У Полацкім кадэцкім вучылішчы адкрылі кабінет духоўна-маральнага выхавання. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ва ўстанове адукацыі, якая ўдастоена прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі “За духоўнае адраджэнне”, працягваюць работу па стварэнні духоўна-асветніцкага і культурнага цэнтра. Новы кабінет стане яго часткай. Асвячэнне памяшкання здзейсніў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін у саслужэнні епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація і свяшчэннікаў епархіі.
— Нават лепш атрымалася, чым бачылася ў праекце, — адзначыў кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы. — Многія з сённяшніх навучэнцаў кадэцкага вучылішча ў далейшым выберуць прафесію воіна, абаронцы Айчыны. Хтосьці будзе верна служыць ёй на грамадзянскай службе. Пры гэтым такія якасці, як патрыятызм, самаадданасць і любоў да Радзімы, любоў да блізкага — усё тое, чым заўсёды славіцца наша зямля і людзі, — выхоўваюцца цяпер. Сумеснымі намаганнямі закладваецца духоўная аснова ў падрастаючага чалавека. Святыя — вышыня дабрадзейнасці, духоўнай доблесці. Прыклады святых падзвіжнікаў, тым больш папярэднікаў, якія тут жылі, вучыліся, выкладалі, вельмі значныя для моладзі. Бо пабуджаюць задумацца пра жыццё і подзвігі тых, чыя памяць свята захоўваецца праз стагоддзі.
Чаму і сёння да іх звяртаюцца па дапамогу і яе атрымліваюць? Як праяўляецца подзвіг, як падыходзіць да яго чалавек? Што трэба, каб быць сапраўдным чалавекам? Важна, каб маладыя людзі разважалі на гэтую тэму, бо заўсёды ёсць месца подзвігу. І няхай сённяшняя знакавая падзея прынясе добры плён, будзе ўзорам не толькі для Полаччыны, Віцебскай вобласці, але і для іншых рэгіёнаў. Гэта трэба прымнажаць, пашыраць. Гэта фарміруе падмурак нашага грамадства і дапаможа ўсе жыццёвыя буры прайсці мірна, спакойна, упэўнена.
Сярод ганаровых гасцей урачыстасці былі кіраўнікі Віцебшчыны і Полацкага раёна, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый, якія дапамаглі ажыццявіць добрую справу. Благаславенне на яе дырэктар вучылішча Станіслаў Красоўскі атрымаў год назад у сценах Сафійскага сабора ад уладыкі Веньяміна, ідэю падтрымала Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава. У сумесным выніку ёсць уклад Беларускага фонду міру, асабіста лідараў гэтай арганізацыі Максіма Місько і яе абласнога аддзялення Таццяны Туманавай. Значную фінансавую падтрымку праекту аказала вытворчае аб’яднанне “Энергакамплект”. Адметна, што старшыня савета дырэктараў прадпрыемства Сяргей Падгайскі — выпускнік Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча.
На абразах у кабінеце духоўна-маральнага выхавання — выявы легендарных воінаў-абаронцаў, хто здзейсніў подзвіг пры жыцці і быў далучаны да ліку святых. Кожнае памяшканне мае асаблівы, глыбокі сэнс. Заняткі тут будуць весці як педагогі вучылішча, так і свяшчэннікі Полацкай епархіі. Як паведаміў Станіслаў Красоўскі, пра такі аб’ект ён разам з калегамі марыў яшчэ на стадыі праектавання цяперашняга будынка.
— У нас дзейнічае рэсурсны цэнтр па ваенна-патрыятычным выхаванні і ёсць выдатны музей Полацкага кадэцкага корпуса, пераемнікамі якога мы з’яўляемся, — расказаў дырэктар. — Мы цесна супрацоўнічаем з Праваслаўнай царквой. Кадэцкі корпус у Полацку — адзіная з падобных устаноў, два выпускнікі якой ушаноўваюцца як праваслаўныя святыя: гэта прападобны Варсанофій Опцінскі і мучанік Мікалай Акаловіч. Пры корпусе была храмавая царква. Наша тэрыторыя са старадаўняй гісторыяй, калісьці тут быў полацкі Верхні замак. Наступным крокам плануем адкрыць на падмурку Міхайлаўскай царквы ХІІ стагоддзя капліцу Архангела Міхаіла. Акрамя таго, набліжаецца 190-годдзе Полацкага кадэцкага корпуса. Рыхтуемся адсвяткаваць яго ў наступным годзе цэлым комплексам цікавых і значных мерапрыемстваў. Да слаўнага юбілею мы ініцыіравалі маштабны сацыякультурны праект “Патрыятызм — імя ўласнае”. Думаем, што ўдзел прымуць не толькі кадэты, але і моладзь з усіх рэгіёнаў нашай краіны.
Навучэнцаў у Полацкім кадэцкім вучылішчы амаль 300 чалавек. Больш за 150 яго выпускнікоў зараз набываюць профільную вышэйшую адукацыю, каб потым прыйсці на службу ў органы забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара