Фінал заключнага этапу рэспубліканскага агляду прафесійных дасягненняў сярод майстроў вытворчага навучання “Майстар года — 2024” прайшоў у НЦМТДіМ. Пераможцам стаў Аляксандр Валчкоў з Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Сёлета конкурс праходзіў у новым фармаце ў тры этапы пасля дзевяцігадовага перапынку. Вітаючы гледачоў і ўдзельнікаў, міністр адукацыі Андрэй Іванец канстатаваў:
— Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі на Рэспубліканскім педагагічным савеце, мы проста абавязаны захаваць прафесійную адукацыю, таму што менавіта чалавек працы — самы паважаны чалавек у нашай краіне. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы, мы сёння не проста захавалі сістэму прафесійнай адукацыі, а гэта практычна 290 каледжаў, больш за 360 тысяч навучэнцаў, але і сур’ёзна развіваем яе. Упэўнены, што ўсе канкурсанты, якія прынялі ўдзел і перамаглі ў другім этапе, прадстаўляючы кожную вобласць Беларусі і сталіцу, даказалі сваё майстэрства і прадэманстравалі, што сёння прафесійная адукацыя знаходзіцца на самым высокім узроўні і адказвае патрабаванням эканомікі, нашых прадпрыемстваў. Хачу падзякаваць кіраўнікам каледжаў за тое, што яны ўдзяляюць асаблівую ўвагу такой катэгорыі педагогаў, як майстры.
Таксама міністр выказаў упэўненасць, што адраджэнне конкурсу будзе чарговай прыступкай у развіцці і ўзняцці прэстыжу прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў нашай краіне.
Нагадаем, перш чым выйсці ў фінал заключнага этапу, канкурсанты ў анлайн- і афлайн-фарматах з 1 жніўня па 23 верасня дэманстравалі свае прафесійныя навыкі, творчыя і асабістыя якасці ў трох модулях: “Я — майстар” (творчая візітоўка), “Педагагічнае майстэрства” (дэманстрацыя прафесійных навыкаў), “Майстар-клас” (выкананне практычнага задання). А на сцэне Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі фіналісты прэзентавалі, бадай, самы крэатыўны модуль “Прафесія — новы фармат”: у 10-мінутным тэатральным паказе раскрывалі сучасны вобраз прафесій, паказваючы іх вартасці, запатрабаванасць на рынку працы, а таксама перспектывы працаўладкавання, прафесійнага станаўлення і росту.
Так, Кацярына Волкава з Барысаўскага дзяржаўнага каледжа, пагрузіўшы гледачоў у свет стылю і прыгажосці, азнаёміла з прафесіямі цырульніка і грумера. Кацярына Карчэўская з Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа расказала і паказала шмат цікавага пра мадэляванне і канструяванне адзення, здзівіла сваімі творчымі работамі і пазначыла магчымасці росту ў прафесіі для будучых мадэльераў-канструктараў. Самы малады ўдзельнік, 25-гадовы Вячаслаў Янаў з Гомельскага дзяржаўнага каледжа электронікі і інфармацыйных тэхналогій, наблізіў гледачоў і журы да разумення, што такое мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання. Ала Пракурат з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа не толькі прадэманстравала магчымасці і прыгажосць рабочай спецыяльнасці разьбяра па дрэве ці выканаўцы мастацка-афарміцельскіх работ у дызайне інтэр’ераў і будаўніцтве, але і паказала, якія іншыя будаўнічыя прафесіі можна асвоіць у каледжы.
Тройку лідараў журы было вызначыць няпроста, і ў гэтым годзе яна аказалася цалкам мужчынскай. Пераможцам і лепшым майстрам вытворчага навучання сёлета стаў 31-гадовы Аляксандр Валчкоў з Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа, за плячыма якога 9 гадоў стажу і асваенне ў родным каледжы спецыяльнасцей “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання”, “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”, а таксама вучоба ў РІПА і атрыманне спецыяльнасці перападрыхтоўкі “Прафесійнае навучанне” (кваліфікацыя “майстар вытворчага навучання”).
— Вельмі ўдзячны ўсім, хто дапамагаў рыхтавацца да конкурсу, — усяму нашаму дружнаму, згуртаванаму калектыву каледжа. Мы разам прыдумвалі і рэалізоўвалі творчыя ідэі, якія дапамаглі перамагчы, — гаворыць майстар года. — Мабыць, самым складаным для мяне быў апошні этап на сцэне. Сафіты, мікрафон, песні, жарты, танцы — гэта ўсё ў навінку. А вось урок вытворчага навучання, як і майстар-клас па кампетэнцыі “Электрамантаж”, — звычайная справа, бо я з’яўляюся трэнерам Магілёўскай каманды ў конкурсным руху ProfSkills Belarus.
Фота з сайта Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа
Гаворачы пра важнасць конкурсу, Аляксандр Валчкоў заўважыў, што кожны ўдзельнік атрымлівае неацэнны вопыт:
— Да таго ж падобнае прафспаборніцтва важнае і для папулярызацыі прафесіі майстра вытворчага навучання. Думаю, гэта вялікая прафарыентацыйная работа, якая школьнікаў знаёміць з прафесіяй, а сённяшнім навучэнцам каледжаў і майстрам-пачаткоўцам, якія прысутнічалі ў глядзельнай зале, дэманструе перспектывы і адкрывае новыя магчымасці для асобаснага, прафесійнага росту.
Другое месца заняў Павел Максімаў з Мінскага дзяржаўнага каледжа кулінарыі.
А вось трэцім стаў Міхаіл Аўсейчык з Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага.
Рэктар РІПА Валерый Галубоўскі:
— Сімвалічна, што ў Год якасці мы аднавілі традыцыю правядзення конкурсу “Майстар года”. Майстар — цэнтральнае звяно ў навучанні маладых людзей прафесійным навыкам рабочых спецыяльнасцей. Кампетэнцыі, якімі валодаюць сучасныя майстры лічбавай эпохі, максімальна звязаны з высокімі тэхналогіямі. Зараз у любой прафесіі ёсць высокатэхналагічнае абсталяванне, на якім майстар павінен умець працаваць сам, а таксама ўмець дакладна і даходліва перадаваць навыкі сваім падапечным. На розных этапах конкурсных заданняў нашы ўдзельнікі якраз дэманструюць гэтыя ўменні. Конкурс плануецца праводзіць рэгулярна, адзін раз у некалькі гадоў.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота і відэа аўтара