Бацькі ў ролі настаўнікаў: па суботах у гімназіі № 1 Наваполацка дзейнічае майстэрня «Таты і дзеці»

- 10:15Новости, Шестой день

У гімназіі № 1 Наваполацка дзейнічае майстэрня “Таты і дзеці”. Па суботах у ролю настаўнікаў тут ужываюцца таты і вучаць сталярнай справе сваіх дзяцей. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сямейныя падрады

Ініцыятарам незвычайнага праекта стаў мнагадзетны тата Аляксандр Лукашок, усе трое дзяцей якога вучацца ў гэтай гімназіі. Ідэя заключаецца ў тым, каб аб’яднаць бацькаў і дзяцей, даць ім магчымасць больш часу праводзіць разам за карыснай справай, а таксама навучыць хлопчыкаў асновам сталярнай справы, работы з ручным і электрычным інструментам. У сямейным падра­дзе таты і сыны сваімі рукамі майструюць падарункі, кухонныя рэчы, драўляныя цацкі і сувеніры, шпакоўні, малыя архітэктурныя формы, абсталяванне для спартыўнай пляцоўкі і інш.

— Карысць сямейных зносін цяжка пераацаніць. Нават калі гэта маленькі праект, трэба паставіць мэту і разам яе дасягнуць. А работа адразу некалькіх сем’яў дапаўняе адна адну: адзін тата добра ўмее свідраваць, другі — шліфаваць, трэці — збіваць дэталі. Усе адзін у аднаго вучацца. У такой цёплай атмасферы вырашаюцца любыя задачы, — тлумачыць Аляксандр Лукашок.

Майстэрня знаходзіцца ў асноўным корпусе гімназіі і працуе на базе кабінета працоўнага навучання. Заняткі праходзяць пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання Аляксея Васільевіча Качана. Ён прадумвае, над чым будзе працаваць іх творчая кампанія, і загадзя робіць загатоўкі. Часта дапамагае рэалізаваць і ўласныя задумы ўдзельнікаў майстэрні.

— Заняткі мы будуем так, каб не толькі я вучыў дзяцей. Настаўнікамі выступаюць іх таты. Гэта галоўнае ў нашым праекце. Сельскіх вучняў у нас няма, дач у сем’ях гімназістаў зусім мала. А дзе мужчынам займацца сталярнай справай? Дзе ім перадаваць свае ўменні дзецям? Дзе рыхтаваць сыноў да таго, каб у будучыні яны сталі гаспадарамі? Мы прапануем рабіць гэта ў нас. Кожную суботу да нас далучаюцца мінімум 5—6 сем’яў. Ужо сфарміраваўся касцяк тых, хто стараецца ніводных заняткаў не прапус­каць, хто кожныя выхадныя прысвячае сваім дзецям і сталярным заняткам. Я спецыяльна падбіраю такія заданні, каб як мага больш уменняў перадавалася дзецям — і мастацкага, і канструкцыйнага плана. Нядаўна мы збіралі дзіцячыя лавачкі. Таты паказалі, як злучыць дэталі, як іх запілаваць, як закруціць шрубавёртам. Мы хочам, каб і таты не забывалі, што яны самі, сваімі рукамі могуць змайстраваць што заўгодна і гэтаму навучыць сваіх дзяцей. Прычым не толькі сыны бываюць у нашай майстэрні, але і дочкі — і не толькі з татамі. На апошнія заняткі прыйшла мама, яны з дачкой таксама выдатна справіліся з заданнем. Не ўсе ж дзяўчаты любяць шыць, а дай ім у рукі шрубавёрт, самарэзы, адвёртку — і ўсё атрымліваецца. Мы запрашаем далучыцца да нас навучэнцаў іншых школ, з гэтага года — і дзяўчынак. Мы адкрыты для ўсіх, — гаворыць Аляксей Качан.

Заняткі ў майстэрні бясплатныя. А для гэтага яе трэба забяспечыць усім неабходным: і інструментам, і матэрыялам. Аб гэтым клапоцяцца і адміністрацыя гімназіі, і аддзел адукацыі, і Аляксандр Лукашок. Напрыклад, Аляксандр Мікалаевіч праспансіраваў набыццё некаторых інструментаў, падарыў рэйсмусавы станок. Педагог падключае да добрай справы і прадпрыемствы горада, якія выступаюць спонсарамі.

Аляксандр Лукашок паралельна рэалізуе некалькі сваіх сацыяльных ініцыятыў. Сярод іх — праект “Антыгеймер”, у межах якога дзеці і бацькі Наваполацка займаюцца спортам у сваіх дварах, ладзяць спаборніцтвы і майстар-класы.

Мужчынская тэрыторыя

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Вікторыя Сяргееўна Муравей адзначае:

— Большасць бацькаў мала часу ўдзяляюць сваім дзецям. Таму ініцыятыва Аляксандра Мікалаевіча аказалася вельмі правільнай. Мы з ахвотай падтрымалі прапанаваны ім фармат супрацоўніцва. У той момант, калі тата з сынам нешта майструюць, паміж імі ўстанаўліваецца важная сувязь, якая дапамагае ім уба­чыць адзін аднаго з іншага боку. Гэта нейкая сакральная сувязь. Такая камунікацыя вельмі каштоўная.

