвае часы і пакаленні, фарміруе нацыянальную самасвядомасць, гордасць за нашу Радзіму і, безумоўна, мае сур’ёзнае значэнне пры выхаванні маладога пакалення, — падкрэсліла М. Саракавік.
Духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне — значны кампанент выхаваўчай работы. Нездарма яму ўдзяляецца асаблівая ўвага. У любой дзейнасці чалавек асэнсоўвае і аналізуе свае ўчынкі і ўчынкі іншых людзей, стварае разнастайную сістэму адносін, якая грунтуецца на духоўна-маральных якасцях асобы. У раёне з 2020 г. дзейнічае рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні на базе Дараўскай сярэдняй школы. У жніўні яго наведаў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і пакінуў запіс у кнізе гасцей.
Ахова і ўмацаванне здароўя, выхаванне прывычкі да здаровага ладу жыцця — у ліку першачарговых задач для педагогаў. Структурным падраздзяленнем Малагарадзішчанскай сярэдняй школы з’яўляецца рэсурсны цэнтр «Школа — тэрыторыя здароўя». Дарэчы, школа прызнана лепшай установай адукацыі ў раёне і занесена на Галерэю славы Ляхавіччыны.
— Нельга недаацэньваць і ролю экалагічнага выхавання. Без ведання прыроды і без любові да яе немагчыма чалавечае існаванне. Важна фарміраваць асновы экалагічнага выхавання з ранняга дзяцінства, бо пэўныя рысы асобы закладваюцца ў дашкольным узросце. На базе ляхавіцкага сада № 2 працуе дашкольнае лясніцтва «Лесавічок» — першае ў раёне. Шэфства над ім узяў мясцовы лясгас. Для юных натуралістаў пашылі адпаведную форму. Малышоў вучаць беражліва адносіцца да прыроды, ведаць прадстаўнікоў жывёльнага свету беларускіх лясоў. Дзіцячы сад з’яўляецца актыўным удзельнікам адукацыйнага праекта «Зялёныя школы», — паведаміла М. Саракавік.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлена аддзелам па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама