Актуальным пытанням духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання моладзі была прысвечана міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, якая адбылася ў Акадэміі адукацыі.
Удзел у канферэнцыі прынялі больш за 700 навуковых супрацоўнікаў і педагогаў з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі, а таксама прадстаўнікі духавенства і дэпутацкага корпуса.
Галоўныя задачы, якія стаяць перад педагагічнай грамадскасцю, па фарміраванні ў дзяцей патрыятычных пачуццяў і агульначалавечых каштоўнасцей адзначылі рэктар Акадэміі адукацыі Ірына Старавойтава і навуковы кіраўнік Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні навучэнцаў Галіна Нікалаенка.
— Духоўна-маральнае развіццё і выхаванне асобы ў цэлым з’яўляецца складаным, шматпланавым працэсам. Яго немагчыма аддзяліць ад жыцця чалавека ва ўсёй яго паўнаце і супярэчлівасці, ад сям’і, грамадства, культуры, ад краіны пражывання і культурна-гістарычнай эпохі, што фарміруе лад жыцця народа і свядомасць чалавека. Сфера педагагічнай адказнасці ў гэтым працэсе вызначаецца наступнымі палажэннямі: намаганні грамадства і дзяржавы накіраваны сёння на выхаванне ў дзяцей і моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі, пачуцця адказнасці за сваю краіну; адбываецца выбудоўванне зместу сістэмы адукацыі — ад фарміравання тэарэтычных уяўленняў аб духоўна-маральных каштоўнасцях да пераводу духоўна-маральных каштоўнасцей у структуру асобы, фарміравання ўнутранай гатоўнасці прытрымлівацца гэтых каштоўнасцей, — адзначыла ў прывітальным слове Ірына Старавойтава.
Мітрапаліт Ніжагародскі і Арзамаскі Георгій у звароце да настаўнікаў пажадаў ім з годнасцю выконваць сваю высакародную справу:
— Педагогі Расіі і Беларусі закліканы вучыць маладых людзей спазнаваць і беражліва адносіцца да культуры нашых продкаў, берагчы Айчыну, захоўваючы ёй вернасць ва ўсіх жыццёвых нягодах, імкнуцца да стварэння паўнацэннай уласнай сям’і. Гэтыя простыя ісціны выпрабаваны часам, і толькі з апорай на іх мы можам пабудаваць нашу Саюзную дзяржаву, грамадзяне якой здольны да ахвярнага служэння бліжняму.
Глыбокую думку наконт ролі настаўніка ў патрыятычным выхаванні навучэнцаў выказаў старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, кандыдат багаслоўя, протаіерэй Фёдар Поўны:
— Сёння многія педагогі сваю бездухоўнасць прыкрываюць духоўна-маральнай славеснасцю, а сапраўднае выхаванне настаўнік можа ажыццяўляць толькі прыкладам свайго жыцця, а не сухімі настаўленнямі. Сучасныя дзеці стаміліся ад слоў. Ім патрэбны перш за ўсё захопленасць, радасць жыцця і яркасць пазнання. І гэта не пра весяленне. Гэта пра справы, сапраўдныя і каштоўныя.
Менавіта пра такія справы расказвалі ўсе ўдзельнікі канферэнцыі. Алег Кузьмін, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, прэзентаваў вопыт супрацоўніцтва БПЦ і сярэдняй школы № 2 Івацэвіч. У гэтай установе адукацыі быў рэалізаваны праект “Храмы Івацэвіцкага раёна”, які лёг у аснову кнігі “Храмы і людзі” мясцовай благачыннай акругі. Экзэмпляр гэтай кнігі Алег Аляксеевіч падарыў супрацоўнікам Акадэміі адукацыі.
Першы прарэктар Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ протаіерэй Сяргей Маўсесян расказаў аб унікальнасці падрыхтоўкі выпускнікоў, якія могуць як працаваць у свецкіх установах адукацыі, рэалізуючы задачы па духоўным выхаванні дзяцей, так і стаць святарамі.
Вялікую цікавасць удзельнікаў выклікала інавацыйная практыка правядзення ўрока з падарожжам, якую прадставілі Барыс Гінзбург, загадчык кафедры гісторыі і грамадазнаўчых дысцыплін, і Вольга Марозава, старшы выкладчык Ніжагародскага інстытута развіцця адукацыі. Навукоўцы расказалі аб стварэнні адукацыйнай экасістэмы рэгіёна, якая спалучае традыцыйныя і інавацыйныя падыходы ў выхаваўчай рабоце, накіравана на рэалізацыю доўгатэрміновых праектаў па патрыятычным выхаванні дзяцей і падлеткаў.
Галіна Нікалаенка, падводзячы вынікі сустрэчы, адзначыла насычанасць канферэнцыі ідэямі па стварэнні эфектыўных мадэлей духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання моладзі. І ў Беларусі, і ў Расіі назапашаны багаты вопыт дзейнасці ў гэтым кірунку. Нам ёсць чаму павучыцца адно ў аднаго. А яшчэ нам надзвычай важна ісці разам — разам выхоўваць падрастаючае пакаленне і разам захоўваць мір на нашай зямлі.
Святлана МАЗУРЫНА
Фота аўтара