Дзевяцікласнік Багдан Дацэнка на заняткі ў майстэрню заўсёды ходзіць з бацькам. Хлопец адзначае, што іншага месца, дзе ён мог бы разам з татам сваімі рукамі нешта змайстраваць, няма. Таму яны абодва чакаюць суботу. У Рамана Мягкова і яго таты ёсць дзе правесці выхадныя з карысцю. Сям’я жыве ў прыватным доме, дзе заўсёды патрэбны мужчынскія рукі, а па выхадных яны будуюць дачу. Тым не менш тата Рамана ніколі не адмаўляецца ад пра­пановы сына схадзіць на заняткі ў гімназічную майстэрню.

Майстэрня працуе два разы на ты­дзень: па суботах — з татамі, а па аўторках — без бацькаў, толькі з настаўнікам. На жаль, не ва ўсіх дзяцей ёсць таты, таму для іх асабліва каштоўна не толькі павучыцца мужчынскай справе, але і ў асобе Аляксея Васільевіча знайсці таго дарадчыка, якога няма ў іх сем’ях.

Так, мама дзевяцікласніка Арцёма Ка­наваленкі рада, што сын мае такую магчымасць. Не менш рады і сам Арцём. Ён адзначае:

— Два гады, на працягу якіх дзейнічае наша майстэрня, я стараюся не прапускаць заняткі, нават у гэтым годзе, калі рыхтуюся да эказаменаў і, акрамя таго, шмат займаюся спортам. Мне падабаецца, што я сам магу прыдумаць, што буду рабіць, а мне на занятках дапамогуць. Усе свае вырабы я забіраю дадому. Напрыклад, я сам зрабіў падарунак маме на Дзень маці — падстаўку для торта.

Раней былі створаны падстаўкі пад тэлефон, пад гадзіннік, набор падставак пад кубкі. Цяпер хлопец задумаў зрабіць столік пад ноўтбук, каб было зручней ствараць прэзентацыі. У Арцёма ёсць свой гараж, які ён паціху пераўтварае ў майстэрню. У яго там ужо ёсць электралобзік, шліфмашынка і старэнькі рэйсмусавы станок (цяпер хлопец збірае грошы на новы).

— Я ўвесь дзень заняты ў школе, — гаворыць ён, — а пасля ў мяне трэніроўкі. Прыходжу дадому толькі вечарам. А мне не дае спакою, скажам, дошчачка з ясеню. У шматкватэрным доме позна шумець забаронена, таму я еду ў гараж і шліфую гэтую дошчачку. Часта кампанію мне складае мой сябар.

Крок лагічны — тэхналагічны

Аляксандр Лукашок марыць вывесці гімназічную майстэрню на новы ўзровень:

— Здорава, што дзеці ўмеюць праца­ваць рубанкам і напільнікам, але сёння гэтага недастаткова. Трэба ўступаць у высокатэх­налагічную сферу, вучыць дзяцей рэалізоўваць больш складаныя праекты. Для гэтага аснашчэнне майстэрні трэба паляпшаць, а ўзровень інжынернай падрыхтоўкі і рэалізацыі праектаў — павышаць. У прыватнасці, я хацеў бы, каб нашы падлеткі асвоілі ЗD-праектаванне і маглі самі спраектаваць мадэль задуманага прадукту і вырабіць яе на сучасным станку. Так яны асвояць поўны цыкл стварэння вырабаў. Важна, каб дзіця ад пачатку і да канца магло рэалізаваць задуманае. Гэтая адказнасць яму спатрэбіцца і ў дарослым жыцці. Над гэтым мы пачалі ўжо працаваць. Майстэрні мы падарылі ноўтбук для асваення праграм, абмяркоў­ваем набыццё мэб­лі і станка з праграмным забеспячэннем для апрацоўкі аргшкла, пластыку і іншых матэрыялаў. Убачыўшы поспехі майстэрні, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Ула­дзіміравіч Дзямідаў дапамог нам сродкамі на набыццё гэтага станка.

Некаторыя дзеці саромеюцца, што іх таты не чэмпіёны свету па футболе, не блогеры, і забываюць, што ганарыцца можна і тым, што іх таты — майстры з залатымі рукамі.

Куратар праекта Ірына Дабравольская адзначае:

— Сталярная справа ў майстэрні дапамагае дзецям і татам зблізіцца, што, бясспрэчна, паслужыць умацаванню сям’і. У сталярнай майстэрні разам з бацькам можна свідра­ваць, пілаваць, смяяцца, радавацца поспехам і дзяліцца марамі. Тут таты і дзеці ствараюць нешта вельмі каштоўнае — агульныя ўспаміны, якія пахнуць лесам, а яшчэ яны шурпатыя і цёплыя навобмацак. Разам яны канструююць патрэбную і прыгожую рэч, якая ў будучыні стане напамінам пра тое, што бацькі і дзеці выдатна ўмеюць працаваць разам, бо яны адна каманда.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены Ірынай Дабравольскай